Ўвесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;
З роўнай меркай чакаць вечнаты й нябыцьця,
Заадно абыймацца з анёлам і гадам.
Не мяркуйся свой быт давясьці да канца,
Ня скрывіўшы ні каплі душою, —
Не сягоньня, то заўтра ўпрагуць малайца,
Запішчыш і здружышся з таўпою.
Днём з агнём не задумай ты праўду знайсьці,
Паспытаць, што за смак гэтай праўды, —
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты з ёю ў жыцьці?
Сам спужаешся гэтакай знайды!
Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,
Што сіротам дзьме вецер у вочы, —
Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,
Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!
Кажуць, кветку стаптала быдляча нага…
Няхай топча, і ты рабі тое;
Сам антыхрыст ня пойме, што нельга, што льга…
Ты ня стопчаш — цябе стопчуць ўдвое.
Мо‘ захочацца сэрца, каханьня, пяшчот…
Плюй, бо йнакш аплююць і самога,
Ліжы золату рукі і карк гні, як скот,
Купіш ўсё: сястру, брата і бога.
З сонцам з зорамі ўздумаеш збратацца, жыць,
Вольнай птушкай лунаці па сьвеце…
Сьмейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
Калі горшых ня хочаш пут меці.
Бачыш, косьці па полі зьбірае груган,
І твае так калісь зьбіраць будзе… Дык жыві-ж з сабой сам ці цьвярозы, ці п‘ян,
І з людзьмі так жыві, як і людзі.
Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;
З роўнай меркай чакай вечнаты й нябыцьця,
Заадно абыймайся з анёлам і гадам.
4-II—13 г.
|