Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Блізкім і далёкім

Ўвесь да дна… Блізкім і далёкім
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Мая вера
Іншыя публікацыі гэтага твора: Блізкім і далёкім.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЛІЗКІМ І ДАЛЁКІМ

Вам, цемратворцам блізкім, далёкім,
Шлю свой прывет і ласку ад сэрца;
Дзякуй шлю вам, шмялём сьлепавокім,
Дзякуй! Хай далей моц ваша прэцца!

Піце, смакчыце кроў маю з жылаў,
Будзе хай сьліўням, піяўкам завідна,
Рыйце, капайце брату магілу, —
Вам толькі гэткай працы нястыдна!

Можаце рыці, віцца, кусацца, —
Мне ўжо ня страшны рык ваш зьвярыны;
Вырвіце жылы, сэрца ня дасца,
З вашай крывавай вырвецца ціны.

Мне ўжо нястрашны крыўды аковы;
Любасьці братняй ясным пажарам
Кіну у попел цемры асновы
Гніць пад нагамі лозным папарам!

Жыў і бяз вас я, жыў і між вамі,
Толькі, як воблак, быў я свабодны,
Спутаць ня даў я дум ланцугамі,
Не аплуціў іх сьвіст ваш нязводны.

Дух мой свабодна з вашых цянётаў
Выйсьці здалее к яснасьці божай,
Не апаганен выйдзе з балота,
Далей, к высотам, шлях свой праложа;

Далей, дзе йшчэ беларуская думка
Зоркай сягнуці часу ня мела,
Дзе толькі злосна чорны птах крумкаў,
Дзе хітры зьвер паношыўся сьмела.

Дзе торг з адвечнай праўды зрабілі,
Сьлёзамі ўткалі радасьць і шчасьце,
Дзе толькі сонца звод не асіліў…
…Сонца ня вашай чэрні раскрасьці!

Славу маю ня вам, падваротні,
З гразьзю мяшаці хлысьцьбай падлыжнай, —
Сам я судзьдзёю! И прышлых лет сотні
Выдадуць суд свой правы, ня кніжны.

Вы мне маіх год не гадавалі, —
Летаваў сам я, зімку праводзіў;
Віхры і буры сілу давалі,
Крыльле даў новы промень на ўсходзе.

А хоць бяз часу ўдасца вам нетрай
Вычасаць гроб мне, косьці скрышыці,
Я не памру ўвесь, як ня мруць ветры, —
Будзе пракляцьце вам усім жыці.

Цень з таго сьвету ўстане мой ноччу,
Прыдзе пад вашы сховы гнілыя
І засьмяецца грозна у вочы,
Аж ваша хэўра гібельна ўзвые.

12-VII—11 г.