Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Першыя песьні

Песьняй толькі Першыя песьні
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першыя песьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫЯ ПЕСЬНІ

Першыя песьні — першыя чуткі
Шчасьце зазнаці хаценкі нясьмелай,
Першыя думкі вольнай мінуткі
Птушкамі вымкнуць насьвет гэты белы.

Што іх чакае, што іх спаткае,
Чым блаславяць маладога музыку:
Ці прыгалубіць ласка людзкая,
Ці заплююць яго сьмехам, прытыкай?

Грошы за песьню рэдка хто плаце,
Часта акінуць нямілым паглёдам;
Песьня поэту ўсё тут багацьце, —
Цешыцца, плача ў песьні з народам.

Што людзі скажуць, што зробяць з песьняй,
Бог з іхнім судам, насьмешкай, пахвалай!
Зганяць — дык будзе трохі балесьне,
Выхваляць — шчасьце хоць раз-бы спаткала.

Вечна рвучыся думкай да сонца,
Кепска нікому ня думаў ніколі,
А калі й кінуў лішняе слоўца, —
Гэта знак толькі жыцьця у нядолі.

Сьмерць пяўца возьме мо‘ і сягоньня,
Чорнай зямелькай накрыюць павекі,
Песьня жыць будзе, ў магіле ня ўтоне,
Блага ці добра — жыць будзе навекі!

1906 г.