Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Песьняй толькі

Мая вера Песьняй толькі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Першыя песьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьняй толькі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯЙ ТОЛЬКІ

Песьняй толькі на сьвеце жыву я,
Праз яе тапчу толькі расу;
Пасьцігаю, як ёй запаную,
Недасьціглую быту красу.

Са сьвятламі бязьмежна ўсясьвету,
Як сьвятло сам, лунае мой дух;
Аглядаю міры, як у сьне тым,
І жыцьцё абыймаю ўвакруг.

Над душамі, што шчасьця даўно весьць
Загубілі з адвечных нягод,
Я тварыў-бы нягадану повесьць
Вечных радасьцяй, вечных яснот.

Пяруны залатыя хапаў-бы,
Што у хмарах бушуюць агнём,
І страламі народны дух слабы
Развагняў, патрасаў-бы, як гром.

Млечны шлях, што нябесны дзядзінец
Засьцілае, я-б зьняў на зямлю
І масьціў-бы ім новы гасьцінец
Цераз родную ніву сваю.

Сонца ўзяўшы агністае ў рукі,
Што гарыць над бязьмерам палёў,
Я па млечным тым шляху бяз мукі
Чалавека да шчасьця-бы вёў.

Гэтак песьняй мой дух маладзіцца,
І на сьвеце жыву толькі ёй,
Хоць пішу кроўю гэты страніцы,
З свайго сэрца гарачай крывёй.

20-VI—13 г.