Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Сьмейся!..

Нашто? Сьмейся!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
У бяссонную ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьмейся!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬМЕЙСЯ!..

Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць,
Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся!
Можаш сэрца рваць, выці і клікаць, —
Можаш з сэрца свайго молат выкуць,
Толькі ўдарыць ня сьмей ім, а сьмейся!

Сьмейся сьмехам-сычэньнем праз скрогат
Перадсьмертны зубоў і расьсейся
Ў гразь жыцьця, ў пекла Дантава рогат!
Каб аж косьці ўстрасаў дзікі дрогат, —
На пацеху сьляпой дзічы, сьмейся!

*

Вырывай з сябе жылу па жыле,
Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесься,
І, пакуль, у зямлю не зарылі,
Хоць дух будзе шыпець у бясьсільлі, —
На сваіх вісі жылах і сьмейся!

Сьмейся сьмехам-скавытам вядзьмачым,
У віхровым пасьвісьце разьвейся,
І над сьветам разьюшаным, сьпячым,
Над жывымі трупамі і плачам
Ты лунай, вочы рві сабе… й сьмейся!

*

Ха-ха-ха-ха! Душу сваю выні,
Палажы на далонь і надзейся,
Што павераць табе, што ня згіне
Ўся прысяга твая ў чорнай ціне
Перасудаў людзкіх… Ха-ха! сьмейся!

Сьмейся сьмехам-хрыпеньнем быдляці
З перарэзаным горлам і грэйся
Ў гэтым храпе скрозь стогн і пракляцьце,
І ня важся да сэрца ўздыхаці,
Ласкі ждаць… Хоць крывёю, а сьмейся!

3-I—15 г.