Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Нашто?

Мой цень Нашто?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Сьмейся!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашто?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШТО?

Нашто губляць парывы чыстыя
Таемных дум сваіх, сваёй душы
Для тых, што стопчуць іх бязьлітасна,
Ці высмакчуць з цябе іх, як вужы?

Нашто трывожыць сэрца беднае,
Жаданьнем ласк, сардэчнага цяпла? —
Ўсё роўна збэсьпяць тваё сэрцайка,
Сьвятое вырвуць з яго ўсё датла.

Нашто, як жабраку, вымаліваць
Ўсё тое, што ты заслужыў жыцьцём?..
Знай, доля к тым ня прысуседзіцца,
Хто жабранінай гоніць дзень за днём.

Ідзі праз сьвет з вачмі адкрытымі,
Ў грудзёх гадуй, як сталь, і моц, і гарт,
Глядзі ўвакруг свабодным сокалам,
І крэпка знай, чаго ты ў сьвеце варт!

Не паніжай сам духа вольнага
І ў паніжэньне іншым не давай;
Над рабскаю таўпой асьлепленай,
Над злом зямлі у высь, да зор сягай!

15-II—15 г.