Ах, адкуль-жа гэта вестка,
Што ўдовіна нявестка
Мужа роднага зраклася
І чужому прадалася,
Як пайшоў муж на вайну
Ў чужа-дальню старану?
Спадабала маладога,
Як яшчэ ў жыцьці нікога, —
У садочак з ім хадзіла,
Зоркі ясныя сачыла.
Не знаходзіла аднэй,
Што сьвяціці мела ей.
А удоўка сыну піша,
Што нявестка ўжо калыша
У калысачцы малое
Не яго, але чужое…
Прыяжджай хутчэй, сынок,
Бяры жонку пад замок!..
Не бядуй, удоўка-маці, —
Ўсёй бяды не зьбедаваці —
З чужа-дальняе старонкі
Сын твой вернецца да жонкі,
Будзе суд над ёй судзіць,
Як з другімі ў сад хадзіць.
Стаў пісьмо сынок чытаці,
Што пісала ўдоўка-маці;
Каня быстрага сядлае,
І дахаты пасьпяшае,
Дзе яго чакае ўжо
Маці, жонка і дзіцё.
Як прыехаў ён дадому,
Ня йшоў кланяцца нікому,
Толькі жонку сваю ўбачыў,
Як над дзіцем горка плача. —
Даставаў ён востры меч,
Галаву зьнімаў ёй з плеч.
З маткай роднаю страчаўся,
Ня вітаўся, не прашчаўся,
Не маліўся спасу-богу,
Зноў каня сядлаў ў дарогу, —
З ветрам буйным ехаў жыць,
Галаву навек злажыць.
2-VII—13 г.
|