Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/V/Адступнік

Песьня Адступнік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Рунь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адступнік (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДСТУПНІК

Дажывае стара маці
Сірацінаю у хаце
Ў соннай волі, ў чорнай долі,
Як та груша сярод поля.

Мела сына, але сыну
Захацелася ў чужыну:
Ён пайшоў шукаць там шчасьця,
Або згінуць, запрапасьці,

Мела дочак, але дочкі
Пабрылі таксама ўпрочкі:
Тая замуж, тая ў службу
На нядолю, на нядружбу.

Дажывае веку маці, —
Ўжо ня можа з ложка ўстаці,
Кліча дочак, кліча сына, —
Але пуста ўся хаціна.

Сабраліся добры людзі,
Гаманілі: што-то будзе?
Са старою мала ладу —
Трэба даць якую раду.

І да сына лісты пішуць:
— Прыяжджай, бо ўжо чуць дышыць
Маці стара і маячыць:
Цябе хоча ўсё пабачыць.

Сын варочаўся з чужыны
Да матулі, да хаціны
Ні то князем, ні то панам,
Ні то трэзвым, ні то п‘яным.

Падышоў до ложка бліжай:
Маці сьпіць, як зьнята з крыжа;
Пахіліўся над ёй нізка,
Як яна здаўн над калыскай.

І старую разбуджае,
Нейкім словам пацяшае, —
Штось гаворыць і гаворыць, —
Тая слухае, як зморы.

Прыглядаецца матуля,
Што зрабілася з сынуляй:
Ён, ці не — стаіць у хаце,
Усё сіліцца згадаці.

І згадала, ой, згадала!
Енкнуць голасу сабрала,
Бы та каня над крыніцай: —
— Чужаніца, чужаніца!

Легла маці ў дамавіну;
Сын зноў ехаў у чужыну,
А за ім шумелі людзі:
Што-то далей з яго будзе?

22-II—14 г.