Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/V/Рунь

Адступнік Рунь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
I. Забытая карчма
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рунь (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУНЬ

Абходзіў зважна гаспадар
Свае абсеяныя межы,
Глядзеў, ці добра божы дар
На сьвет зірнуў з зямелькі сьвежай,

На небе воблачная сінь
Лягла пасьцілкаю махнатай,
А на зямлі, дзе вокам кінь,
Цьвіце, рунее рунь багата.

Над ёй круг сонца залаты
Плыўнём плыве, палае, йскрыцца,
За ёй, трывожачы кусты,
Бурліць, плюскочыцца крыніца.

На ўзьмежку, збыўшыся кары,
Тырчыць ігруша, як сухотнік,
Над грушай ястраб угары
Цікуе кінуты заплотнік.

Як вучыць нас варожбаў лунь,
Як варажыў і летась гэтак, —
Лёг гаспадар плашмя на рунь,
Стаў слухаць сёлета палётак.

Абняўшы рунь ляжыць, як сноп,
Жывых і мёртвых вызваў ў сьведкі;
Прысьмерціў сэрца, зморшчыў лоб…
І чуе руні шопат гэткі:

„Забіў ты бацьку, каб на рот
Адзін паменшала у хаце, —
Прышоў твой сёлета чарод,
Жніва табе не дачакаці!“

Ўстаў гаспадар! Як дурнап‘ян,
Сказ руні раны разварушыў…
Ён зьняўшы пояс-саматкан,
Павіс над руняю на йгрушы.

21-XI—18 г.