Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Благая жонка…

Пры выпіўцы Благая жонка…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Кацярына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Благая жонка…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЛАГАЯ ЖОНКА…

Апляла мяне нядоля
З неспакойнай бабай:
Ледзьве цягне ногі з поля, —
Вадзіцца-ж ня слаба.

Хоць яе мужык я родны, —
Цягам мучыць звадай;
Ці то годны, ці нягодны, —
Прычапіцца рада.

Як даўгі язык разваліць, —
Сам чорт не запрэча;
Век радню сваю ўсю хваліць,
А маю нівэча.

Што яна мяне здатнейшай, —
У вадным б‘е чыне, —
Разумнейшай, дасьціпнейшай,
Лепшай гаспадыняй.

Часта паласаваў пугай,
Валасы патузаў;
Скураной ня раз папругай
Наляпіў ёй гузаў.

Стану біць, запёршы ў клеці:
Дружна поўха скача;
І што-ж? Плачуць толькі дзеці,
І сама ўсьцяж плача.

І нічога, ой нічога
Ёй не памагае, —
Век браханьня абрыднога
Баба ня кідае.

Слухай, малец, будзь прыкладным,
Раджу не за грошы, —
Не паддайся вочам здрадным
Адзеўчыны харошай!

Не бяры жонкі выбрэднай
Ды ў багатай скуры,
Хай сабе ўжо будзе беднай,
Ды добрай натуры!

1906 г.