Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Пры выпіўцы

Душачка, шынкарка… Пры выпіўцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Благая жонка…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пры выпіўцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫ ВЫПІЎЦЫ

Вось і карчомка —
Вясёлы наш край!
Жыва, гэй, Шлёмка,
Гарэлкі давай!

Што там марудзіш
Ты, гэткі, такі?
Ў крыўдзе ня будзеш,
Як п'юць бедакі!

Наша багацьце
Нямоцна ні ў чым, —
Грошы ня хваце —
Заставу дадзім.

Толькі нам водкі
Давай, не жалей!
Век наш кароткі,
Зато п‘ём часьцей.

Дарма мы рвёмся
Нядолю змагаць, —
Водкі нап‘ёмся,
І гора ня знаць.

Там каля хатаў
Плач ходзіць з бядой…
Менск наш багаты —
Ён збавіць, як стой.

Возік каменьняў —
Тры злоты ўжо ёсьць,
Воз дроў, паленьняў —
Рубельчык — як госьць.

Вось і няскупа
Ўскашэліцца голь, —
Есьць штось на крупы,
А трохі на соль!

Рэшту ў сівусе
Мы ўтолім навек;
З чаркай, з Марусяй
Вясёл чалавек.

П‘ём водку, браце,
П‘ём ня быяк, —
Мей больш багацьця —
Пілі-бы ня так.

Жыва-ж, гэй, Шлёмка,
Гарэлку стаўляй,
Чаркай ды ёмкай
Ты нас надзяляй!

Весела, гучна
Час будзе ляцець,
Будзем піць дружна
І песенькі пець.

Ночка за чаркай
Пяройдзе, як стой,
Раніца ярка
Зардзіць над зямлёй.

Дымкай чырвонай
Зара замігціць,
Чарку чароўна
Сьвятло развагніць.

1906 г.