Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Душачка, шынкарка…

„Ня ўсе дома“ Душачка, шынкарка…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Пры выпіўцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Душачка, шынкарка…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУШАЧКА, ШЫНКАРКА…

Душачка, шынкарка,
Калі ў бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць трошкі!

Кепска трохі: грошы
Ня маю сягоньня,
Але-ж мяне знаеш, —
Я круціць ня ўмею.

Урэшце і заставу
Дам, калі захочаш;
Гэтага замала, —
Шчыра пацалую.

Эх, каб яго немач
З гэтакім і шчасьцем!
Ты і ў цям ня возьмеш,
Што спаткаці можа.

Так учора цьвёрда
Меціўся ня ўпіцца —
Бач, сваяк сустрэўся,
І глядзі, што вышла:

З сваяком пабіўся,
Чуць дамоў заплёўся,
Ўхлёпаўся ў балота
І пасеяў шапку,

А пасьля пахмельля
Смак ці знаеш гэты? —
І ў грудзёх трасецца,
І лоб як ня трэсьне.

Дык, шынкарка-сэрца,
Калі ў бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць капку!