Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Янка Канцавы

Песьня Янка Канцавы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Тутэйшы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янка Канцавы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КАНЦАВЫ

Янка Канцавы —
Гаспадар ня злом,
Гэткай галавы
Пашукаць з агнём.

Што ня зробіць ён —
На дзівы усім:
Дзівіцца Лявон,
Дзівіцца Яўхім.

Сонца на паўдня —
Ён тады ўстае,
Рухне, як сьвіньня,
Сядзе — пазяе.

Змыўся, рукавом
Выцер ное і, вот,
Бульбай з праснаком
Надзяе жывот,

Сяк ды так пад‘еў,
Вылез з-за стала,
Вопратку узьдзеў,
Шапку зьняў з кала;

Падышоў к вадзе —
Хочацца, знаць, піць —
І к рабоце йдзе,
Чуць нагой вурзіць.

„Сьлепака“ запрог
У саху з дугой —
Пугай шлёг, ды шлёг,
Ну, ваўкі з табой!

Як шнур запахаў
Гэты наш Янук, —
Ня знаць, ці араў,
Ці парыў парсюк:

Вытухшых зярнят
Па ральлі патрос;
Будзе збожжа шмат —
Мо‘ і больш за воз.

Ну, во ўжо і час
Выбрысьці з касой, —
Хто-ж ахвоцен з нас
Уставаць з зарой.

Янка-ж — маладзец!
Рана рад устаць.
Каб — пусты канец!
Не цягнула спаць.

Як там ні было —
Неяк пакасіў;
Жніва навярзло —
Стаў і павазіў.

Янка сяк, то так
Лета прамадзеў,
Стаў жыць ня быяк, —
Стаў есьць больш, як еў.

Хутка, да Пакроў,
Збожжа змалаціў,
Але чорт падвёў —
Чыншу не плаціў.

Стараста, як кнут,
Хоць як не прасі, —
Штодня тут і тут:
Чынш плаці, нясі.

Магазыньнік, той —
Ані адагнаць:
— Ссып мне, што вясной
Браў шнур засяваць.

Янка рад, ня рад,
А дыхнуць ані,
Быццам той скурат, —
Круціцца ў агні.

Толькі ўсё яму
Гора як ні ў чом:
Прэцца у карчму
З поўненькім мяшком.

Ёўна — хітры жыд,
Шмат жыў на вяку…
Цэлы рай адкрыт
Янку бедаку:

Шумна у карчме,
Янка водзе рэй —
Гэтым рукі жме,
Тым піць льле скарэй.

Тыча пад бакі
Сойкі для другіх;
Весялы такі,
Абымае ўсіх.

Лоўка падгуляў,
Выбрыў за карчму;
Гразі і канаў
Ўжо нямя яму.

Мчыцца, быццам пан,
Колы трах-тарах!
У вачох туман,
Немач ў нагах.

Прыляцеў на двор,
Зьлез, у хату йдзе,
Дзьверы ўжо адпёр,
Песьню ўжо вядзе,

Песьню-крык гу-га!
Увайшоў, глядзіць,
Аж тут качарга,
Як з нябёс, ляціць.

Ня ўсьпеў што сказаць, —
Трудна, — хлоп ды хлоп!
Ой, шалёны, знаць,
Хрысьціць бабаў поп!

Неяк жонку змог,
Выгнаў дзеці вон.
Спаць на печы лёг…
Май-жа райскі сон.
.........
Дзівіцца ўвесь сьвет,
Што так гол Янук,
Дзіваваўся дзед,
Дасца дзіву ўнук.

1906 г.