Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/«Шуман»

Не чапайся, панічок… „Шуман“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Нібы казка
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Шуман».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ШУМАН“

З Віленскіх абразоў

Ці то летам, ці зімою,
Сып да Шумана, друг мой! —
Там расстанецца з нудою,
Хто з кішэняй няпустой.
„Шуман“ Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Рэжа музыка ахвоча,
Песьні, гоман — за адно,
Страва, карты, хто што хоча,
Льлецца рэчкаю віно.
„Шуман“ Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Там сабой таргуюць дзеўкі,
Бацька, сын купляе іх;
Там хватаныя капейкі
Пераводзяцца у міг.
„Шуман“ Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Цешся, горад! Што там знача
Вёска з голадам, з бядой?
Хтось там стогне, хтось там плача —
Плюй, махай на ўсё рукой!
„Шуман“ Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Хто ў казіны рог ня зьехаў,
Хто з сумленьнем — справу знай:
Гэй, да Шумана на ўцеху —
Ўтапіць долю, славу, край!
„Шуман“ Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.

Вільня, 1909 г.