Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Нібы казка

„Шуман“ Нібы казка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Усё саюзы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нібы казка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НІБЫ КАЗКА

На сьвеце, на белым жыў Янка адзін,
Быў добры сусед ён і добры быў сын,
Любілі яго ўсе, на куце сядзеў,
Ніхто лепшай ласкі, як Янка, ня меў.
І праўда — з яго быў нішто чалавек,
І, пэўне, так зжыў-бы ён цэлы свой век.

Дзе жыў гэты Янка, там двор блізка быў,
Туды схадзіць часам наш Янка любіў,
Але — не на працу, а так-сабе, — знаць,
Пабыць з панічамі, жыцьцё іх пазнаць
І добра пазнаў ён і гэта жыцьцё,
Бо стала нямілым яму сваё ўсё.

А толькі, як Янка ня корчыўся ўвесь,
Ніяк цераз панскі парог не пралез;
Ні хорт і ні выжал цяперака стаў,
Ад вёскі адбіўся, ў палац не папаў.
У вёсцы ўсім страшны, глядзіць, нібы пан,
У двор-жа як прыдзе — такі самы хам.

Нарэшце дакучыла Янку жыць так.
Нырнуў сюды-туды, папаў нейкі знак, —
Прадаўся (так чуў) у нейкі чорны саюз
І гэй-жа ўсіх вабіць у гэты хаўрус!
Што станецца далей з героем маім,
Я вам раскажу другім разам аб тым.

1908 г.