Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Замаўчэце, думы…

Думы маркотныя… Замаўчэце, думы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
За што?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Замаўчэце, думы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАМАЎЧЭЦЕ ДУМЫ…

Як дуброваў шумы
Узімку ды ў марозы, —
Замаўчэце, думы,
Не наводзьце сьлёзаў.

Хоць так горка жыці —
Рэчкай гора льецца, —
Кінь, сэрца, тужыці,
Над чым сьвет сьмяецца.

Ня ўслухайся, сэрца,
Ня ўзірайцесь, вочы,
Што у паняверцы
Даць жыцьцё захоча.

Няпраўдай вялікай,
Душа, ня смуціся, —
За агульным гікам,
Хоць і страшна, прыся,

Сэрцам к сэрцу пылка
Рынеш небарака,
Дый цярпі — памылка; —
Там лёд ці вужака.

Ой, хоць так балесьне,
Гаротнік, крапіся,
К канцу з думкай-песьняй,
Як птушка, ня рвіся.

Замрэ з жалю голас,
Вораг паб‘е крыльле,
Будзеш, як той колас
Пасярод бадыляў.

Колас зломіць бура,
З зямлёю зьмяшае,
Табе жыцьцё збура
Нянавісьць людзкая.

Дык замрэце, думы,
Сэрца ня труцеце,
Куды ветраў шумы —
Туды ў даль ляцеце.

А далей ад сьвету,
Ад людзей найдалей,
І нясеце гэту
Песьню майго жалю.

Там хоць вецер можа,
Што гуляе ў полі,
Вас не патрывожа,
Пойме маю долю.

1907 г.