Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Зашумеў лес разгуканы

Пойдзем… Зашумеў лес разгуканы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Праз вайну
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зашумеў лес разгуканы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАШУМЕЎ ЛЕС РАЗГУКАНЫ

..........
Зашумеў лес разгуканы,
Нівы задрымалі,
Задрыжалі і тыраны,
Што бяду стваралі.

Зашумелі, загрымелі
Магутныя песьні:
„Доўга, доўга мы цярпелі, —
Доля, воля, ўскрэсьні!“

І глядзеце, што за дзіва!
Наракаць ня трэба —
Буйна ўзойдзе наша ніва,
Будзе волі, хлеба.

Дзе ляжалі дзірванамі
Панскія абшары,
Дзе казённыя вякамі
Пусьцелі гушчары,

Дзе была адна пустыня —
Елкі ды бярозкі, —
Поле будзе, пушча згіне,
Стануць хаты, вёскі

Загарыцца сонца смагай
Дух люду і сіла,
Доля, воля ясным сьцягам,
Зоркай узыйдзе мілай,
...........
Верце песьні — скора, скора
Гэты дзень настане, —
Ўжо ўздымае людаў мора
Праўды панаваньне.

Паўставаць будуць тыраны,
Але мы ня зьляжам,
Крывёй збрызгаем паляны,
А свайго дакажам.

Наша гора, нашы сьлёзы,
Кроў і пот крывавы
Стануць ў сьпёкі і марозы
За нашыя правы.

З грудзей нашых панясецца
Вір песень прымучых
І ў адзін голас зьліецца,
У адзін магучы.

„Сьмерць таму, хто хлеб астатні
Бедным выдзірае!
Сьмерць таму, хто на люд братні
Кайданы ўзьдзявае“!

2-VI—1906 г.