Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Пойдзем…

⁂ (Пакіньма напуста…) Пойдзем…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Зашумеў лес разгуканы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пойдзем…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЙДЗЕМ…

Пойдзем, сушачы вечных крыві й сьлёз разводзьдзе,
К лепшай долі з вялікай надзеяй,
Пойдзем, пойдзем туды, адкуль сонца ўзыходзе,
Адкуль вецер прыветлівы вее.

Пойдзем, кінуўшы скаргі, а дружна і сьмела,
Вайну ворагам выдадзім дужым, —
Пойдзем, пойдзем усе на вялікае дзела,
Досыць гніць у сьне марным, ланцужным.

Пойдзем шчасьце сабе будаваць нябылое,
Пакуль крэпкі і вера, і сілы, —
Пойдзем, пойдзем крышыць ўсё абманнае, злое,
Будзіць праўду паўстаці с магілы

Пойдзем, ўзяўшы за сьцяг свой і роўнасьць і згоду,
Жыцьця лепшага покуль ня знойдзем,
Пойдзем, пойдзем сабе здабываці свабоду,
Як адзін, як адзін дружна пойдзем!

27-XI—1906 г.