Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Лясная царэўна

Тканьне намёткі Лясная царэўна
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Сон
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лясная царэўна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЯСНАЯ ЦАРЭЎНА

Далёка — міль многа ад вёскі-сяла —
У лесе зялёным царэўна жыла, —
Царэўнай зялёнага лесу была, —
Жыла вечна ў ім, панавала над ім.

Твар мела сьвятлісты, як неба узор.
Карону насіла сатканую з зор,
З лісточкаў зялёных яе быў убор.
Павеўнай была, як імгла, як той дым.

Сама, як нягаданых казак напеў,
Век слухала лесу, што гімны ёй пеў,
З ёй цешыўся разам, з ёй разам цярпеў,
І вечар і раніцу з ёй спатыкаў.

Яна — як багіня (а лес той — як цар),
Купалася ў росах і ў каплінах хмар,
Праменьнямі сонца ўцірала свой твар,
А вецер ёй косы часаў, заплятаў.

За хмараю хмара, бег летаў і зім,
Агністыя зоры на небе нямым
Яе цалавалі паглядам сваім,
Яе, ненаглядную думку маю.

За песьняю песьня лунала над ёй
І казкі луналі таемнай сям‘ёй.
Царэўна мая ты, зялёны лес мой,
Я вашы і песьні і казкі пяю!

І ночкай і днём, перад сном, пасьля сна
Я тут каралеўна, — так пела яна, —
Я тут, як сіротка, паную адна,
Ня маю з кім баіць у гэтай глушы!

Галінкі лясныя, паслушныя мне,
То клоняцца ў дол, то шумяць ў вышыне,
Адно гаманяць аб зіме і вясьне,
А сэрца няма ў іх, няма ў іх душы.

Кароне маёй ўсё чагось не стае…
Што значуць мне белыя грудзі мае,
Мой голас, што досьвітнай птушкай пяе,
Агністыя вочы і рукі, як хмель?

Грудзьмі прытуліцца ня маю к каму;
Хто чуе, як голасам долю кляну?
Хто бача, як відню вачамі я цьму?
З кім лягу, рукамі абняўшы, ў пасьцель?

А лес ёй шапоча лісткамі штодзень:
Царэўна мая ты, мой высьнены цень,
К каленям тваім, згнуты сам да калень,
Люблю і малюся, як бачу, табе!

Ці-ж мала адданы табе я ўвесь час? —
Сваіх не шкадую расквечаных крас,
Лісткамі ўбіраю ў квяцісты абраз,
Цалую, мілую ў пакорнай мальбе!

Ад вока благога цябе бараню,
Гадую сьпявачую птушак радню,
Шумлю аб табе на сьвет цэлы і сьню
Аб сонейку роўным тваім хараству;

Улетку ўбіраю ў расьцьветы галін,
Зімою — ў брылянты пушаных сьняжын,
Зімою і ўлетку я — верны твой сын, —
З табою, табою, царэўна, жыву.

Чаго-ж не стае табе ў гэтай глушы?
Ты жджэш чалавечага сэрца й душы.
Падумай, царэўна, і дум ня сушы, —
Ты згінеш, як знойдзе цябе чалавек!

Я чую — ўжо гоман плыве з-за гары,
Ўжо точуць там людзі свае тапары;
Хто ведае, можа апошняй пары
З табой дажылі і загубім свой век.

Так пела царэўна, так лес адпяваў:
Ёй людзкіх хацелася ўцехаў, забаў,
Ён толькі яе знаў, яе мілаваў
І сеяў няверу ў яе да людзей.

О, лес мой зялёны, о, родны ты мой!
Лясную царэўну сваю супакой, —
Ўжо ёй ня мінуці дарожкі людзкой,
Ўжо прыдзецца збыцца кароны сваей!
...............

1910 г.