Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Тканьне намёткі

Мая эпітафія Тканьне намёткі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Лясная царэўна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тканьне намёткі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТКАНЬНЕ НАМЁТКІ

Угнявілі, знаці,
Бога грэшны людзі:
Засухай караці,
Як відаць, іх будзе.

Чатыры нядзелі,
Як дажджу ні капкі —
Ўсходы пажаўцелі,
Вянуць кветкі, траўкі.

Зямелька сухая —
Нарога ня ўбіці,
Сонца ня кідае
Як агнём смаліці.

З чалавечых твараў
Пот цурком ліецца,
Здаецца — ўсё з жару,
Сьвет гарыць — здаецца.

Быці неўраджаю,
Быці галадусе,
Для цэлага краю
Цяжка быці мусіць.

Чым небудзь, а трэба
Ублагаці бога,
Каб дожджыку з неба
Ён паслаў хоць троха:

Бярымось намётку
Ткаці гурмай, жыва,
Спагонім ахвотку
Над працай для ніваў!

Кабеты, дзяўчаты,
Борзьдзенька зьбірацца
Да аднае хаты,
Да супольнай працы!

Ты бяры, Маланка,
Мяліцу лён цёрці,
Трапло бяры, Ганка,
Кастрыцу абдзёрці!

Данілісе шчоткі
Лён часаць прынесьці,
Дзьвух дачок Дароткі
Мусяць прасьці сесьці.

Ды хай кожна зносіць
Што небудзь — сказаці!
Кросны мае Зося —
Там і будзем ткаці.

І вось усёй вёскай
Сабраліся ўрэшце.
Нуце, ласкай боскай
Сьвет, бабы, пацешце!

Дружна і ахвотна
Бяруцца за дзела:
Трэба, каб намётка
К вечару пасьпела,

Адна ломіць жмені,
Чысьціць іх другая,
Трэцьця трэпле ў сенях,
Кастру выбівае.

Увязваюць тыя
Да прасьніц кудзелі,
К гатовым другія
Прасьці жыва селі.

Вось трохі напралі, —
На маткі зьвіваюць,
Калкі паўбівалі,
Снаваць пачынаюць.

Спралі ўсё, што спрасьці
Ў дзянёк мелі гэты,
Сталі ў берда класьці
Аснову кабеты.

На навой праз берда
Аснову ўскруцілі,
А роўна і цьвёрда
Ў чыны зарадзілі.

Да нітоў прыгналі
Панажы два ў доле,
Цэвак насукалі
І ткаць сталі зволі.

Паволі — спачатку,
Хутчэй — што раз далей,
Вось і ўсё! Ў канчатку
Губку адаткалі.

Губку не малую:
Локці два бяз мала! —
Колькі на такую
Сьцяну пражы стала,

Памыць крыху ўрэшце —
Хай бялейшай стане,
Ды ў царкву занесьці
І ждаць зьмілаваньня.

1907 г.