Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Маладая Беларусь

Мая доля Маладая Беларусь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Што ты сьпіш?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладая Беларусь (Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ

Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка,
Што гібела сталецьці ў бяспуцьці, ў пацёмках, —
Гэй, скажы, скуль цяперашня слава твая?
Гэй, ты, гэй, Беларусь маладая мая!
...................
Не з вясёласьці яснай, ня з ясных палацаў,
А з канаючай крыўцы ў пахіленай хатцы.
Вызываная праўдай, таптанай, жывой,
Я ўзышла, расьцьвіла непагаслай зарой.

Дарма хэўры чужынцаў мяне застаўляюць
Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць.
І апекай сваёй зьневажаюць мяне, —
З сваім людам ня дамся ў сваёй старане.

Ні насьмешак, ні постраху ворагаў сільных.
Ня пужаюся й песень панурых, магільных, —
Сьвету цэламу лжывыя вочы пратру,
Што ўладарка я тут, не ўмярла і ня ўмру.

Гартавана сьлязьмі і крывёю народу,
Разаб'юцца цяпер аб мяне ўсе нягоды,
І дзе ўпадак быў мой, стане думна сын мой,
Повен волі і славы, нязломнай ступой.

Я сьвятла іскры ў думках бяздольных засею,
Аднаўлю сэрцы іхныя гартам, надзеяй,
Пакажу ім жыцьця іх праўдзіву зару,
На развалінах нову ўсябытнасьць ствару.

І ад краю да краю, ўсё далей і далей,
Моц мая разальлецца нязможанай хваляй,
Песьняры аба мне будуць песьні складаць,
Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць.

Грамадзянская згода, супольнасьць загосьце,
Аж усьцешацца прадзедаў цені і косьці,
Слоў унука ня зглушыць ніякі прымус,
Што ён роднай зямлі верны сын, беларус.
...................
Гэй, ты, гэй, Беларусь маладая старонка!
Уставай-жа, ўставай з паніжэньня, з пацёмкаў.
Хай жа будзе нязможана ўлада твая!
Гэй, ты, гэй, Беларусь маладая мая!

Вільня, 12-I-1909 г.