Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/На службе

Ня тужы На службе
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Ня дружы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: На службе (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СЛУЖБЕ

Эх, праклятая доля мая,
Ненавісная служба — прыгон!
Смокча кроў з мяне пан, як зьмяя,
Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон.

За ліхую заплату з душой
Маю радасьць, быдлё, абакраў,
І, ў палон мяне звабіўшы свой,
Крыві мала — жыцьцё б адабраў.

Ці нядзелька, ці сьвята мне ёсьць,
Ці як людзі гуляў я калі,
Ці ў мяне пагасьціў добры госьць,
Ці мне добрае слоўца далі?

А ня з дзерава сэрца маё,
Не вада ў маіх жылах плыве,
Мае вочы і твар ня трухлё,
Замест дум не сьмяцьцё ў галаве.

Як і людзі хацеў-бы я так
Пагуляць, на бяседзе пабыць,
Пасьпяваць аб жыцьці небарак
І з дзяўчынай-красой падружыць.

Ды праклятая доля мая,
Ненавісная служба — прыгон!
Смокча кроў з мяне пан, як зьмяя
Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон.

1906 г.