Эй, дзяцюк малады, ня тужы,
Не глядзі ты скрозь сьлёзы на сьвет,
Ідзі ў двор і там пану служы,
Як служыў, і твой бацька, і дзед.
Там працуй і гаруй, маладых
Сваіх сіл на чужых не жалей,
Мазалёў не жалей ты сваіх,
Як крыві не жалеюць тваей.
На багатых папекайся век,
Век сваёй цемнаты знось глушу,
І забудзься, што ты чалавек,
І забудзься, што маеш душу.
Хай палац за твае за труды
Гучнай музыкаю загрыміць,
Хай сагнуцца сталы ад яды,
Песьня п‘янае ўцехі хрыпіць.
Хай твой пот, якім росіш зямлю,
З сытых твараў пальлецца цурком,
Хай за горкую долю тваю
Вінаградным уп‘юцца віном.
Дык, дзяцюк малады, ня тужы,
Не глядзі так скрозь сьлёзы на сьвет, —
Ідзі ў двор і там пану служы,
Як служыў і твой бацька, і дзед!
16-X-1906 г.
|