Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Урывак з поэмы

Уступ да поэмы Урывак з поэмы
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Урывак з драматычнай поэмы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Урывак з паэмы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УРЫВАК З ПОЭМЫ

Дзе хмары чэзьлі, то зноў вісьлі
З-пад зор, з-пад блудных сьветачоў
Ні вокам людзкім, ані мысьляй
Нязгадны цень ка мне зышоў.

І за руку маю узяўшы,
На высь узьвёўшы хат вышэй,
Сказаў: — глядзі — во ўсё тут наша, —
Глядзі, цярпі і разумей!

Ляглі нязгледжаныя далі
(Як сокал, бачыць мог я ўсё),
Пустыні вецьвем замахалі,
Паляны множылі жыцьцё.

Між гор шапталіся крыніцы,
Ляпіўся мох да стрэх з драніц,
Тырчэлі хвойныя капліцы,
Цьвілі магілкі ля капліц.

Было знаць неякае сьвята
Няшлюбных з новізнай людзей, —
Шарсьцелі сьвітачныя шаты,
Лаза ўхмылялася з лапцей.

Гудзеў, каціўся звон вячовы,
Пужліва бор-леc падцінаў,
Ля цёмнай вецьвістай дубровы
Народ зьбіраўся і чакаў.

Адны ў руках трымалі дары
Сваім прыбліжаным багам,
Другія ўспаміналі чары,
Шоў гоман сьцішны сям і там.

Жалейкі, дуды красавалі —
Прылады свойскія музык,
Цапы і вілы ў высь сягалі,
Як быў абшар далёк, вялік.

Народ чагосьці зьнябываўся,
Гуд недавольства плыў і плыў, —
Прызваньне чулася ня ў часе,
Нясьпелы колас рваўся з ніў.

Так хваляваўся гмін народны,
Пад высяй тэй, дзе я стаяў,
Дзень варажыўся быць лагодным,
Вей-вецер воблакі зганяў.

Чагось чакалі грамадзяне,
Ў вачох палаў надзеі жар, —
Пад сьмерць, здаецца, кожны стане,
Адвагай мятусіўся твар.

І вось у гэтую часіну
Да іх там дыбаў цудадзей,
Слуга патайнасьці прадзіўнай,
Надчалавек, хоць і з людзей.

Яму слухмяны былі хмары,
Народу сказ даваў свайму:
Якія мільшыя ахвяры
Багам, панятлівым яму.

Зрабіць, раскідаць мог ён дзівы,
Накінуць чары сяк і так;
Быў гэты верны і праўдзівы
Паганскіх мольбішчаў стражак.

Як толькі стаў паміж народам,
Заціх вячовы пераклік,
І ўзьбегла песьня карагодам,
Ёй пакарыўся мал, вялік.

Здаецца, сонца яе чула
І просты зьвер, і ваўкалак,
Усіх, здаецца, ўскалынула…
А песьня пела, пела так:

ПЕСЬНЯ-МАЛІТВА

О, богі рэк, лясоў і ніваў!
Даж-бог, багамі сьвету дан,
Пярун блыскотны і грымлівы,
І ты, Купала, сьветач тайн, —

Зірнеце міласьцяй сваею,
Ўсе моцы вышлеце на бой,
Хай распапеляць зла навею
Над упадаўшай стараной.

Цярэбіць стальнаю сякерай
Прыблуднік нашыя лясы,
Ў свае цянёты вабіць зьвера,
Сьвятыя топча верасы.

Князі, накліканыя намі,
Разлікі між сабой вядуць,
Лукі з атрутнымі страламі
Проць нас сьпяшацца нацягнуць.

Адлогам лягуць скора нівы,
Узьняты нашаю рукой,
Крыніц жывыя пералівы
Закалатушацца крывёй.

Адна на вас надзея, богі,
Нясем належную вам дань,
Зірнеце ў нашыя парогі,
Паўстанем — клікнеце: паўстань!


Натхнёна гэтак пеў, заводзіў
Вой чалавечы на свой лад, —
Рака шуміць так у разводзьдзе,
Так стогне ў буру сосен рад.

Замерла песьня. Грозна рэхі,
Пайшлі па пушчах, па лясох,
Аж сьціхлі птушчыныя сьмехі,
Аж вецер сьцішыцца ня мог.

З пакорай зьвесіўшы галовы,
Стаіць народ, маўчыць народ;
Сказаць аўтарнік мусіць слова,
Ня дарма з неба вядзе род.

Тады ізноў пачуўся голас
Даж-бога вернага слугі, —
Шуміць насьпелы гэтак колас,
Па ніве коцяцца кругі:

— Нам трэба к бою рыхтавацца, —
Ня сьпіць над намі вораг наш, —
Нам трэба сілаю трымацца
Сваіх сьвятынь, духоўных паш!

Вось я, пастаўлены над вамі
Вышэйшай моцай небных сіл,
Старэйшы думкай і гадамі,
Зьмятаю ашуканства пыл.

Пара, пара ўжо агарнуцца
І гартам высталіць свой дух,
Пакуль здрадліва пранясуцца
Званы заломных злыбядух!

Сваёй рукой я прызначаю
Дванаццаць выбраных між вас, —
Жалейку кожны атрымае
І перайме такі наказ:

З жалейкай кожны хай сваею
Не расстаецца ўвесь свой век,
Заве і верай і надзеяй
Сьлязу і ўцеху з-пад павек.

Радзімым словам у цярпеньні
Зьвініць пагудкаю братом,
І з пакаленьня ў пакаленьне
Перадавае сваяком.

Дакуль свайго ня здрадзіць слова
Свая народная рука,
Датуль з галін сьвятой дубровы
Чужняк ня сьцягне і лістка,

Дык вось жалейкі вы бярэце,
Ў дванаццаць месц кладзеце сьлед:
Дванаццаць ветраў сустракнеце
Дванаццаць выправіце ў сьвет!

Дзе толькі ступіце, зьнямее
Нямая чорная напасьць,
Ніхто чапіць вас не пасьмее,
Усякі вам дарогу дасьць.

Трутнёў ня будзеце забавай,
Краіны вольнае сыны,
Прамчыцца бурна ваша слава
На ўсе чатыры стараны.

А нашы хаты, нашы сёлы
Хай з думкай носяцца аднэй:
Як гэты вобшар невясёлы
Абхарашыці багацей.

Хай ставяць цьвёрдыя запоры
Перад навалаю чужой,
Глядзяць і моляцца на зоры
Усёй раднёй, усёй сям‘ёй.

Цяпер прашу вас адабрацца
Ў вянок адборных галасоў:
Дзяўчат дванаццаць па дванаццаць
І столькі сама дзяцюкоў.

Агонь аўтарны разлажэце,
Ахвяру небу аддадзім,
Няпраўды толькі ня будзеце,
Хай сьпіць пад полагам сваім.

І песьню сьпейце на прашчаньне, —
Мы, старцы, будзем слухаць вас, —
Дзядом хай нашым лёгка стане,
Што вера, песьня госьце ў нас.

І стала так, як старац гэты
Сказаў пакорнай грамадзе, —
Аўтар заняўся перасьветам,
Ад песьні розгалас ідзе.

На небе зьмены загасьцілі.
Вясёлак выплылі кругі.
Патайна хмары гаманілі,
Лучыўся з песьняй шум глухі.

Але вось з захаду, з-за бору,
На від ня мал і не вялік,
У чужаземецкім уборы
Брыдзе-йдзе нейкі чараўнік.

З-пад сьвіткі чорнай даўгаполай
Блішчэла бляха наўскасяк,
Пры боку меч матаўся голы,
На сьвітцы — нейкі страшны знак.

Народ зьдзівіўся, як загледзеў,
Заварушыўся, зашумеў:
Вы так ня рушыцесь, мядзьведзі,
Ты так ня страшны, сільны леў!

Аўтарнік тайную малітву
Паціху над людзьмі тварыў, —
Ён бачыў будучыя бітвы,
Ён новых ворагаў адкрыў.

— Скажы: скуль ты? якому сонцу
Твая паклон б‘е старана? —
Зьвярнуўся так да незнаёмца
Прыбочнік верны Пяруна. —

Чаго прышоў, чаго ты хочаш
Ад гэтых жыхароў пустынь?
Чым нашы душы замарочыш?
Пакінь ты лепей нас, пакінь!

З цябе нядобры вецер вее,
Па трупах ты, відаць, ішоў.
Скажы нам, хто цябе асьмеліў
Да нашых збліжыцца каўшоў?

— Чакай, чакай, так не расходзься!
Ня трэба слова мне твайго:
Я з далі дальняй к вам прыплёўся, —
Пасланец бога я свайго.

Я вам нясу другую веру,
Я вам нясу багоў другіх,
Вам толькі адчыняці дзьверы
І гнаць багоў старых сваіх.

Хлеб свой ад‘елі богі вашы,
Мой бог — зямлі ўсёй чыста бог!
Багоў я вашых ім адстрашу
І кіну вас да яго ног.

Так гаварыў прыблуднік ночы,
Народ і слухаў, і маўчаў,
Але як скончыў, люд ня змоўчыў:
Разгаманіўся, закрычаў:

— Як сьмееш зьдзекавацца гэтак
Ад свайго бога-павука!
Цямрук ілжывы, прайдзісьвета,
Пасол ты ліса ці ваўка!

Прэч, прэч! З сваёй сьвятой павагай
Прышоў нас толькі зьневажаць!
Заплоціш сьмерцю за зьнявагу, —
Багоў ня нашых табе гнаць!

Як шум асеньняга вятрыска,
Лунаўся розгалас сьляпы,
Тапор завостраны заблыскаў,
Грымнулі вілы і цапы.

Людзкое помсты дух узьняўся,
Ста віхраў сьвісты ніпачым,
Суд і расправа пачалася
Над тым прарокам прыблудным.

Крыві расіны заблішчэлі
На чорнай стоптанай зямлі;
Лёг незнаёмы на пасьцелі,
На тэй, дзе ўсе на той сьвет шлі.

Дубовай кованай лапатай
Глыбокі выкапалі дол,
Злажылі брата ці ня брата
Сыны крывіцкіх ціхіх сёл.

Уняўся гоман надхаўтурны,
Запанавала цішына;
Пагляд паважны і пахмурны
На час адзела старана.
...........

1910 г.