Скінь, мой дружа, пыху з сэрца,
Скінь, вазьмі паслухай,
Што хачу тут расказаці
Думкай-маладухай.
Так, па-простаму, па-свойску —
Не магу іначай —
Стану баіць, гаманіці
Аб жыцьці лядачым.
Сэрца сэрцам закалыша,
У душу загляне, —
Клок жыцьця людзкога возьме
І варочаць стане.
Хоць-жа высьмееш мо‘ слова,
Злосьці кінеш грудай, —
Хай па-твойму будзе, дружа, —
Жалю мець ня буду.
Вось, калісьці, як узваліш
Лет на плечы многа,
Ўспомніш гэту казку-праўду
І ўздыхнеш з трывогай.
Курганоў-магіл бяз ліку
Накапаюць людзі, —
Ўсё схаваюць — шчасьце, волю, —
Праўда жыці будзе.
Там, дзе Нёман віці гоне,
Дзе Вільля лялее,
Там, дзе песьня аб Дунаю
Век плыве, як вея, —
Ў гэтым краі, ў Беларусі
Чаго ты ня ўбачыш!
Ажна сэрца затрасецца
І душа заплача.
Ці то пушча, ці то поле,
Ці гасьцінец біты,
Ўсё аплакана людзямі,
Ўсё сьлязьмі абмыта.
На сьвет вывесьці ўсё чыста
Сьвету апісаці, —
З сэрца мусіш мець паперу,
Ў кроў пяро мачаці.
Сумаваці мусіш гэтак,
Як сумуюць хмары,
І зіхцець, як зіхацяцца
Сонцавы пажары.
Як твой воблік запануе
Зорна і крывава, —
Мо‘ тады калі што выйдзе,
Мо‘ дакажам славы.
1909 г.
|