Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Акоў паломаных жандар…

З угодкавых настрояў Акоў паломаных жандар…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
У вырай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Акоў паломаных жандар…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АКОЎ ПАЛОМАНЫХ ЖАНДАР…

На полеміку ў „Сав. Беларусі“ аб беларускай мове

Акоў паломаных жандар,
Сьліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расійскі чынадрал,
„Слуга оцечаству, цару“.

Ен сьніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір…
О, Русь! Прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб
Ня кіну я, і расьцярзаць
Ня дам дзяржаўнасьці „оплот“,
Цябе, „единую“, о, маць!

Здарма-ж двуглавы твой арол
Праз векі ў кіпцюрох трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў мільёны?.. Нездарма!

У твой ланцуг былі, о, Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украйна, Польшча, Беларусь
І сотня іншых „языкоў“.

Цяпер, што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь…
Рэспублікі!? Ды з „языком“
З іх лезе кожная ўсур‘ёз.

А ты, о рускі мой „язык“!
Мой „обшчарускі“, што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Еўропы!..

І свой сон
Сьніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасьцерці чорны цень.

Ён, гэты скінуты сатрап,
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй „языкі“ ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як сьмерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сьцюжную зіму
У школку пазнаваць жыцьцё.

Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..
О, стыдна, рускі „гражданин“!

Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім-жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.

Былых ня выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных ня скуеш акоў,
З якой брахнёю ня вылазь!

5-VI 1926 г.
Акопы