Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/З угодкавых настрояў

Летапіснае З угодкавых настрояў
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Акоў паломаных жандар…
Іншыя публікацыі гэтага твора: З угодкавых настрояў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З УГОДКАВЫХ НАСТРОЯЎ

Да дзесяцігодзьдзя Кастрычніцкай
рэволюцыі

1

Як пабег тады той
Вокліч ды па хатах
— Гэй, на сход зыходзься!
Дзень ідзе расплаты.
Выпала часіна
Падвясьці зьлічэньне
Крыўды векавечнай,
Вечнага цярпеньня.
Помстай за зьнявагу
Ды за катаваньне
Дзякаваць удзячна
З вечара да раньня.
Кузьні і палеткі
Чысьціць днём і ночай
Ад крыві мужыцкай,
Ад крыві рабочай.
Хай дымяць пажары
Тут і там крывава,
Каб было скрозь відна
Як ідзе расправа.
..........
І ўздрыгнуў сатрапа,
Задрыжэў багаты,
Як пабег тады той
Вокліч ды па хатах.

2

„Ад тайгі да Брытанскіх марэй“
Ходзяць ходам бунты;
Ад магнацкіх, ад панскіх дзьвярэй
Затрашчэлі шпунты.

Уцякай, хто пад пухам апух,
Падкасаўшы полы!
Бо збудзіўся збунтараны дух,
Бо йдзе босы, голы.

Як увысі ў вырай плылі,
Гагаталі гусі,
А ўнізе гнуўся лес да зямлі,
Нібы старац гнуўся.

Дзе сякуць, там лятуць шчэпкі проч,
Соладка ці горка;
Дзе прапала кароўка за ноч,
Прападай вяроўка.

Іржуць коні, калёсы скрыпяць
Ад Дону да Бугу
Калі гнаць, то ўжо гнаць аж у гаць,
Расьпінай папругу.

Ня прыставіш да сьценкі, цябе
Аж да дзьвюх прыставяць,
І ніхто ні ў мальбе, ні ў кляцьбе
Ад пятлі ня збавіць.

Гэй, каваль! Дзьмі ў мяхі, а сталь грэй.
Да самага грунту!
„Ад тайгі да Брытанскіх марэй“
Ходзяць ходам бунты.

3

Ня елася, ня спалася,
Куды там падвяселіцца!
Як гэта раскілзалася,
Чырвоная мяцеліца.

Ідзе моц непакорная,
А сьледам — кпіны, гоманы,
Як тыя дымы чорныя
Над пушчаю паломанай.

Шушукалі, хіхікалі
Падсуседзі дасужыя,
Назад вярнуцца клікалі —
З натугі, бач, нядужае.

— Куды вам лезьці з віламі?
Так пальцам з боку тыцкалі
Як выйдуць проць з крапіламі
Ды з кулямі англіцкімі.

Ня справіць вам уходзінаў
На новае паселішча,
А сьцежка вамі пройдзена
Абернецца ў папелішча.

Супроць сусьветных правілаў
Ня вам ісьці з паходняю…
Так сыкала, так правіла
Падсуседзтва прыгоднае,

4

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

Запалялася сонца аб сонца
Агніста,
Пасыпаліся косьці пасыпкай
Вячыстай.

Рассыпаліся прыскам палацы
І вежы.
Гудам водгульле-рэха ляцела
За межы.

А з-за межаў — чужынцы, як злыдні,
На пашу,
Каб суняць вызваленьне і помсту
Паўстаўшых.

Тры-чатыры так восені шчэзьлі
Руінай,
Як змаганьне ішло пераможна,
Няспынна.

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

5

Зацымбалілі цымбалы,
Забубнелі бубны,
Як вярталіся з паходу,
З бойкі вельмі труднай.

Сустрачалі маткі, сёстры
І з блізка, і з даля,
Адны плакалі ад шчасьця,
Другія ад жалю.

Падлічалі, вылічалі,
Шмат не далічылі…
Ой, вяліку дань аддалі
Варожае сіле!

Ля гасьцінцу, ля дарогі
Курганок віднее,
А на ім штогод вяночак
З беленькіх лілеяў.

Не забылі добры людзі
Ваяка за долю,
Што злажыў сваю галоўку,
Як травінку ў полі.

Не забылася дзяўчына
Курганка ля шляху:
Кожны год вянок прыносіць
І кладзе бяз жаху.

Зацымбалілі цымбалы,
Забубнелі бубны,
Як вярталіся з паходу,
З бойкі вельмі труднай.

6

На дзесятыя угодкі,
Хоць ноч доўга, дзень кароткі, —
Разважае ўвесь народ,
Які вышаў умалот.

Дзе якое было жніва,
Ці ўрадліва, ці шчасьліва:
Суды судзяць так і сяк,
Хто прасьцей, хто накасяк.

*

На дзесятыя угодкі,
Паламаўшы загародкі,
Меншы, большы гаспадар
З перамогі цягне дар.

Той сноп жыта, той аўчыну,
Той шасьцерню на машыну,
А кум — куму, свату — сват:
Хай жыве ўжо новы лад!

*

На дзясятыя угодкі
Варма вараць мёд салодкі,
А па мёдзе — рукі ў бок
Ды у скокі крок-у-крок!

Скача горад, скача вёска,
Адно іскры з-пад падноскаў…
Скачы, ўнуча, скачы дзед,
Ад пабедаў да пабед!

29-X 1927 г.
Менск.