Ой, лявоніха, гулянка, гульня!
Галасістая бяседа твая.
А мы, дзеткі, усе здольненькія
Пяём песенькі вясёленькія.
Як маленькай я ў матулькі жыла,
Як вішанька, у садочку цьвіла,
Цьвіла, цьвіла ды пацьвітывала
Лемантарык свой пачытывала.
Як прышла я ў дзіцячы садок,
Пайшла з дзеткамі ў танок, у танок.
Я гуляю тут пагуліваю
За работкай недакучліваю.
Як вішанька у садочку цьвіту
І навукі ўсе лаўлю на ляту, —
Я рысую і пачытываю,
Раблю цацкі і папісываю.
Ой ты, Юрачка,
Што ня вучышся?
Так да невукаў
Ты далучышся.
А як вырасьцеш
Ты няўмекаю,
Усе высьмеюць
Недарэкаю.
А ў нашага Юрачкі
Зьелі сала шчурачкі,
Як пабег ён у лясок,
Каб схавацца ад кніжок,
А ў нашага Юрачкі
У капоце дзюрачкі,
Нарабіў ён іх сабе,
Як стаў лазіць па вярбе.
Ой ты, Юрачка,
Што лянуешся,
Хаткі нашае
Ня пільнуешся?
Толькі бегаеш,
Забаўляешся,
Гэтак з кпінамі
Напаткаешся.
*
А ў нашага Юрачкі
Пагублены гузічкі, —
Ёг тады іх пагубляў,
Як з садочку уцякаў.
А з нашага Юрачкі
Сталі кпіць і курачкі,
Што ня мыўся цэлы дзень
І бубніць, як авадзень.
Ой ты, Юрачка,
Кінь ляніціся,
Ды надумайся
Ты вучыціся.
Будзем цешыцца,
Што ты вучышся,
І да невукаў
Не далучышся.
*
А нашаму Юрачку
Кот зрабіў пячурачкў, —
Юрка месца там заняў
І з катком — курняў! Курняў!
А нашаму Юрачку
Тнуў камар у скурачку,
А Юрачка — ай-ай-ай!
Камарочак, ня кусай!
|