Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Мароз

Восень Мароз
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Голад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мароз (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРОЗ

Іду я, сьняжысты, ўсясільны,
Па сьцежках-пуцінах пустых,
І ночкай і днём бязупынна
Пільную абшараў сваіх.

Бязьмежна, ўладарна паную
Пад сховаю пушчавых вех,
Каронаю бор мне зялёны,
А тронам-пасадам бел-сьнег.

Палац мой — лес буйны, вяцьвісты
Ірдзіцца брыльлянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзьведзь у паслугах,
Мне служыць вавёрка і лось.

Як пухам, сьняжком пасыпаю
І хвою, і елку, і клён;
Хто ў госьці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон,

І казкі шапчу ім аб шчасьці,
І цемру зганяю з вачэй…
Хадзеце, хадзеце к Марозу!
Хадзеце у госьці хутчэй!

1921 г.