Праз поле, праз хаты і сёлы
Ў кароне з касьцей чалавечых,
Іду, разбуялы, Вясёлы,
З хатомкай мярцьвячай на плечах.
Паклоны б‘е стар мне і молад
І дзетак рой босых і голых, —
Бо Голад я, Голад!
З прадсьмертных сьлязінаў і поту —
Брыльлянты на мне мігацяцца, —
Абвёў іх з крыві пазалотай…
А з сілай маёю зраўняцца
На ў сілах ні сьпека, ні холад;
А шлях мой бяз рыцьваў і плоту, —
Бо Голад я, Голад!
Іду. Прада мной зазірае
Жывым сьмерць галодная ў вочы
І косе ў рад, не разьбірае —
Ў дні белыя, ў чорныя ночы.
Ці слаб хто, ці дужы, як волат —
Груган яго косьці зьбірае, —
Бо Голад я, Голад!
Іду. А за мной сьледам-лазам
Паўзуць зьніштажэньні, руіны.
Я — мору тварэц бязупынны,
Я — сейбіт бязьмежнай заразы,
Мой скіпэтр лядзенячы молат,
Ім рабству дыктую указы, —
Бо Голад я, Голад!
Пад чорным маім уладаньнем
Сіроцтва гне корна калені,
І ўдоўства галосіць літаньнем
На голым магільным каменьні.
Мне гімны складае вякоў лад —
Мне, сытаму людаў кананьнем, —
Бо Голад я, Голад!
1-X 1921 г.
|