Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Песьня і казка

Маладая ачуняла Песьня і казка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Бай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня і казка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ І КАЗКА

Песьня і казка
Ходзяць у пары,
Сеюць па сьвеце
Дзівы і чары,
Будзяць спрасоньня
Думкі дзіцячы,
Як той ураньні
Промень сьвяцячы.

*

Песьня і казка,
Як у крышталі,
Сьвету пакажуць
Тайныя далі.
Шляхі намецяць
К сонцу і зорам
Для людзкой долі,
Скованай горам.

*

Песьня і казка
Ў райскіх праявах
Шчасьце збудуюць.
З кветак яскравых.
Сэрца атуляць
Вечнаю ласкай…
Слухай-жа, сэрца,
Песьняў і казкаў.

1921 г.