Ах, як сталася ўсё гэта?!
Як-бы нейкая камэта
Натварыла цудаў-чараў
І схавалася за хмару.
Зьнядужэла маладая,
Нібы сьмерць яе зьядае,
Ці-то хоча ці ня хоча,
Зазірае ў самы вочы.
Яе дружкі і нядружкі,
Як дасужлівыя служкі,
Баюць: верце ці ня верце —
Маладая ўжо пры сьмерці;
Што ў яе, мабыць, сухоты,
Або іншыя слаботы,
Не дадуць дажыці веку,
Колькі трэба чалавеку.
Людзі далі ў гэтым веру —
Надта-ж верныя ня ў меру —
Паглядзелі бліжай, далей
І галоўмі паківалі.
— Што-ж рабіць, калі нядужа?
Пахаваем яе, дружа…
Так кум куму зважна кажа;
А ноч цёмная, як сажа!
І ніхто нідзе ня згледзіў,
Як тут рупныя суседзі
У ахвоту аж да поту
Узяліся за работу.
Той з сякераю, як дужы,
На дамоўку дошкі стружа
І саблюе гэблем гладка…
Ці ня рана, мой ты сватка?
А другі з стальной рыдлёўкай
Зямлю рэжа на дамоўку, —
Дол капае, дол глыбокі,
Каб пясочак быў нялёгкі, —
Каб, як ляжа, легла лепей
Маладая ў гэтым склепе.
Сьвету больш не турбавала,
Ціха-ціха ў доле спала.
А суседкі без аглядкі,
Маладую ўклаўшы спадкі,
Пазабыўшы сьмехаў, гуляў,
Шыюць ёй на сьмерць кашулю.
Шыюць, шыюць дый заплачуць,
Аж адна аднэй ня бачаць,
Сьлёзы вытруць, потым сьціха
Шэпчуць: „Ах якое ліха!“
А ў сьвятліцы на палацях
Маладая ў белай шаце
Уздыхае, ломіць рукі
Ад вялікай цяжкай мукі,
Што яе адну дзіцятку,
Як сіротку, без даглядку
На няласку, на нядбальле
Ўсе пакінулі бяз жалю.
— Хай кідаюць, — шэпчуць губы, —
Хай жадаюць маёй згубы,
Але дзе-ж той ненаглядны?
Ці і ён, як усе, здрадны?
Няўжо ён яе ніколі
Ўжо ня хоча бачыць болей?
А бажыўся з усёй сілы,
Што йшчэ вернецца да мілай,
Прынясе здароўе, шчасьце
І ня дасьць ён ёй прапасьці,
Потым разам удваёчку
Скінуць з думак, з сэрца ночку.
— Ах, вяртайся, мой саколе!
Паратуй мяне ў нядолі,
Ўсьцеражы сваю каліну,
Каб ня легла ў дамавіну!
Так адзін зышоў дзень з сьвету
І другі мінуў за гэтым,
Маладая ўсё йшчэ жыва,
Аж суседзям неяк дзіва!
Ўжо грабар--сусед замежны —
Дол ёй выкапаў належны,
І дамоўка ўжо гатова
І кашуля… адным словам!
А на трэці дзень навіна:
Той прыехаў да дзяўчыны,
Каго так чакала дбала…
.........
Маладая ачуняла.
Акопы. 1926 г.
|