Прысьвячаецца быўшым, цяперашнім і маючым быць цэнзарам.
|
Цяпер, ці калісьці — ня ўцямлю,
А толькі ня лгу ні на міг, —
Поэты пісалі поэмы,
А цэнзары рэзалі іх.
Поэмы (ужо-ж не поэтаў)
Сек цэнзар, як вецьце пастух,
Аж трэскі-паперкі ляцелі
У чыстае поле, як пух.
І доўга цягнулася гэта,
Як баіць народная весьць,
На згубу бунтарскіх поэтаў,
На цэнзарскі гонар і чэсьць.
І шлі так гады за гадамі
Пад воклікі чорных імшоў,
Ішоў за поэтам поэта,
За цэнзарам цэнзар ішоў.
І трэба-ж — о, дзівы! О, цуды!
О, слаўны дваццаты наш век!
Поэта прыдумаў поэму,
А цэнзар яе не пасек.
А толькі… Паслухайце толькі,
Што з гэтага далей было:
Вы ўбачыце, людзі, як гэта
Ў дабры часам гнезьдзіцца зло.
Поэта пад потам крывавым,
Ня сплючы сто ночак падрад,
Поэму згарусьціў, аж міла,
І цэнзару даў на прагляд.
А цэнзар меў добрае сэрца,
Што рэдка у нашым вяку, —
Поэмы ня сек і ня рэзаў,
А толькі… пагладзіў крыху.
О, віхры, о вы, бураломы,
Свабодных нябёс жыхары!
Дрыгнеце разбэшчаным сьветам,
Збурэце парадак стары!
О, ветры, зэфіркі любыя,
Свабодных нябёс жыхары!
Галубце вы сьвет наш набожны,
Шануйце парадак стары!
Звалеце кароны і троны, —
Ўжо досьць каралёў і цароў!
Хай будзе народу ўладарства
І панства зямлі жыхароў!
Шануйце кароны і троны…
О, чэсьць каралём і царом!
Патрэбна народу прынука,
Патрэбны бізун жыхаром!
Ўжо досыць прыгону і зьдзеку
І панскага досыць ярма! Хай будзе раб вольным навекі,
Ён векі пярпеў нездарма!
Ўжо досыць нам з дэмосам ладзіць…
Замала йшчэ меў ён ярма, —
Хай будзе пан панам навекі,
Ён век панаваў нездарма!
О, віхры, о вы, бураломы!
Ударце ў заснуўшы курган!
Хай волаты ўстануць да бітваў
І скрышаць закрэпы кайдан!
О, ветры, зэфіркі любыя!
Галубце ласкава курган, —
Там дрэмлюць патульныя душкі
Пакорных, паслушных хрысьцян.
Я крышку вам, пане поэта,
Пагладзіў ваш вершык слабы, —
Бо, бачыце, у ім я прыкмеціў
Залішне шмат грэшнай кляцьбы.
*
Як гэта поэта пабачыў,
Што цэнзар з поэмай зрабіў, —
Заплакаў, заліўся сьлязамі,
Ў кулак, як жабрак, затрубіў.
Адзін і другі дзень так плакаў —
На трэці ня вытрымаў ён, —
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.
Прад сьмерцяю толькі пакінуў
Таку эпітаф‘ю жывым:
„Памёр я праз цэнзара, браткі,
Мяне ня вінеце ні ў чым.
Пакуль мяне цэнзары секлі, —
Ах, то-ест, поэмы мае, —
Яшчэ я мог вытрымаць неяк, —
Пяяць, аб чым думка пяе.
Але як пачалі мне гладзіць
Крывёю напісаны твор,
Ня вытрываў, браткі, — каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр“.
*
І сьпіць у магілцы поэта,
Вяночак на насьпе ляжыць;
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.
Вясною, у маі вясёлым,
Калі ўвесь сьвет у красе, —
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.
А цэнзар, — чытач запытае,
Што сталася з цэнзарам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў у манастыр назусім.
Сядзіць там, нічога ня робіць.
Аловак свой выкінуў вон,
І моліцца, моліцца шчыра,
За цэнзараў моліцца ён.
14-X 1919 г. Менск.
|