Звон вясны (1926)/І. Плаўнік/Гэты сьпеў я падслухаў у руні

Пастушка ⁂ (Гэты сьпеў я падслухаў у руні)
Верш
Аўтар: Ізраіль Плаўнік
1926 год
Машыннае раньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Гэты сьпеў я падслухаў у руні,
Што праменіла зелень палеткаў…
Гэй, заграйце-ж вы голасна, струны!
Чырваней, гымн, вясёлкавай кветкай!
Пераймай у бары рытмы новыя,
Навучыся музыцы ў дрэваў…
А ты, вецер, на гусьлях жытнёвых —
Паўтары васільковым напевам.
Заіграй песьню ў травах мурожных,
Загрымі-ж ты бадзёра, вяснова…
Ня гучэць нам? Ня трэба, ня можна!
Як жыцьцё згартавала сьпеў новы…
Калі сэрца палошчыцца ў хвалях,
Хвалях сонца, што топяць старое,
Калі думкі яскравяцца, паляць, —
Выбухаюць агнёвістым роем.
Калі кроў загуляла, струменіць,
Калі гукі так рвуцца мяцежна…
Гэй-жа, песьня, адзенься ў праменьні!..
Пракаціся грымотна ў бязьмежжа.