Зорнасьць (1927)/Па сьцежках родных/У лесе

Родныя гоні У лесе
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1927 год
Радзіма
Іншыя публікацыі гэтага твора: У лесе (Раскінулі дрэвы даўжэзныя цені…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЛЕСЕ

I

Раскінулі дрэвы даўжэзныя цені,
А лес неўгамонна шуміць і шуміць…
О лес мой зялёны, мае лятуценьні
У гоман, у шум свой прымі!

Няхай я здалёку здаюся чужынцам,
Але я цябе не забыў.
Ў кустох тваіх колісь зьбіраў я ажыны,
Суніцы зьбіраў і грыбы.

Тваёю гамонкай і шумам зялёным
Будзіў я нямала надзей і трывог
І песьню сваю пра цябе аж да сёньня
Я высьпеваць, скончыць ня мог.

Усё яшчэ песьцяць цяпер, як і колісь,
І шум твой галосны і цень.
І я не забуду, павер мне, ніколі
Пра дзень твой ўчарашні — мой дзень.

Цябе паламала ўжо шмат завіруха,
Ніхто ад яе не ўсьцярог.
Маё тваю радасьць падслухала вуха,
Як стаў па зялёны мурог.

І рад я бясконца, што быць давялося
Ў зялёнай густоце лясной,
Хоць, праўда, ўжо хутка падкрадзецца восень
І новым апране цябе дываном.

Ўжо гэтае сёньня адчуць нават можна,
Ўжо бачу, як хвоі згінаюць свой стан.
Ім вецер іначай, ўжо болей трывожна
Пяе гуля-ля, гута-та.

II

Прышоў сказаць табе апошняе даруй,
Прышоў пачуць знаёмы шэлест падзі.
Мне сумна без цябе, як сумна песьняру
Сьпяваць камусь аб ўласнай сваёй здрадзе.

А толькі я ня здрадзіў табе, не і не,
Я вечна жыў і жыць хачу табою.
Затым вось так і жальба моцна сэрца мне,
Затым не разьвязацца мне з журбою.

Сумую сёньня я, ня весел сёньня ты…
Адкуль такая надышла самота?
Пра ростань і апад пяюць твае лісты,
Махаючы прыгожай пазалотай.

Шкада мне усяго. Бясконца як шкада
Тваіх лістоў, што шумам будзяць цішу.
Хоць набяру ў запас з сабой туды у даль
З бяроз лістоў, а з хвой і елак шышак.

Ў трывозе час маёй ці ў час маіх надзей
Сябе ўспамінкам добрым буду цешыць,
А шышкі і лісты прыцісну да грудзей,
Каб быць бліжэй хоць мысьлямі да лесу.

Капыль, 1926 г.