Зорнасьць (1927)/Радасьць/Зацьвілося

На сходзе дзён Зацьвіліся
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1927 год
Мяне сёньня вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зацьвілося…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЦЬВІЛОСЯ

Зацьвілося ў нябесных прасторах
Залацістае сонца вясны.
Эх, зьвіняць маіх струн пераборы
Нясупынна і ўсё аб адным.

Паўтараецца даўняга росквіт,
І пяе, як даўней, салавей.
Распускаюцца ў сэрцы пялёсткі,
Кроў плюскоча у ім агнявей,

Сёньня хочацца выйсьці мне ў поле,
Сёньня хочацца выйсьці мне ў гай.
Мо‘ ня вернецца болей ніколі
Учарашняга злая туга.

Буду радасьць хапаць я ў абоймы,
Сам аддамся ў абоймы красе.
І ніхто маіх мар не пяройме —
Яны будуць са мною усе.

Яны ў смутку мяне пакідалі,
Аддавалі пачуцьці другім.
А цяпер мяне радуюць далі,
Стала блізкім мне ўсё, дарагім.

У дзве рэчкі чутны пералівы,
Дзесь-то песьні чутны дзяўчат.
Сёньня ўсе, як і я, шчасьлівы
І ня хоча ніхто маўчаць.

1926 г.