З гераічнага мінулага беларускага народа

З гераічнага мінулага беларускага народа
Аўтар: Цімафей Гарбуноў
1945 год
Крыніца: Беларусь, 1945, №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ГЕРАІЧНАГА МІНУЛАГА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

Праф. Ц. ГАРБУНОЎ


Беларускі народ налічвае тысячагадовую гісторыю. У старажытна-гістарычныя часы славяне жылі ля велічнага Дуная, які ўслаўлены ў песнях усіх славянскіх народаў. Яны таксама жылі каля другой цудоўнай ракі — Дняпра, па абодвух яго баках і далей на поўнач уздоўж вярхоў'я Волгі, азёр Чудскага, Ільменя і Ладажскага. Старажытны Кіеў служыў сімвалам аб'еднання ўсіх славяна-рускіх плямён. У часе Кіеўскай Русі рускія, украінцы і беларусы жылі дружнаю сям'ёю народаў. Яны мелі адзіную тэрыторыю, адзіную дзяржаўнасць, адну старажытна-рускую мову і адну культуру.

З старажытнейшых часоў усе славянскія народы былі цесна звязаны паміж сабой не толькі кроўнымі сувязямі, падабенствам мовы, агульнасцю культуры, але і неабходнасцю абараняць сваё жыццё, свабоду ад агульных ворагаў-нямецкіх захопнікаў і татарскіх ордаў.

З эканамічным заняпадам Кіеўскай дзяржавы ў ХІІ-м стагоддзі пачалося выдзяленне зямель у паасобныя палітычныя адзінкі, якія потым распаліся на асобныя феадальныя ўладанні. Сярод 14 княжстваў, якія стварыліся, былі і такія княжствы, як Полацкае, Турава-Пінскае, Гродненскае, Мінскае, Брэсцкае, на тэрыторыі якіх пачаўся працэс стварэння беларускай народнасці.

Феадальны лад, княжскія нелады між сабою, эканамічная слабасць разрозненых княжстваў, адсутнасць адзінага саюза — рабілі палёгку татарскім ордам з усхода, а нямецкім захопнікам з захада - чыніць разбурэнні. Увесь цяжар удара татарскіх захопнікаў прыняў на сябе рускі народ. Ён выматваў, знясільваў магутныя орды татар. Сваёй барацьбой ён выратаваў Цэнтральную і Заходнюю Еўропу ад татарскага нашэсця і разгрому. Ад Ціхага акіяна да Дняпра і краін Бліжняга усхода распаўсюджвалася тады ўлада татара-мангольскіх заваёўнікаў. Паўночна-ўсходняя Русь была заваёвана татарамі. Нашэсце татар і туркаў нанесла глыбокія раны славянскім народам на ўсходзе і на поўдні Еўропы.

З захада насоўвалася смяротная небяспека і пагроза для славянства. «Дранг нах Остэн» (націск на ўсход) нямецкіх псоў-рыцараў з іх ваеннай арганізацыяй, дыпламатычным вопытам, каварствам і драпежніцтвам быў не менш небяспечны для славянскіх народаў, чым набегі татар і напор азіяцкай імперыі Османаў. Немцы экспансію на усход пачалі яшчэ ў VIII-ІХ-м стагоддзях нашай эры. У ліку першых аб'ектаў нямецкай агрэсіі былі заходнія славяне-палабы, якія жылі ўздоўж ракі Лабы (Эльбы), і памаране, якія жылі ў цяперашняй германскай правінцыі Памераніі.

У ХІІІ-м стагоддзі ў межы Беларусі ўварваліся нямецкія захопнікі. Яны захапілі частку беларускіх і літоўскіх земляў, разбурылі крэпасць Ругу, якая належала нашым продкам — палачанам. У 1202 годзе на месцы разбуранай крэпасці Ругі немцы пабудавалі горад, назваўшы яго Рыгай. Нямецкія захопнікі зачынілі выхад з Заходняй Дзвіны і імкнуліся захапіць усе беларускія і рускія землі. Як драпежнікі, яны цягнуліся да багатых гарадоў нашых продкаў, нясучы смерць і разбурэнне народу.

Беларусы Полацкай зямлі, пры падтрыманні Пскоўскага, Ноўгарадскага, Смаленскага княжстваў усталі на абарону сваёй радзімы, сваёй культуры. З 1202 па 1229 гады, г. зн. на працягу 27. год, ішла самая жорсткая барацьба на подступах да Полацка. Ваяўнічыя дружыны палачан, пад кіраўніцтвам князя Уладзіміра, разграмілі нямецкіх псоў-рыцараў, затрымалі іх рух на ўсход. Але праз некалькі год нямецкія захопнікі рушылі ў паход на беларускія і рускія землі праз Мінск. Пад Мінскам нямецкіх псоў-рыцараў разбіў Мінскі князь Васілёк. У 1238 годзе нямецкія захопнікі зрабілі трэцюю спробу ўварвацца ў беларускія і рускія землі праз тэрыторыю цяперашняй Пінскай обласці. Пад горадам Драгічынам, Пінскай обласці, нямецкіх захопнікаў разбіў украінскі князь Даніла Галіцкі.

Нямецкія захопнікі не заспакойваліся. Будучы тройчы бітымі на беларускай зямлі, яны ў 1242 годзе пашлі ў паход паўночнаусходней па тэрыторыі Прыбалтыкі, з наме рам захапіць Пскоў і Ноўгарад. «Аляксандр Неўскі, -пісаў Маркс, -выступае супроць нямецкіх рыцараў, разбівае іх на ільду Чудскага возера так, што прахвосты былі канчаткова адкінуты ад рускай граніцы» (архіў Маркса - Энгельса. Том V, стар. 344). 5-га красавіка 1242 года нямецкім псам-рыцарам было наладжана «Лядовае пабоішча».

У слаўных справах Аляксандра Неўскага яго правай рукой быў беларус Якаў Палачанін. Ён разам з Аляксандрам Неўскім вадзіў слаўныя дружыны граміць нямецкіх псоў-рыцараў пад Пскоў, Ноўгарад і ў Прыбалтыку.

Перамога Аляксандра Неўскага на ільду Чудскога возера ў той момант, калі рускі народ адчуваў страшэнныя вынікі татарскіх набегаў, а частка яго зямель была захоплена татарамі, паказала ужо тады, што ў барацьбе славянства супроць нямецкіх захопнікаў рускі народ з'явіўся рашаючай сілай.

Беларускі народ з самых старажытных часоў развіваўся ў цесным садружастве з брацкім рускім народам. Першая дзяржава беларусаў-Полацкае княжства ў ХІ-м стагоддзі было адным з мацнейшых княжстваў ва Усходняй Еўропе. На чале яго стаялі беларускія князі, якія карысталіся вялікай папулярнасцю ў сваіх сучаснікаў.

Полацкі князь Уладзімір пакінуў аб сабе памяць, як аб змагары з нямецкімі захопнікамі. Уладзімір Полацкі рабіў паходы на Рыгу, каб адабраць у нямецкіх захопнікаў спрадвечныя землі свайго народа. Ён не раз аказваў дапамогу лівам і эстам у барацьбе з нямецкімі захопнікамі.

У барацьбе супроць татарскіх захопнікаў беларусы таксама прымалі актыўны ўдзел. Вядомы многія паходы супроць татар беларуска-літоўскага князя Вітаўта. У войсках Дзмітрыя Данскога, якія разграмілі ў кастрычніку 1380 года татар на Кулікавым полі, былі дружыны Полацкага князя Андрэя, яго брата Дзмітрыя, а таксама іншых беларускіх князёў. Полацкі князь Андрэй быў адным з бліжэйшых паплечнікаў Дзмітрыя Данскога.

З гераічнага мінулага, якое падцвярджае салідарнасць славян у барацьбе з захопнікамі, яркім прыкладам служыць Грунвальдская бітва. 15 ліпеня 1410 года паміж горадам Таненбергам і сялом Грунвальд аб'еднаныя сілы славян нанеслі сакрушальны ўдар нямецкім захопнікам. Супроць немцаў змагаліся рускія, беларускія, украінскія, польскія, чэшскія і літоўскія атрады. Рашаючую ролю ў гэтай бітве адыгралі рускія і беларускія палкі. 3 91 харугві, якія ўдзельнічалі ў бітве супроць немцаў, 20 харугвій было беларускіх.

Немцы нацкоўвалі славянскія народы адзін на другі і актыўна садзейнічалі захопу беларускіх, украінскіх і рускіх земляў іншымі народамі. Карыстаючыся тым, што Паўночна-Усходняя Русь была заняволена татарамі, і пад выглядам таго, што некаторыя славянскія народы заставаліся яшчэ язычаскімі, германскія рыцары пры падтрымцы Ватыкана, пачалі «крыжовыя паходы» супроць палякаў, славяна-прусаў, літоўцаў і іншых народаў Прыбалтыкі, а таксама супроць беларусаў. Нямецкія псы-рыцары не раз рабілі спробу дамовіцца з татарамі аб разгроме Русі. Гэты план быў сарваны Аляксандрам Неўскім, які нанёс паражэнне немцам на Чудскім возеры.

Беларускі народ вёў шматвяковую гераічную барацьбу і не раз паўставаў супроць сваіх прыгнятальнікаў. У канцы ХІІІ стагоддзя літоўскія магнаты распаўсюдзілі сваю ўладу на Полацкую зямлю. У першай палове XIV стагоддзя літоўскія князі ўстанавілі сваю ўладу ў Турава-Пінскай зямлі. Некалькі пазней Літва авалодала таксама і зямлёй цяперашняй Украіны.

У ХІV стагоддзі стварылася вялікая літоўская дзяржава, у склад якой уваходзілі беларускія і ўкраінскія землі. У пачатку XIV стагоддзя Літва захапіла Смаленскую зямлю. Значная большасць насельніцтва вялікага княжства Літоўскага складалі беларусы, украінцы і рускія.

Пачатак фарміравання беларускай народнасці адносіцца да другой паловы ХІІІ стагоддзя, калі адбыўся разрыў усходняга славянства і заходняе яго адгаліненне трапіла ў новыя соцыяльна-эканамічныя ўмовы.

«... Вялікае Княжства Літоўскае, - піша Энгельс, -было населена вялікай колькасцю розных рас. Паўночныя правінцыі Прыбалтыкі былі ва ўладанні саміх літоўцаў, народа, які гаварыў на мове, якая рознілася ад моваў яго славянскіх суседзяў... Далей, на поўдні і на ўсходзе цяперашняга польскага каралеўства, знаходзіліся беларусы, якія гаварылі на мове, сярэдняй паміж польскай і рускай, але больш блізкай да апошняй...» (К. Маркс і Ф. Энгельс, збор тв., т. ХІІІ, ч. 1-я, стар. 158).

Такім чынам Энгельс прызнаў існаванне беларускай мовы з канца XIV стагоддзя.

Адарваўшыся ад агульнай Русі, плямёны заходняга края у новых соцыяльна-эканамічных умовах пачалі самастойнае развіццё, хаця на працягу ўсёй сваёй гісторыі імкнуліся да агульнай Русі. Асновай беларускай народнасці былі тыя старыя плямёны, якія жылі на паўночным захадзе ў старажытнай Русі-крывічы, дрыгвічы, радзімічы. Застаючыся на месцы ў новых умовах, яны захавалі і развілі свае першапачатковыя мясцовыя асаблівасці, якія адрозніваліся ад Паўночна-Усходняй і Паўднёвай Русі.

Беларуская мова таксама, як і ўкраінская, паходзіць з аднаго кораня - ад старажытнарускага. Канчатковыя нацыянальныя асаблівасці беларускай мовы аформіліся к пачатку ХІV стагоддзя. З гэтага часу складаецца пачатак беларускай народнасці. Беларуская мова да гэтага часу поўнасцю склалася.

Працэс утварэння беларускай народнасці і беларускай мовы вельмі складаны і працяглы. Палітычнае панаванне Літвы над Беларуссю выклікала ў беларусаў таксама, як і ў украінцаў, тэндэнцыю да аб'еднання з кроўнай ім рускай народнасцю і згуртавання ў адно дзяржаўнае цэлае, каб такім чынам супроцьстаяць іншаземнаму панаванню. Палітычнае панаванне Літвы над Беларуссю абумоўлівала раз'еднанне беларускай мовы і культуры з кроўнай рускай мовай і культурай для самастойнага яе развіцця і ўзмацнення асаблівасцей беларускай мовы, якая ўзнікла з плямённых і бытавых умоў.

Такі літаратурны помнік, як «Слова аб палку Ігаравым», сцвярджае, што ў ХІ і ў пачатку ХІІ стагоддзях яшчэ не было ні вялікарускай, ні беларускай, ні ўкраінскай мовы, а была адна старажытна-руская мова, адна культура. ХІ-ХІІІ стагоддзі былі стагоддзямі агульна-рускай літаратуры, стагоддзямі адной старажытна-рускай мовы. Асаблівасці, якія адрознівалі мову рускую, украінскую і беларускую, развіваліся ў ХІV стагоддзі.

З таго часу, як на ўсходзе вакол Масквы пачала складацца руская дзяржава, на Беларусі, таксама, як і на Украіне, яшчэ больш узмацнілася цяга народа да злучэння ўсіх старажытна-рускіх зямель у адзіную дзяржаву. Але ворагі ўсяляк перашкаджалі гэтаму аб'еднанню, баючыся ўзмацнення Русі.

Беларускі народ, знаходзячыся ў Літве, называў сябе «руськім». Назва «Белая Русь» у афіцыйных дакументах з'яўляецца з ХѴ стагоддзя.

У грамадскіх, эканамічных і культурных адносінах язычаская Літва ў ХІІІ-ХІV стагоддзях стаяла значна ніжэй Русі, а таму падвяргалася моцнаму уплыву рускай культуры. У Літоўскім княжстве афіцыйнай дзяржаўнай і літаратурнай мовай была руская (агульная для Украіны і Беларусі). У аснову яе быў пакладзены адзін з дыялектаў беларускай мовы. Дзяржаўныя дакументы пісаліся на рускай мове. Агульная небяспека з боку нямецкіх захопнікаў з аднаго боку і татарскіх ордаў, з другога, згуртоўвалі Літву і Белую Русь у адну дзяржаву, сталіцай якой быў горад Вільня.

Становішча беларускага народа ў Вялікім Княжстве Літоўскім пагоршылася пасля злучэння Літвы з Польшчай. У 1386 годзе ў Крэве быў заключаны дагавор аб уніі Літвы і Польшчы. Літоўскі князь Ягайла, ажаніўшыся са спадчынніцай польскага прастола Ядвігай, стаў адначасова і польскім каралём. У Беларусі была ўведзена сістэма валок (падворных, а потым сямейных участкаў зямлі), якая разарыла беларускую абшчыну. Крэўская унія адкрыла панам шлях да авалодання беларускімі землямі.

Польскія паны, заўладаўшы беларускімі землямі, імкнуліся дэнацыяналізаваць беларускі народ. Гвалтоўным шляхам беларускаму народу навязвалася чужая мова, звычаі і каталіцкая вера. У каталіцкай царкве польскія паны бачылі найбольш моцныя сродкі ідэалагічнага ўздзейнічання на заняволены імі народ. Польскія паны імкнуліся знішчыць у беларускім народзе нацыянальную самасвядомасць, знішчыць родныя пачуцці і цягаценне да рускага народа, імкнуліся выкараніць праваслаўе, насадзіць каталіцызм. Пасля Люблінскай уніі, акрамя цяжкага феадальна-прыгоннага прыгнёту, на беларускі народ лёг жорсткі нацыянальны і рэлігійны прыгнёт. Для барацьбы з праваслаўем польскія паны прызвалі ў Беларусь езуітаў. Першы атрад езуітаў паявіўся ў Беларусі ў 1569 годзе... «У ХVІ стагоддзі, - указвае Энгельс, - калі ў Польшчы панавалі іезуіты, праваслаўных рускіх падданых у Польшчы прымушалі пераходзіць у рымскую царкву». (К. Маркс і Ф. Энгельс. Збор. тв., том ХѴІ, ч. 2, стар. 11). Іезуітам параўнальна лёгка удалося перацягнуць у каталіцтва беларускіх магнатаў. Але народныя масы моцна трымаліся веры сваіх бацькоў. Таму іезуітамі быў высунуты абходны план акаталічвання беларускага народа — шляхам правядзення царкоўнай уніі, г. зн. аб'еднання праваслаўнай царквы зрымска-каталіцкай пад главенствам Рымскага папы. Такая ўнія была ажыццёўлена на царкоўным саборы ў Брэсце ў 1596 годзе. Каталіцкая рэлігія была толькі рэлігіяй пануючага класа. Як адзначае Энгельс «Большая частка насельніцтва ўсходніх правінцый была праваслаўнай веры... Гэта былі, галоўным чынам, прыгонныя, у той час, як іх пачцівыя паны амаль усе былі рымска-каталіцкай веры...» (К. Маркс і Ф. Энгельс. Збор. тв., том ХІІІ, ч. 1, стар.160).

Барацьба беларускага народа супроць прыгнятальнікаў набывала рэлігійную афарбоўку. Народная барацьба адбывалася у форме барацьбы адной рэлігійнай ідэі супроць другой. У беларускім народзе знайшлося дастаткова сіл і энергіі, каб супроцьстаяць магутнаму напору каталіцкай агрэсіі і ва ўпартай барацьбе адстаяць сваю народнасць. Апорай ідэалагічнай барацьбы беларускага народа былі праваслаўныя царкоўныя брацтвы, якія ўзніклі ў гарадах. Брацтвы адкрывалі школы, бібліятэкі, друкарні, былі цэнтрамі беларускай школьнай адукацыі і асветы народных мас.

У ХVІ стагоддзі вылучыліся буйнейшыя дзеячы беларускага культурна-нацыянальнага руху: Георгі Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пятро Мсціславец. Але самай яркай, выдатнай асобай з'яўляецца Георгі Скарына — вялікі асветнік беларускага народа, першадрукар, які выдаў першую кнігу на беларускай мове ў 1517 годзе, адзін з буйнейшых культурных дзеячоў славянскага свету. Доктар Георгі Скарына ў прадмове да кнігі «Юдыф» пісаў: «Понеже от прирождения зве ри, ходящие в пустыне, знают ямы своя, птицы, летающие по воздуху, ведают гнезды своя, рыбы, плавающие по морю и в реках, знают глуби своя, пчелы и им подобные боронят ульев своих, також и люди, где родились и вскормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку маюць».

Вялікі мысліцель у гэтых словах адлюстраваў характэрныя рысы і аблічча народа змагара, які любіць свой край.

Скарына выдаў на беларускай мове цэлы рад кніг, паклаў пачатак друкарскай справе на Беларусі. Справу распаўсюджання кніг на беларускай мове, пачатую Скарыною, прадоўжылі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Вялікую ролю ў барацьбе беларускага народа супроць прыгнятальнікаў адыграў Мелеці Сматрыцкі. Яго твор «Плач», выдадзены ў 1610 годзе, выкрываў панства і езуітаў. Ён дапамог арганізаваць народныя масы ў барацьбе супроць іншаземцаў.

Беларускі народ вёў не толькі ўзброеную, але і ідэалагічную барацьбу супроць сваіх захопнікаў.

У народнай памяці захаваліся імёны і справы выдатных арганізатараў народных паўстанняў супроць іншаземнага іга — Вашчылы, Дубіны, Галоты, Гаркушы, Хвеські, Крывашапкі. Летапісы і ўсякага роду дакументы ХѴІ-XVII стагоддзяў захавалі шмат дадзеных, якія характарызуюць барацьбу беларусаў супроць сваіх прыгнятальнікаў. Шмат беларусаў ішло ўніз па Дняпры, у Запарожскую сеч, дзе стварылася казацтва. Там яны знаходзілі надзейны прытулак.

Храбрыя воіны беларусы, адчуваючы падтрыманне ўкраінскага народа, страсна імкнуліся вызваліць свой край ад іншаземнага прыгнёту. Атрады казакаў з Запарожскай сечы вельмі часта паяўляліся на Беларусі. Вядома, што ў 1590 годзе казакі напалі на замак Быхаў, які належаў буйнаму магнату Хадкевічу. Аўтар так-званага Баркулабаўска га летапісу адзначае, што ў Беларусі ў 1590 годзе былі казакі запарожскія: Мацюша з палком, Голы з палком ля Магілева, аж да Мінска, прыстаўства у воласцях бралі»... З вялікім атрадам казакаў уступіў у Беларусь Налівайка. Да яго далучыліся беларускія сяляне. Паўстанцы, якія мелі больш дзесятка гармат, занялі Слуцак, Магілеў. Больш паловы тэрыторыі Беларусі было ахоплена паўстаннем.

Каб адарваць беларускі народ ад рускага, польскія магнаты, у саюзе з папам Рымскім, імкнуліся гвалтоўна навязаць беларусам каталіцкую веру, апалячыць іх. Аднак, ні подкупам, ні тэрарам не ўдалося зламаць волю народа. Тады польскія магнаты скарысталі царкоўную ўнію (саюз), гэтае штучна створанае веранавучанне, якое павінна было з'явіцца мостам для пераходу у каталіцтва і для апалячвання беларускага народа. У 1596 годзе была ўведзена царкоўная унія. Польскія паны ставілі сваёй задачай шляхам царкоўнай уніі паслабіць сувязь беларускага народа з рускім, з якім ён складаў адзінае цэлае ў этнічных, культурных і рэлігійных адносінах.

Беларускі народ у XV-XVI стагоддзях дасягае параўнальна высокага ўзроўня свайго соцыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Беларуская мова ў гэты час з'яўлялася агульна-прынятай дыпламатычнай мовай ва ўсходняй Еўропе і асноўнай дзяржаўнай мовай у вялікім княжстве Літоўскім.

Агрэсія польскіх паноў эканамічна збядняе Беларусь. Польскія паны захапляюць беларускія землі і занявольваюць беларускіх сялян. У 1573 годзе быў прыняты закон, які даваў права памешчыкам караць сялян па «свайму гледжанню». Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года, да соцыяльнага прыгнечання далучаецца цяжкі рэлігійны і нацыянальны прыгнёт.

Супроць іншаземцаў беларускі народ вядзе ўпартую барацьбу. Найвялікшага напружання гэтая барацьба дасягнула ў годы вызваленчай барацьбы ўкраінцаў супроць прыгнёта панскай Польшчы (1648-1654 гг.). Кіраўніком сялянскага руху гэтага перыяда з'явіўся віцеблянін Дубіна, які, як паведамляе Баркулабаўскі летапіс, узняў паўстанне. З ім было 4 тысячы казакаў. Дубіна. Іван Куцковіч, Іван Касы ўзнімаюць паўстанне сялян і з дапамогай запарожскіх казакаў авалодваюць гарадамі: Магілевам, Мсціслаўлем, Крычавам, Оршай, Чачэрскам, Гомелем, Рэчыцай, Быхавам, Рагачовам, Віцебскам і Полацкам. Польскае панства сабрала вялікія атрады для барацьбы з Дубінай. Сілы былі няроўныя. Пад Віцебскам Дубіна пацярпеў паражэнне і разам з 12-ю сваімі таварышамі быў злоўлены і пасаджаны на кол.

Адным з выдатных паплечнікаў Багдана Хмяльніцкага на тэрыторыі паўднёвай Беларусі быў Галота. Гэты выдатны сын беларускага народа ўзняў сялянства на барацьбу з польскімі панамі ў 1649 годзе. Ён нагнаў такую паніку на паноў, што яны разбегліся з усіх маёнткаў паўднёвай часткі Беларусі. Польскім войскам удалося нечаканым налётам загнаць Галоту з невялікім атрадам на адну з выспаў Прыпяці. Тут увесь атрад гераічна загінуў разам з сваім правадыром.

Вядома вялікае паўстанне рамеснікаў у горадзе Магілеве ў 1606 годзе. Рух узначальваў Стахор Мітковіч і яго памочнікі, Мікіта «Шабельнік», Герасім «Калачнік», Пятро «Каваль», Харапон «Кравец». У выніку паўстання была скінута ненавісная акупацыйная ўлада ў Магілеве і створана Рада, якая складалася з простых людзей. На працягу двух год Рада простых людзей правіла горадам Магілевам. Польскі кароль цярпліва адносіўся да народнай улады ў Магілеве, баяўся ўсеагульнага паўстання беларускага народа. Праз два гады ў Магілеў былі ўведзены польскія войскі і ўлада паноў была адноўлена ўзброенай сілай. Кіраўнікі паўстання былі пакараны смерцю.

Асабліва вылучыўся сваімі крывавымі справамі полацкі ўніяцкі архіепіскап Іосафат Кунцэвіч. Гэта быў злейшы вораг беларускага народа, стаўленік папы Рымскага, які імкнуўся знішчыць беларускую мову, культуру беларусаў. 12 лістапада 1623 года ў Віцебску выбухнула паўстанне. Паўстаўшы народ забіў ненавіснага каланізатара і труп яго быў кінут у Дзвіну. Віцеблян падтрымалі жыхары Оршы і Магілева і часткова Полацка і Вільні. У гэтым паўстанні павінны былі прыняць удзел украінскія казакі, але яны не падаспелі своечасова. Паўстанне было падаўлена польскімі панамі. Звыш 100 чалавек было прыгаворана да смяротнае кары. Многія ўдзельнікі былі заключаны ў турмы.

Узброеныя паўстанні беларускага народа супроць польскіх паноў не спыніліся. З новай сілай успыхвае ўзброеная барацьба ў Беларусі ў часе вайны ўкраінскага народа за сваю незалежнасць пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. 8-га студзеня 1654 года адбылася найвялікшая падзея - з'еднанне Украіны з Расіяй. Беларускі народ урачыста сустрэў гэты акт. У беларускім народзе ўзмацнілася цягаценне да брацкага рускага народа. Польскія паны з трывогай паведамлялі: «Тутэйшыя гарады пагражаюць яўна абурэннем, а іншыя наперабой здаюцца на імя царскае...» «Мужыкі моляць бога, каб прышла Масква», паведамлялася ў пісьме з Вільні ад 8-га жніўня 1654 года.

Не удалося польскім панам зламаць супраціўленне беларусаў, не ўдалося ім апалячыць і адарваць беларускі народ ад рускага народа. З'еднанне Беларусі ў адзіную дзяржаву з брацкім рускім народам адбылося ў 1772-1795 гг., пасля так званых «раздзелаў» Рэчы Паспалітай, праведзеных перш за ўсё ў выніку поўнага разлажэння Рэчы Паспалітай у сілу ўнутраных прычын.

У барацьбе супроць шведскіх захопнікаў Карла XII у часе Паўночнай вайны 1700-1721 гг. беларускі народ аказаў вялікую дапамогу рускім войскам Пятра І. 28 верасня 1708 года пад вёскай Лясная, Магілеўскай обласці, былі разбіты шведы. Бітву пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай перамогі». Актыўны ўдзел прынялі воіны беларусы і ў самай Палтаўскай бітве на баку рускіх.

Беларусы таксама гераічна змагаліся ў радах рускіх армій у бітвах 1757-1759 гг. супроць немцаў, былі ўдзельнікамі разгрома войск прускага караля Фрыдрыха ІІ.

Беларусь у сілу свайго геаграфічнага становішча часта была арэнай жорсткіх бітваў і схватак. Яна заўсёды першай сустракала ворагаў, якія ўрываліся на тэрыторыю Расіі з захада. На тэрыторыі Беларусі часта вырашаўся лёс не толькі Беларусі, але і многіх народаў і дзяржаў Еўропы.

У 1812 годзе беларускі народ самаахвярнай партызанскай барацьбой у тыле ворага дапамагаў вялікаму рускаму народу ў разгроме Напалеона. Беларускі народ прыняў на сябе першыя ўдары і адцягнуў не менш адной трэці армій Напалеона. Да пачатку вайны ў месцы пераправы Напалеона праз Нёман ён меў да 600 тысяч салдат, праз Бярэзіну прайшло 420 тысяч, к Барадзіну ў Напалеона было 325 тысяч салдат. У выніку партызанскай барацьбы беларускага і рускага народаў, а таксама ў выніку голаду і хвароб, выкліканых тым, што народ знішчыў запасы харчоў і фуража, вораг нёс страты. Вораг павінен быў кінуць значныя сілы для аховы камунікацый і барацьбы супроць партызан. Гэта падточвала сілы войск Напалеона, распыляла іх і ў агульнай складанасці зменшыла амаль да паловы.

За сваю шматвяковую гісторыю беларускі народ вынес шмат пакут і нястач, але ён стварыў і захаваў сваю культуру, мову, свае нацыянальныя асаблівасці.

Беларускі народ нарадзіў такіх вядомых дзеячоў, як Кірыла Тураўскі-філосаф і пісьменнік, Георгі Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мелеці Сматрыцкі, Сцяпан Зізаній, Сямён Полацкі, Ефрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Дунін-Марцынкевіч, Багушэвіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас. Усе яны сваёй дзейнасцю дапамагалі беларускаму народу захаваць сваю культуру, развіць і ўзняць яе, дапамаглі народу заняць пачэснае месца сярод іншых славянскіх народаў.

Перамога на Чудскім возеры, разгром татар на Куліковым полі, Грунвальдская бітва, разгром лівонскіх немцаў Іванам Грозным, сямігадовая вайна паказалі, што храбры, свабодалюбівы рускі народ з'яўляецца самай магутнай апорай усіх славянскіх народаў у іх барацьбе супроць нямецкіх захопнікаў.

Перадавыя ідэі лепшых сыноў Расіі ў XVIII, XIX і XX стагоддзях ад Радзішчава, Пестеля (дзекабрыстаў), Герцэна, Бялінскага, Чэрнышэўскага, Плеханава да вялікіх правадыроў працоўных Леніна і Сталіна паказвалі шлях усім славянскім народам, шлях да свабоднага і незалежнага жыцця. Ідэі рускіх революцыйных дэмакратаў і асветнікаў з'яўляліся стымулам вызваленчага руху славянскіх народаў. Гэтыя ідэі знаходзілі паслядоўнікаў у Балгарыі, Сербіі, Польшчы, Беларусі, на Украіне.

З канца ХІХ стагоддзя германскі імперыялізм стаў самым драпежным і злейшым ворагам славянскіх народаў. Ён стаў пагражаць самому існаванню славян. Але да таго часу на арэну гісторыі вышла непераможная сіла-арганізаваны рускі рабочы клас з сваёй большэвіцкай партыяй, якую ўзначальваюць Ленін і Сталін.

Партыя Леніна - Сталіна адстаяла права прыгнечаных народаў, у тым ліку і славянскіх, на самавызначэнне. У выніку Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі беларусы, таксама як і ўкраінцы, упершыню ў гісторыі, змаглі стварыць свае незалежныя дзяржавы. У выніку перамогі Вялікай Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі ўзніклі, як незалежныя дзяржавы, Польшча, Югаславія, Чэхаславакія.

Нямецкія захопнікі вельмі хітра карысталіся раз'еднанасцю славянскіх народаў. Яны нацкоўвалі славянскія народы адзін на другі. Вядома, як Германія была зацікаўлена ў тым, каб паміж Польшчай і рускімі, украінцамі і беларусамі было ўзаемнае недавер'е і існавала варожасць. Немцы нацкоўвалі Польшчу і Літву на захоп беларускіх земляў. Польскія магнаты ўцягвалі польскі народ у захопніцкія авантуры. Захапляючы чужыя землі, непамерна раздуваючы свае граніцы за кошт беларускіх і ўкраінскіх земляў, Рэч Паспалітая, пры кожным парыве ветра гістарычнае непагоды, распадалася.

Немцы наўмысля стваралі бездань паміж польскім народам з аднаго боку і рускім, беларускім і ўкраінскім, з другога боку. Гэта бездань стваралася вопытнай і каварнай германскай дыпламатыяй і агентамі Ватыкана.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі ў рашаючыя моманты польскі народ дзейнічаў разам з рускім і беларускім народам супроць сваіх ворагаў. Так было ў часы Грунвальдскай бітвы. Рускі, беларускі і ўкраінскі народ разграмілі нямецкіх акупантаў у 1918 годзе, вызвалілі ад іга нямецкай акупацыі і польскі народ.

У ходзе Вялікай Айчыннай вайны славянскія народы пераканаліся, што трывалай свабоды і незалежнасці яны могуць дабіцца толькі пры ўмове салідарнасці і сумеснымі намаганнямі супроць сваіх агульных ворагаў.

Усё жыццё беларускага народа непарыўна звязана з рускім народам. Беларусы шануюць баявыя традыцыі сваіх продкаў, сілу, славу і веліч свайго народа. У далёкім мінулым яны бачаць смелы і мужны народ, які змагаўся з іншаземнымі захопнікамі за сваю чэсць, свабоду і незалежнасць.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.