З палёў Заходняй Беларусі (1927)/IV/Марта

⁂ Твае блакітнасьці нязьменны… Марта
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Крыху ўзрушаны і рады…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Марта.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ΜΑΡΤΑ

Апратка проста і будзённа,
Сабраны ў косу валасы,
Снуе задума звольна, сонна
Узор звычайнае красы,

Нібы ў гадзіньніку пясковым,
Плыве цурок драбніц-клапот,
Жаданьні цюцькаю вартовым
Не адбягуцца ад варот.

Бяздум'е броваў ня прывабна
І на твары спакой цяжкі,
Пастава пруткая нязграбна,
Нязграбны рух яе рукі.

Імя, як ноч, глухое — Марта
Не зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі ня ўскрыліць дух.

Вось гэткую, Хрысьце, у Бэтане
Ты знаў, як я, ў сваю пару
Марыі ўзвышанай каханьнем
Затурбаваную сястру.

І ты, калі ад воч Марыі
На Марце супыняў свой зрок,
Ты сілы знаў яе зямныя,
Няўдалы, цяжкі бачыў крок.

І ты пад лёгкаю тканінай
Грудзей заўважваючы сьпель,
Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,
Як захмяляе цела бель.

І дума здрадная самоты
Ўзьнікала іскрай між другіx:
Ці гэткім аддаюць пяшчоты?
Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..

Прайшлі вякі… Яна-ж адвечна
Ўсё тою-ж буднасьцю цьвіце,
І я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як ты, Хрысьце.

1923 г.