З палёў Заходняй Беларусі (1927)/V/Да Пэрсі Шэлі

Маёй маці Да Пэрсі Шэлі
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
Хараство
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да Пэрсі Шэлі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ПЭРСІ ШЭЛІ

I

Як магло-бы дзяўча бяз люстэрка
Кволых вёснаў пазнаць хараство?
Што было-б к параўнаньню ёй мерка,
І прыбрацца было-б якаво?

І нарцыз ганарыўся-б з уроды
Ці дазнаўся-б ўладарства свайго,
Каб ня сьветлыя цiхiя воды,
Што адбілі ў глыбінях яго?

І струна, каб ня роднае рэха,
Каб ня гэты ўзрушаючы гук.
Ці дрыжала-б салодкай уцехай,
Ці гаіла-б нястрыманасьць мук?

І ад багны, ад рудага зрэб‘я,
Ці лілея-б цягнулася ўвыш,
Каб ня сонца прыветнае ў небе,
Каб ня сьвет яго ў зяблую ціш?

І куды-б мае думкі ляцелі,
І над ставам схілялісь якім?
Што пазнаў-бы ў нябескім касьцеле,
Каб ня ўверыўся песьням тваім?
О, чароўнасьць! О, сонца! О, Шэлі!
О, ні з кім незраўнаны, ні з кім!

1925 г.

II

Сваё жыцьцё паклаў на шалі.
А будучына — цёмны лес.
Згадаўся думцы кволы Шэлі,
Ягоны сьветласьпеўны лёс…

Іду няроўным, хібкім крокам,
За мной пануры іншых рад,
І боль на сэрцы крука крыкам,
І хварбіць горкім сьмехам рот.

Пажарам спаленыя далі,
І над мінулым чадны дым…
Хто-ж верыць ‘шчэ каханьня долі?
Хто-ж захаваў з нас яснасьць дум?

Яго-ж праз век нязьменны белі,
Ён для народаў ясны сон.
І я ім палагоджваў болі,
Я — год жахліва-шалых сын…

Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі,
Дажджом блакіту сэрца зьлі:
Майго жыцьця гайдае шалі,
Рагочучы і мсьціва злы.

1923 г.