З палёў Заходняй Беларусі (1927)/V/Лятунковасьць, нерашучасьць…

„Вершы спадзяваньня“ ⁂ Лятунковасьць, нерашучасьць…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
Гэкзамэтры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летунковасьць, нерашучасьць…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Лятунковасьць, нерашучасьць,
Мая вясна, твае удаласьці
Дзён плывучых нямінучасьць
Зьмянае ў лета пэўнай сталасьці.

Сёньня я ня той, калішні
З вачыма — ціхімі заранкамі;
Вусны ўжо ня тыя вішні,
Як некалі вясны сьвітанкамі.

Юнаку было прынадна
Раскідваць звонка і ня лічачы
Сэрца мудрае ашчадна
Зьбірае дробкамі вялічачы.

Дзе кахаў нацяк, павеўнасьць,
Сугучнай зьбежнасьці магутнасьці,
Дзе шукаў адно напеўнасьць, —
Шукаю сёньня іншай сутнасьці.

І дзе біўся, плакаў, моўча,
Дарма вымольваў з малітоўнікам,
Там з мячом іду станоўча
Я — пераможны — заваёўнікам.

Думны з натаўпам на пляцы,
Мой пруткі крок на стромасьці.
Час упартай, жніўнай працы,
Вітаю час мае сьвядомасьці.

А калі пяшчот прынадзтва
Мне блісьне ў будняў сьцюжнасьці, —
Гэта васілёк юнацтва
На слуцкім пасе кутай мужнасьці.

1926 г.