Каб жыць, сьпяваць і не старэць,
Каб бачыць шлях перад сабою —
Сябры, нам трэба паланець
Жывой пясьнярскаю душою.
Слухмянай хваляй праплывуць
Пражытых дзён агні і гулы…
Вякі сумленна панясуць
Жыцьцём запаленую чуласьць.
І там, за засьцілкай зімы,
Прайшоўшы горда шлях суровы, —
Угледзім, можа быць, і мы
Даўно прачутыя асновы.
Таму цяпер, у дыме кроз
Ня варта пець аб лірных струнах
І трэба кроплі дымных сьлёз
Судзіць, як злосьніцкі рабунак.
Нам трэба жыць куды ярчэй,
Жыць пекнатою асяродзьдзя. Эпоха хоча мець людзей
І людзі гэтыя прыходзяць.
Даўно нам час разблытаць сець
Саюзу з дзікімі вякамі, —
Мы хочам жыць і паланець
З усімі людзкімі правамі.
Нам ставіць даўняе залом,
Нас вабіць хцівае мастацтва.
Ідзе вялікі пералом —
І з гэтым трэба разьвітацца.
Эпоха хоча мець людзей…
Жывых людзей… Эпоха кліча…
Яна сягоньня прыгажэй
За ўсіх Лаур і Бэатрычэ.
Яна варушыць мёртвы сьвет,
Сьмяецца сьмехам бесклапотным,
Яе шматколерны портрэт
Нікім ня ўзяты на палотны.
Забудзем клопаты свае,
Пакінем марныя шуканьні
І ахвяруем для яе
Свае жывыя парываньні.
Шырэй шумі, шырокі край!
Мацней, гамонка ветраў вольных.
Поэт узрушаны, сьпявай,
Калі сьпяваць ты маеш здольнасьць… Сягоньня я іду з табой,
Каб песьню наталіла сіла,
І ў ямбаў гутарцы старой
Па-новаму загаварыла.
1930
|