Каб жыць, сьпяваць і не старэць… (1931)/Мы помнім…/Вершы пра помсту…

Поэтам-комсамольцам… Вершы пра помсту…
Паэма
Аўтар: Юлі Таўбін
1931 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вершы пра помсту.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРШЫ ПРА ПОМСТУ

(Фрагмэнты да поэмы)

І ў новых узбуджаных словах,
І ў новых разьдзелах поэм
Мы помнім эпоху лістовак,
Мы духам падпольным жывем.

І ў новыя дні і прыгоды, —
І ў кожны асьветлены дзень
Ня можам забыцца пра годы
Крывёю залітых падзей.

Часы, калі ноч была грознай,
Тэрорам гразіў рэвольвэр,
Калі гаварылі адозвы
З гэктографаваных папер,

Калі на гурткох нелегальных
Таіўся разбуджаны крык,
І перасьцярогаю дальняй
Ўзьлятала імя — „бальшавік“,

Калі на дарогах няроўных
Ішлі ў ланцугох бедакі,
Імчалі на поўнач, на поўнач
З кратамі
Цягнікі.

А дні перарэзвалі краты —
Мы разам жывем іх іскрой
І мы адчуваем іх патос
Сваёй комсамольскай душой.

За зьдзек экспэдыцыі карнай,
За земляў крывавы падзел,
За арышт патайнай друкарні,
За кожны ганебны расстрэл,

За рогат напудранай шляхты,
За чыстую братнюю кроў,
За дні векавой катаракты,
За строй равэлінных муроў, —

За ўсё — маё юнае племя
Вялікую помсту нясе,
Поэта — у шчырай поэме,
У вобразаў пыхкай красе,

Тэкстыльшчык — у тонкай тканіне,
Студэнт — праз апошні залік;
У новай савецкай машыне,
Ў гэктары колгаснай зямлі,

Ўва ўсім, што мы робім і славім,
У кожнай драбніцы пустой —
Ёсьць сьмелая наша нянавісьць,
Ёсьць кропля адплаты маёй.

1929—1930


∗     ∗

Мне сягоньня восемнаццаць год,
Я ня ведаў катаргі і ссылкі —
Ў тыя дні вайны і непагод
Для сялян надпісваў я пасылкі.

Недзе нехта біўся, паміраў,
Я-ж ня ведаў, што прыходзяць буры,
І чаму пад шафаю хаваў
Бацька нелегальныя брошуры.

Пакаленьне гордае маё!
Дзеці дзён высокіх, я пытаю —
Што-жа мы такога прапяём,
Чым жыцыё сваё мы апраўдаем?

Ці мы помнім добра першы зрух,
Першых бунтаў цьмяныя абрысы,
Ці мы бачым добра шчыльны круг
Што самкнулі хцівых межаў рысы?

Засьпявайце моцна, хто пяе —
Кіньце воклік зграям звар‘яцелым,
О, Рэспубліка. Мы ўсе твае
Сэрцам, розумам і целам.

І за працу прымемся пільней,
За падмурак гмахаў векапомных…
Ў гэтым радасьць нашых дзён-падзей
Напярэдадні сусьветнай помсты.

1929—1930

Майму пакаленьню

Війся, песьня-грайка,
Ня ціхні ў сэрцы, жар…
Расшпіленая майка,
Мосенжавы твар.

Ня нам, ня нам капацца
Ў завілінах гадоў…
Мы помнім окупацыі
Агонь і кроў.

І калі адновіцца
Апошні бой, —
На ката Балаховіча
Наб‘ем набой.

Нам болей ня прысьніцца
Час гвалту і тугі —
На Доўбара-Мусьніцкага
Набой другі.

Мы помнім экзэкуцыі,
Крывавы мордабой, —
За чатырнаццаць слуцкіх —
Яшчэ набой.

Мацней трымай наганы,
Любіць вучыся край,
За восем расстраляных
Пад Менскам —
Набівай…

У сэрцы, ім хады сячы,
Імсьці ў апошні кон…
За тысячы, за тысячы
Закрэсьленых імён.

Глядзі —
Ў крыві запырсканыя
Імсьціць завуць за ўсіх
Балаты мазырскія,
Аршанскія лясы.

Чуеце вы, менскія! —
Стогнуць ад зары
Пушчы гарадзенскія,
Дзьвінскія бары.

Над збэшчанымі нівамі
Сьмерць і зьдзек.
Ноч — дэфэнзыва,
Месяц — шпэг.

Трава пачне схіляцца —
І шум яе дайшоў
Інтэрпэляцыю
У сотні аркушоў

Хай сэрца ваша кратае
Злосьць у барацьбе…
Ня ўтрымаць за кратамі
К.П.З.Б.


∗     ∗

Дружная стайка,
Вясёлая сям‘я!..
Слухай, мая майка,
Моладасьць мая.

У бойках ня бывала ты,
Дай-жа мне зарок:
Запомні зьдзек і гвалты,
На захад зрок.

І за ўсе забойствы
Мы ў заветны бой
Выпусьцім з табою
Не адзін набой.

Толькі ня хістацца
І застойваць боль.
Сёнешняя праца —
Таксама набой.

Разбураны
цех
ладзь,
Рыхтуйся на бой!
Кожная цэгла —
Новы набой.

Фабрычныя трубы
Яшчэ падвой!
Кожны шрубік —
Новы набой.

Колгаснаму полю —
Трактараў строй!
Кожны колас —
Новы набой.

Культуру
ўзьнімі на
Высокі прыбой!
Кожная кніга —
Новы набой.

Помні зарок!
Рыхтуйся ў бой!
Вайсковы гурток —
Новы набой.

Працуй і вер —
Гэты дзень прад табой.
І гэты мой верш —
Таксама набой!..

1930