Казкі (1923)/Куфар самалёт
← Пяро і каламар | Куфар самалёт Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен 1923 год Арыгінальная назва: Den flyvende Kuffert (1839) Пераклад: Вацлаў Ластоўскі |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Куфар-самалёт. |
КУФАР САМАЛЁТ.
Жыў-быў купец, ды такі багаты, што мог вымасьціць срэбнымі талярамі цэлую адну вуліцу, дый яшчэ завулачак; але гэтага ён не рабіў, а карыстаў свае грошы інакшым спосабам. Выдаючы грош, ён здабываў рубель, і так разумна ён кіраваў свае справы да тэй пары, пакуль не памёр.
Усе грошы засталіся сыну. Той пачаў жыць вясёла, хадзіў кожды вечар на маскарады, склеіваў пятушкоў з папяровых грошаў і вычвараў усякую іншую бязглуздзіцу. Жывучы гэтак, грашам скора павінен быў прыйсьці канец і ён, ўрэшце, прыйшоў. У нашага марнатратчыка засталося ў рэшце- рэшт ўсяго чатыры медзяных дзесяткі, а з адзежы толькі пара пантофляў, ды старая сьвітка. Прыяцелі ўсе адступіліся ад яго, бо не маглі нават выходзіць, з ім на вуліцу. Але адзін з іх, добры чалавек, паслаў яму стары куфар і лісток: „Пакуйся!“ Гэта было вельмі добра сказана, ды толькі пакаваць не было чаго; дзеля гэтага ён сам упакаваўся ў куфар!
Гэта быў дзіўны куфар! Як толькі націснуць у ім дзірку да ключа, — куфар паднімаўся ў паветра. Наш марнатратчык націснуў дзірку і ў адзін міг выляцеў праз комін і паляцеў высока і далёка. Але кожды раз, як дно куфра трашчэла, купецкі сын вельмі баяўся, каб яно не разшчапілася, бо тагды яму прышлося-б зрабіць такі скок, што крый Божа! Такім чынам заляцеў ён у турэцкі край. Куфар паставіў у лесі, прыкрыўшы яго апаўшым лісьцьцём, а сам пайшоў у горад. Гэта ён мог зрабіць вельмі лёгка, бо тамака ўсе туркі хадзілі ў такой самай вопратцы, якая была на ім, — у пантофлях і сьвітцы. Сустрэў ён мамку з грудным дзіцяткам.
— „Гэй, ты, турэцкая мамка,—мовіў ён,—скажы мне, што гэта за такі вялікі палац з вокнамі пад самай страхою?“
— „Тутака жыве дачка караля“, — адказала яна, — „Ёй наваражылі, што ў яе здарыцца вялікае няшчасьце, якое будзе ад каханага чалавека і дзеля гэтага да яе не дапушчаюць нікога, бяз прысутнасьці караля і каралевы“.
— „Дзякуй“, — сказаў сын купца, і пайшоў зноў у лес, сеў у свой куфар, заляцеў на страху палацу і праз вакно — у пакой каралеўны.
Каралеўна лежала на багатым пэрскім дыване і спала; яна была гэткая прыгожая, што сын купца ня мог ўстрымацца, каб не пацалаваць яе. Тагды яна праснулася і вельмі спалохалася; але ён ей сказаў, што ён — турэцкі бог, прыляцеў да яе па паветры і гэта каралеўне вельмі спадабалася.
Гэтак яны сядзелі побач і ён разказваў ей казкі аб яе вочках: бытцам яны найпышнейшыя цёмныя вазёры, ў якіх думы плаваюць бытцам русалкі. І расказаў ён ей пра яе лоб: бытцам гэта сьнегавая гара ў сярэдзіне якой месьцяцца цудоўныя галерэі з дзіўнымі залямі і абразамі. І расказаў ён ей аб бусле, які прыносіць мілых маленькіх дзетак.
Так, чарадзейны былі гэты казкі. Пасьля сын купца папрасіў рукі каралеўны і яна зараз-жа згадзілася.
— „Толькі, — сказала яна,—вы павінны прыйсьці сюды ў суботу. Кароль і каралева будуць у гэты дзень піць у мяне гарбату. Яны палічаць за вялікі гонар, што я выходжу замуж за турэцкага бога. Але прыгатуйце толькі якую-кольвек добрую казку, бо мае бацькі надта ўжо любяць казкі. Матуля любіць больш навучальныя і паважныя, а тата — самыя сьмешныя“.
— „Так, я абавязкова прынясу ў падарунак казку,“ — сказаў ён і яны разсталіся.
На развітаньне каралеўна падаравала яму шаблю, абкладзеную чырвонцамі, якія ён выкарыстаў на свае патрэбы.
Купецкі сын паляцеў, купіў сабе новы плашч, а пасьля пайшоў у лес і пачаў прыдумваць казку, да суботы яе трэ было прыгатаваць, а гэта ня такая лёгкая справа.
Аднак, да суботы казка была гатова.
Кароль і каралева і ўвесь двор чакалі яго пьючы ў каралеўны гарбату і сустрэлі як найлепей,
— „Ці ня будзеце так ласкавы;—сказала каралева, — расказаць нам цяперака казку, глыбока паважную і навучаючую.
— „Але, каб усё-ж ікі магла насьмяшыць“. — дадаў кароль.
— „З вялікай прыемнасьцю“, — адказаў купецкі сын і расказаў вось што:
—„Жыла некалі на сьвеце скрыначка серчыкаў; і вельмі пышалася яна сваім высокім паходжаньнем. Яе фамілійнае дрэва, гэта значэ вялікая сосна, з якой серчыкі былі зроблены, расло ў вялікім лесе. Раз лежалі серчыкі паміж крэсівам і старым жалезным гаршчком і расказвалі сваім суседзям аб сваей моладасьці. — „Так,—казалі яны,—ў тую пару, як жылі мы на зялёнай галінцы, вось жыцьцё нам было! Кожды вечар частаваліся мы брыльлянцістай расіцай—гарбаткай, цэлы дзень сьвяціла на нас сонца, і птушкі разсказвалі нам свае казкі. Нам ужо змалку было відаць, што мы вельмі багатыя, бо лісьцястыя дрэвы былі адзеты толькі летам, а наша сямья мела спрамогу насіць зялёную вопратку як леткам, так і зімою. Але раз зрабілася рэвалюцыя, — прыйшоў дрывасек і нашую сямью вырубаў. Родазверхніка нашага зрабілі першай мачтаю на вялікім караблі, які мог аб‘ездзіць ўвесь сьвет, калі-б яму таго пажадалася; другія галіны разбрыліся па другіх мейсцох, а нам трапіла на долю даваць сьвет цёмным людзям. Дзеля гэтага вось, мы, знатныя родам, і ляжымо цяперака ў гэтай кухні.“
— „Мая доля саўсім другая, — сказаў жалезны гаршчок. — Ад часу самых маіх нарадзін мяне заўсёды чысьцяць пяском і ставяць на агонь. Я турбуюся толькі аб аднэй прыгожасьці і я першая асоба ў гэтым доме. Мая адзіная прыемнасьць — стаяць пасьля абеду старэнна вычышчаным нп маім мейсцы і вясьці паважную гутарку з маімі сябрамі. Апрыч вядра, якое, час ад часу, выносіцца на двор, мы ўсе тутака жывем у чатырох сьценах. Навіны прыносіць нам толькі кашолка для спажыўных прадуктаў, калі вертаецца з рынку; але яна, так безпашанна і лаючыся гаворыць аб дзержаўных установах і народзе, што страх! Нідаўна адзін стары гаршчок, чуючы гэта ад яе, са страху ўпаў і разьбіўся на кавалкі. Так, гэта ўжо кашолачка — німа што казаць!“
— „Ну, ты ўжо за шмат разгаварыўся, — перарвала яго крэсіва і стукнулася аб крэмень так, што ажно іскры пасыпаліся. — Ці не павесяліцца нам лепш сягоньня вечарам?“
— „Давайце весяліцца, — будзем гаварыць аб тым, хто з нас знатнейшы, — сказалі серчыкі“.
— „Не, запярэчыў гаршчок, — я не люблю гаварыць сам аб сабе. Давайце разпачнем вячорную гутарку. Я зачну. Кожды з нас раскажа прыгоду са свайго жыцьця; гэта вельмі вясёла і прыемна! Пачынаю. На беразі аднэй з дацкіх заток.“
— „Добры пачатак, — сказалі ўсе талеркі. — Гэтае апаведаньне, напэўна нам спадабаецца.“
— „Так, — казаў далей гаршчок, — тамака я правёў свае маладые годы ў аднэй ціхай сямьі; мэблі ў гэтым доме былі пакрыты глянсам, падлогі заўсёды блішчэлі як люстра, і кождыя два тыдні завешваліся чыстыя фіранкі.“
— „Ах, як вы цікаўна апаведаеце!“ — сказала качарга, — „Адразу відаць, што гаворыць асоба, якая многа бывала ў таварыстве кабет. Так і чуецца нешта далікатнае“.
— „Так гэта адразу відаць,“ — сказала вядро да вады і крыху паддзыгнула ад радасьці.
Гаршчок далей цягнуў сваё апаведаньне і канчатак яго быў такі самы прыгожы, як і пачатак.
Усе талеркі загрукацелі ад радасьці, а качарга знайшла недзе зялёную пятрушку і прычапіла яе да галавы гаршчка. Яна ведала, што гэткім чынам раззлуе ўсіх, бо ўсе зайздравацімуць. Апрача таго качарга мяркавала так: „Калі я плажу яму вянок сягоньня, дык ён зробіць тое самае мне заўтра.“
— „Цяперака мы паскачам,“ — сказалі вугальныя шчыпцы, і пусьціліся скакаць. Божа літасьцівы! Як яны падымалі ў верх ногі! Бацюхны! Старая дошчачка ад крэсла, якая лежала ў куце, трэснула, калі ўбачыла гэта.
— „Ці ўскладуць на нас вянок!“ цікавіліся клешчы. І таксама атрымалі пажаданую нагароду,
— „Які ўсё гэта просты народ!“ — думалі серчыкі,
Пасьля наступіла чарга самавару пеяць. Але той абвесьціў, што перамерз і ня можа пеяць, калі ў ім не вараць. Але гэта была толькі адгаворка. Ён лічыў сабе зьневагай пеяць інакш, як ў паноў на стале.
На вакне лежала старое гусіное пяро, якім пісала толькі кухарка. Ў ім ня было нічога выдатнага, апрача таго, што яно было заліта чарніламі. Але гэтым як раз пяро і чванілася: „Калі самавар ня хоча пеяць, — сказала яно, — дык і ня трэба! Тут за вакном вісіць у клетцы салавей, які ўмее пеяць. Ён, праўда, ніколі пеяць не вучыўся, але сягоньня вечарам мы зробімо яму экзамін.“
— „Я лічу вельмі непрыстойным, — сказаў імбрычак (ён быў прыяцель і кроўны самавару), — змушаць усіх нас слухаць чужаземную птушку. Хіба гэта патрыатычна?!“
— „Я гэтага перанесьці не магу, — ўмешалася кашолка,—я так разазлавалася, што ўявіць немагчыма! Ну, ці-ж можна так праводзіць вечар? Было-б, я думаю, куды разумней распачаць якую-небудзь гульню, а я-б была загадчыцай ў гэтым.“
— „Так, так, пачнем гуляць!“—закрычалі ўсе.
На жаль пры гэтым адчыніліся дзьверы і ўвайшла кухарка. Усе прыціхлі і не варушыліся. Але не было ніводнага гаршчка, які бы ня думаў, што ён можа больш за ўсіх зрабіць. „Так, каб я толькі захацеў, — казаў кожды сам да сябе, — мы правялі-б вечар у-га, як вясёла!“
Кухарка ўзяла серчыкі і растапіла агонь. З якім пшыкам яны запаліліся.
— „Ну, вось, цяпер,—думалі серчыкі,—ўсе маюць магчымасьць бачыць, што мы тутака першыя. Які ў нас блеск! Якое сьвятло!“
І з гэтымі словамі яны згарэлі.
—„Вельмі добрая казка!“—сказала каралева.— Мне здавалася, што я сама сяджу ў кухні разам з серчыкамі… Так, за гэта ты станеш мужам нашай дачкі.“
— „Разумеецца“,—сказаў кароль.— „І ў панядзелак ты жэнішся з ёю.“
Цяперака яны ўжо казалі яму „ты“, бо ён уходзіў ў іхню сямью.
За дзень перад вясельлем увесь горад быў прыбраны агнямі. Народу раскідалі шмат сухаркоў і пернікаў; хлапчукі падымаліся на пальчыкі, крычалі каралю „слава“ і сьвісталі ў пальц. Пышнасьць сьвята была невымоўная.
—„Ну, і мне-ж трэба зрабіць што небудзь для народу,“—падумаў купецкі сын. І ён накупляў рожных файвэркаў, траскучак, — наклаў у свой куфар і паляцеў па паветры.
Божа які падняўся гоман!
Усе туркі падскочылі ад зьдзіву так высока, што пантофлі іх паляцелі ім праз галовы. Такога з‘явішча ў паветры яны на сваім жыцьці не бачылі. Цяперака ім стала ясна, што жаніх каралеўны запраўдны турэцкі бог.
Апусьціўшыся ў сваім куфры ў лес, купецкі сын падумаў: „Пайду-ж я ў горад даведацца, што людзі кажуць аба мне.“ І саўсім зразумела, што яму хацелася гэта ведаць.
Божа, чаго толькі не казалі ў горадзе. Кожды, каго ён ні пытаўся, гаварыў аб ім па свойму. Але спадабаўся гэны яго палёт усім.
—„Я бачыў самога турэцкага бога,“ — казаў адзін. — „Вочы ў яго былі бліскучыя, як зоры, а барада, бытцам запененая вада.“
— „Ён ляцеў ў агністым плашчы,—казаў другі, а з фалдаў гэнага плашча выглядалі анёльчыкі.“
Так, цудоўныя рэчы расказвалі яму, а надругі дзень мелася быць яго, вясельле.
Пайшоў ён ізноў у лес, каб сесьці ў свой куфар, але куды-ж ён падзеўся? Ён згарэў: іскра ад файвэрку засталася ў ім, ад яе разгарэўся вялікшы агонь і замест куфра лежаў гурбок попелу.
Цяперака купецкі сын ляцець ужо ня мог, ня мог дабрацца да сваёй нарэчонай.
А яна стаяла цэлы дзень на ганку і чакала; бадай што яна чакае і да гэтай пары. А ён ходзіць па сьвеце і расказвае казкі, ды толькі яны ўжо не такія вясёлыя, як тая, што ён выдумаў аб серчыках.