Казкі (1923)/Пяро і каламар

Гордая іголка Пяро і каламар
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
1923 год
Арыгінальная назва: Pen og Blækhuus (1859)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Куфар самалёт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЯРО І КАЛАМАР.

Ў пакоі паэты, дзе на стале стаяў яго каламар нехта заўважыў:—„Дзіўна, чаго-чаго толькі не выходзіць з гэтага каламару! Цікава, што гэта цяперака паэта чэрпае з яго… Што новага ён нам напіша? Дзіўна, вельмі дзіўна!“

— „Ну, але, — сказаў каламар: — гэта нават ня толькі дзіўна, а прост цудоўна. Я заўсёды гэта казаў і цяпер кажу,—ня сьціхаў ён звертаючыся да пера і другога пісарскага рыштунку, які стаяў на стале. — Праўда, чаго толькі ня выходзіць з мяне. Проста назвычайна! Я, прызнаюся, і сам ня ведаю, што выйдзе, як толькі паэта пачынае чэрпаць з мяне. Аднэй маёй кроплі стачыць, каб напісаць палову страніцы, а чаго-чаго ня стоўпіцца на ёй… Я, запраўды, нешта назвычайнае… З мяне выйшлі ўсе творы паэты, ўсе гэтыя жывыя абразы, якія здаюцца ўсім даўно знаёмымі, гэтыя шчырыя пачуцьці душы, гэты гумар, гэтыя прыгожыя апісаньня прыроды! Я і сам не разумею, як ён мог узяць іх з мяне, бо сам я саўсім не знаю прыроды, але відаць гэта ўжо ў мяне прыроднае… З мяне-ж выйшлі ўсе гэтыя многія цудоўна-прыгожыя дзеўчаты, адважныя рыцары на ўсьпененых конях, сьляпыя калекі і — ды ўсяго і ня пералічыш. Запэўняю вас, што пры гэтым я нават саўсім ня думаю.

—„Што да думаньня, дык вы сказалі шчырую праўду,“—заўважыла пяро.—„Вы запраўды ніколі і ні аб чым ня думаеце, бо інакш вы даўно зразумелі-б, што даеце толькі цекладзь, пры дапамозе якой я магу напісаць на паперы тое, што жывё ў мне. Пяро,—вось хто піша, а не каламар! У гэтым не сумневаецца ніводзін чалавек, а большасьць людзей кеміць ў паэзыі, ў каждым здарэньні, ня меней, як стары каламар“.

—„У вас мала прыктычнасьці“,—атказаў каламар. — „Вы яшчэ і тыдня ня адслужылі, а ўжо не здатны да ўжытку. І вы сябе уяўляеце паэтам!? Вы проста служка! Перш, чым вы яшчэ зьявіліся на сьвет, у мяне ўжо перабывала на службе шмат вашага брата, як гусінага паходжаньня, так і фабрычнага вырабу. Знаю я вас усіх, і гусіных і сталёвых! Не мала я вас бачыў на сваім вяку, і шмат яшчэ прыдзецца вашаму брату паслужыць. мне,—быў бы толькі чалавек, які браў-бы на сябе турбацыю перадаваць на паперу тое, што ён можа пачэрпнуць з мяне. А цікава ведаць, што цяперака ён дабудзе з мяне?“

—„Чарнільная памыйніца!“—агрызнулася пяро.

Позна вечарам паэт вярнуўся да хаты. Ён быў на канцэрце, дзе слухаў выдатнейшага скрыпача і яшчэ знаходзіўся пад ўражаньням яго чароўнай музыкі. Артыста дабываў са свайго інструманту цэлае бяздоньне згукаў: скрыпка зьвінела, як падаючыя кроплі дожджу, то бытцам разсыпаючы пэрлы, то пеяла як птушкі-шчэбятушкі, то стагнала, як віхар у лес. Паэту здавалася, што ён чуе плач свайго ўласнага сэрца, але ў такіх салодка-прыгожых згуках, якія могуць пеяцца толькі мілым жаночым голасам. Здавалася, што згукі паходзяць ня толькі ад струн скрыпкі, але, ад смычка і ад самаго дрэва. Гэта было нешта незвычайнае. І як ня трудная была рэч, якую ён іграў, здавалася, бытцам артыста грае жартуючы, бытцам смычок яго сам па сабе ходзіць па струнах, і ўсякі другі на яго мейсцы патрапіў бы так іграць. Скрыпка бытцам грала сама, смычок сам рухаўся, дык аб артысьце, які трымаў гэтую скрыпку і паводзіў смычком, які ўкладваў ў ігру сваю душу і жыцьцё, — зусім забываліся, Так, аб тварцу забываліся… Але паэта памятаў аб ім, ён ведаў яго імя і запісаў аб ім свае думкі:

— „Ці разумна гэта было-б, калі-б скрыпка і смык надумалі-б хваліцца сваімі здольнасьцямі. А мы, людзі, часта-густа робім гэтак: паэта, маляр, мастак, ваевода, — ўсе яны пышаюцца сваімі чыннасьцямі, а між тым, ўсе яны толькі інструманты ў руках нябеснага Тварца. Яму аднаму належыць чэсьць і слава. У нас німа нічога, чым бы мы маглі пышацца“.

Так, вось што напісаў паэта. Ён напісаў гэта ў форме прыповесьці і даў назову: „Артыста і інструмант“.

— „Гэта ў ваш гародчык, паночку!“—сказала пяро каламару, калі яны ізноў засталіся адны ў пакоі.—„Вы чулі, як ён чытаў тое, што я напісала.“

— „Тое, што было ўзята з мяне? Ну, разумеецца чуў. Вы саўсім заслугоўвуеце гэтай прытычкі за сваю пышалкаватасьць. І як гэта вы не дагадаліся, што з вас насьмехаюцца. Я ад усяго сэрца падараваў вам гэтую прытычку. Я знаю дарэчнасьць маей насьмешкі.“

— „Ах, ты памыйніца!“ — сказала пяро.

— „Нягодная прутавіна!“ — агрызнуўся каламар.

І абое засталіся саўсім пэўнымі, што пераспрэчалі адзін другога. Такое пераконаньне вельмі прыемнае, з ім і сьпіцца спакайней і пяро з каламарам такі запраўды заснулі. Не спаў толькі адзін паэта. Ў яго галаве радзіліся думы, бытцам згукі скрыпкі, то мяккія і кволыя, бытцам разсыпаныя пэрлы, то магутныя і грозныя, бытцам віхор у лесе. Гэта былі згукі яго сэрца і яму здавалася, што нібы на хвіліну ён убачыў у гэтых згуках самога Адвечнага Тварца: Яму-ж аднаму ўся чэсьць і пахвала!