Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Прадмова

Ад выдавецтва Прадмова
Прадмова
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год
Уступ да гісторыі Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прадмова да 3-га выдання «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ПРАДМОВА.

Нам усім добра вядомы той соцыяльна-палітычны ўклад жыцьця, які быў пад цяжкаю рукою самаўладзтва ўва ўсёй Расеі і ў нас на Беларусі. Змагаючыся з усім тым, што было жывым, карысным для народу, самаўладзтва змагалася і з усім тым, што мела на сабе ад’знакі мясцовага, ці нацыянальнага кірунку. Усё вялікае, агульнае ставілася замест дробнага, мясцовага і нацыянальнага. Панавала ідэя імпэрыялізму. Афіцыяльна істнавала палітычна і культурна толькі адзіная і непадзельная Расея, якая ведала і паддзержвала адзіную і непадзельную гісторыю, „агульна-рускую“ гістрыю. Такая гісторыя чыталася і выкладалася ўва ўсіх школах імпэрыі, і яе вучыліся ўсе народы імпэрыі, на якой-бы мове яны ні гаварылі, да якой-бы нацыянальнасьці яны ні належалі. На гэтай „агульнарускай“ гісторыі адукаваліся і мы — беларусы.

У часы імпэрыі не зварачвалася увагі на тое, што з культурнага пагляду ніколі ня было цэльнай адзінай Расеі. Было зьняважана тое, што гэтая палітычна-адзіная Расея лічыць у сваім складзе 140 народаў; што прырода Расеі пяе розныя сьпевы і фармуе асобныя этнаграфічныя твары народаў; што падданыя адзінай імпэрыі гавораць рознымі мовамі і маюць кожны сваё мінулае, на каторым будуецца будучыня.

І што-ж зрабілася? Зрабілася тое, што і павінна было зрабіцца. Мы ніколі ня ведалі і цяпер ня ведаем агульнарускай гісторыі, бо толькі тагды магчыма знаць агульнае, калі мы ведаем дробнае, асабістае, прыватнае. У гісторыі, таксама, як і ў другіх навуках, павінна ісьці не ад агульнага да асобнага, а наадварот.

Здаецца, моцна стаіць зялезны кумір самаўладзтва, моцна дзяржыць у магутных руках культурную, этнаграфічную, географічную і палітыка-соцыяльную разнастайнасьць. Але прабіў час і рухнуў кумір, бо ня было ў яго апоры, бо былі ў яго, як у таго біблейскага куміра, гліняныя ногі. Калі ўпаў кумір, то ўвесь абшар Расеі засыпаў ён сваімі руінамі і друзгамі. Паднялася вялікая цемра ад густога пылу. І здавалася нам, што нічога няма наўкола нас, апроч гэтай цемры і пылу. Але аблёгся пыл, зьнікла цемра, і пачалі мы аглядацца навокала. Пад нагамі нашымі, сярод руін і друзгаў ужо пачалі выбівацца з пладавітай глебы чалавечага жыцьця новыя, чуць прыметныя расьліны. Сярод гэтых новых расьлін асабліва хутка пачалі падымацца ўгару расьліны фэдэралізму, іначай кажучы, расьліны індывідуалізму і індукцыйнай творчасьці.

Пачалося на могілках новае жыцьцё. У нашыя часы мы бачым, як усё навокала нас фэдэралізуецца.

Найперш за усё пачалася фэдэралізацыя ў палітычным будаўніцтве. Замест адзінай і непадзельнай Расейскай імпэрыі мы бачым шмат новых палітычных арганізмаў. У цяжкіх муках творчасьці нараджаюцца на сьвет дзяржавы прыгнеценых, невялікіх, нават маленькіх народаў. Урэшце і Беларусь наша пабачыла ў векавечным сьне сваё дзяржаўнае мінулае, загаварыла аб сваіх чалавечых правох і пачала сярод рэвалюцыйнага і ваеннага гурагану будуваць сваю дзяржаўнасьць.

За палітыкай пайшло фэдэралізавацца і зканамічнае жыцьцё. Кожная старана пачала з вялікаю увагаю падлічваць свае народныя скарбы, капіталы і маетнасьці. Зьявіліся гандлёвыя палаты і зканамічныя місіі ў розных народаў.

У пазьнейшыя часы фэдэралізуецца штукарства, фэдэралізуецца і навука, шукаючы для сваёй творчасьці і працы грунту ў мясцовым і нацыянальным жыцьці. Паміж іншымі навукамі пачала сваю фэдэралізацыю і гісторыя. У шырокіх колах грамадзянства пайшоў вялікі запыт на гісторыі асобных народаў, якія да апошніх часоў і за народы ня лічыліся. Агульныя курсы перасталі здавольваць чалавека, бо ён не знаходзіў там таго, што датычыць жыцьця асобных народаў. Падняўся запыт і на гісторыю нашай бацькаўшчыны Беларусі.

Цяжкую працу будзе зараз несьці той, хто задасца мэтай працаваць над гісторыяй асобнаго народу, напрыклад — беларусаў. Вайна зруйнавала край. „Эвакуацыя“ на захад і на ўсход зьнішчылі край ня толькі ў эканамічным, але і ў навукова-культурным сэнсе. Няма гістарычных матэр’ялаў, няма падручнікаў. Рэвалюцыйны гураган не дае магчымасьці працаваць спакойна, об’ектыўна. Апроч таго, ня звыклі мы да працы над чым не невялікім, дробным. Мы прызвычаіліся лёгка глядзець на дробнае, не даваць яму цаны, а часам мы і зусім дробнага ня бачым.

Цяпер трэба пісаць і працаваць іначай. Мы павінны згары спусьціцца ўніз, каб тут, унізе, а не з вышыні птушынага лёту, рабіць нашу працу. Калі чалавек з вышыні птушынага лёту глядзіць уніз, ўсё здаецца яму гладкім, роўным і простым. Ен бачыць толькі плян і ня можа шчыльна прыгледзецца да дэталіяў малюнку. Каб знаць дэталі малюнку, трэба спусьціцца ўніз.

Узяўшы ў рукі ясны ліхтарчык, павінны мы шаг за шагам абыйсьці мінулае нашай бацькаўшчыны. Ані адзін куточак нашага многапакутнага жыцьця ня можа і не павінен астацца бяз нашага агляду. І калі ўсе, навет найцямнейшыя куточкі жыцьця кожнага народу будуць вядомы, тагды толькі магчыма будзе ўзяць крыльлі вольнай птушкі, падняцца ўверх і адтуль з вышыні паглядзець на жыцьцё ўсіх народаў. Такі пагляд з вышыні дадасьць да нашага малюнку агульны плян жыцьця.

Але раней трэба ўзяцца за чорную працу. Ужо прыйшоў гэты час працы, час індукцыйнага будаваньня. Над крыжамі бацькоў падымаецца новая, маладая Беларусь. Цяжкай працай, белай, чыстай душою, бярэ яна месца сярод братоў сваіх, іншых славянскіх народаў.

„Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю!
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Вецер косьці тачыў непакрытыя!
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над курганамі!
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між славянамі!“
(ЯНКА КУПАЛА).

У. І.