Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Уступ

Прадмова Уступ да гісторыі Беларусі
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год
Пэрыяды гісторыі Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уступ да гісторыі Беларусі.

Звыклі мы лічыць нашу бацькаўшчыну невялікаю па абшару яе тэрыторыі і ліку насельнікаў яе. Пэўна, так яно і будзе, калі мы параўнуем Беларусь з такімі дзяржавамі, як Велікабрытанія з калёніямі, Кітай, Нямеччына, Францыя, Расея і г. д. Але будзе ня так, калі параўнуем Беларусь з такімі невялікімі гаспадарствамі, як напрыклад, Швэйцарыя, Данія, Бэльгія і Голяндыя.

Цікава яшчэ параўнаваць Беларусь з тымі маладзенькімі, вырасшымі на грунце сучаснай рэвалюцыі дзяржавамі — рэспублікамі, якія ў наш час змагаюцца за сваю незалежнасьць і за свае дзяржаўныя правы.

Украіна: 800,000 кв. км., — 45,000,000 жыхароў, з іх 72 прац. украінцаў. Беларусь: 300,000 кв. км., — 14,075,000 жыхароў, а з іх 77 проц. беларусаў. Літва: 125,000 кв. км., — 2,000,000 жыхароў. Эстонія: 47,000 кв. км., — 1,750,000 жыхароў. Латвія: 64,196 кв. км., — 2,552,000 жыхароў, з іх 72 проц. латышоў. Паўночны Каўказ: 150,000 кв, км., — 4,300,000 жыхароў. Азэрбэйджан: 100,000 кв. км., — 4,500,000 жыхароў, з іх 75 проц. турка-татар. Грузія: 90,000 кв. км., — 3,000,000 жыхароў, а з іх 75 проц. грузінаў. Армэнія: 320,000 кв. км., — 4,000,000 жыхароў, з іх 75 прац. армянаў.

Зрабіўшы гэтыя параўнаньні, мы бачым, што ня так ўжо малая наша Беларусь. Хопіць гэтае зямелькі для таго, каб магчыма было добра жыць тут ня толькі беларусам, але і другім тутэйшым народам. Толькі-б ніхто не руйнаваў гэтай зямелькі і не рабаваў.

Няма тут высачэнных гораў і глыбокіх прорваў. Куды ні глянь, ляжыць перад табою амаль-што аднастайная раўніна, сярэдняя частка якой пакрыта балотамі, сенажацямі, лясамі-пушчамі і вялікім лікам вазёр.

Рэдка калі ў часы свайго мінулага жыцьця бачыла Беларусь часы згоды. Заліта яна ня толькі потам, але і крывёю.

Колькі вялікіх боек народаў адбылося на яе абшарах! І курганы, якія раскіданы па ўсёй Беларусі, сьведчаць і гавораць маўчком аб тым, што калісь тут было. Цяжкае, гаротнае мінулае нашай старонкі як-бы палажыла на яе твар сваю пячатку, спавіла яе горам і пакутаю. Над краем як-бы вісьне векавечная жальба на цяжкую долю, вісьне ціхі смутак. Вось як беларускі пясьняр, сын сваей зямелькі і народу, Якуб Колас, пяе ў адным з сваіх твораў пра Беларусь:

„Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Зьбіты ў кучы твае вёскі,
У зямлю стрэхі ўходзяць,
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць…
Усё ў табе, мой родны краю,
Усё спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам,
Тая песьня, што на полі
Жнеі васьпяваюць,
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць.“

У гэтай краіне цёмнай, беднай, горам спавітай, жыве беларус. Часта толькі па абліччу магчыма адрозьніць яго хоць-бы ад велікаруса ці украінца. Найчасьцей беларус росту сярэдняга, складу пахілага[1], на сваіх плячох нясе ён цяжар свайго мінулага і сучаснага жыцьця. У выразным твары яго ёсьць нейкаясь мягкасьць, якая найбольш залежыць ад спакойнага і ласкавага пагляду яго шэрых ці блакітных вачэй.

Беларус ёсьць прадстаўнік самага чыстага этнаграфічнага тыпу ўва ўсходня-славянскім пляменьні. З гісторыі Беларусі мы бачым, што беларускае плямя праз увесь час свайго мінулага жыцьця ня зьлівалася з народнасьцямі іншых расаў. Ня так было з велікарусамі і ўкраінцамі: яны жылі пры такіх умовах, што ім немагчыма было захаваць свой старажытны энаграфічны тып. Турка-мангольскія пляменьні праз некалькі вякоў ішлі праз паўднёвыя сьцепы, у вялікім ліку аставаліся там і рабілі паходы, як на паўднёвую, так і на паўночна-усходнюю Русь. Многа вякоў і ўкраінцы і велікарусы пражылі пад турка-мангольскім панаваньнем і этнаграфічным іх уплывам; на поўначы і на паўночным усходзе рускія пляменьні ў сваім расьсяленьні спаткаліся з фіна-манголамі. Вялікарускія пляменьні зьліваліся з фінамі і русыфікавалі іх. Гэтая гістарычная зьява цягнецца аж да нашага часу. Пэўна, што сумеснае згоднае жыцьцё з фіна-манголамі і русыфікацыя іх мелі свой і абаротны бок, г. ё. этнаграфічны ўплыў фінаў на велікарусаў. Што датычыць беларусаў, то мы ведаем, што турка-мангольская лавіна да іх не дакацілася, а фіна-мангольскія пляменьні ня былі іх суседзямі[2]. На беларусаў мог быць уплыў літоўскай крыві, і, пэўна, доўгае суседзтва і сужыцьцё з літвінамі зрабіла гэты уплыў. Што датычыць да палякоў, то іх этнаграфічны ўплыў ня мог быць значным, бо палякі былі ў Беларусі вышэйшым, шляхоцкіх станам. Тыя беларусы, якія зьліваліся з імі, былі прадстаўнікамі таксама шляхоцкага беларускага стану. З гісторыі нам вядома, што гэтыя беларусы адыйшлі ад свайго народу і сталі палякамі. Што датычыць да шырокіх масаў беларусаў, то польскага ўплыву тут не магло быць: паміж панам-паляком і мужыком-беларусам была глыбокая сацыяльная прорва. З усяго вышэйпаданага мы бачым, што этнаграфічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса ня было. Калі і прызнаць этнаграфічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты уплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяны, толькі заходняй галіны.

Тэрыторыя Беларусі ня можа пахваліцца добраю глебаю: зямелька Беларусі, за выключэньнем некаторых паветаў, малаўрадлівая. Шмат працы трэба ўлажыць у зямлю, каб яна дала кавалак хлеба. І беларус шчыра працуе. Ня гледзячы на невялікі ўзрост і пахілы склад, ён вытрыманы працаўнік. Гэта добра ведаюць усе падрадчыкі на земляныя работы; добра ведае Амэрыка, бяручы з Беларусі работніка на цяжкую чорную працу. Найбольш прывязаны сучасны наш беларус да земляробства. Ён, як кажа пясьняр Янка Купала, „пан сахі і касы“. І толькі тады, калі няма ў беларуса гэтага панства, ён ідзе на другія работы.

Сваю гісторыю мае беларус, хоць і ня ведае яе. Але павінен настаць час, калі і беларус зацікавіцца гісторыяй свайго роднага краю. Бяз гэтага ён ніколі ня зможа стаць грамадзянінам сваёй бацькаўшчыны. Толькі гісторыя дае моцны грунт для нацыянальна-грамадзянскага самапачуцьця.


  1. Увага Рэдакцыі: Навейшыя досьледы гэтаму пярэчаць; найбольшы працэнт беларусаў росту сярэдняга і нават вышэй сярэдняга.
  2. Увага рэдакцыі: Апошняе праўдзіва прыпушчальна. Па навейшых досьледах фінскія пляменьні займалі ўвесь поўнач Эўропы прыблізна да шырыні ракі Прыпяці і то аж да далёкай Англіі на выспах. На цяперашняй этнографічнай Беларусі фінскія пляменьні бязумоўна жылі таксама, асабліва ўва ўсходняй яе частцы, аб чым сьведчыць хацяж-бы географічная номэнклятура.