Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Трэці пэрыяд

Другі пэрыяд гісторыі Беларусі. (XIII—XVI ст.) Трэці пэрыяд гісторыі Беларусі. (XVI—XVIII ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год
Чацьвёрты пэрыяд гісторыі Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трэці пэрыяд гісторыі Беларусі.
(ХVІ–ХVІІI ст.)



Люблінская вунія 1569 г.

Ня гледзячы на вунію 1386 году, Літва і Беларусь ня зьліліся з Польшчай за час мінулага пэрыяду. Абедзьве дзяржавы захоўвалі свой палітычны і культурны твар. Не дарма вуніі і пасьля 1386-га году некалькі разоў паўтараюцца юрыдычна. Гэты факт юрыдычных паўтарэньняў сьведчыць аб тым, што кожны з юрыдычных актаў ня меў жыцьцёвай, фактычнай сілы. Але з другога боку гэты факт сьведчыць і аб тым, што былі нейкія ўмовы ў жыцьці абедзьвюх дзяржаваў, каторыя прымушалі тварыць многа разоў юрыдычныя вуніі. За час супольнага юрыдычнага жыцьця ў Ліцьве і Беларусі стварыліся такія дзяржаўныя, соцыяльныя і культурныя зьявы, каторыя збліжалі гаспадарства з Польшчай. Гэтыя зьявы залежалі, так ад паступовага руху ў жыцьці самага гаспадарства, як і ад польскага ўплыву. Гарады дасталі Майдэборскае права; шляхта пачала займаць такое становішча, пры каторым згінула ўлада караля і правы другіх станаў гаспадарства; у вышэйшыя станы сачылася польская культура і выціскала культуру беларускую і г. д. Усё гэта павінна была ўкрапляць і гатаваць глебу для фактычнай рэальнай вуніі. Да гэтага-ж вялі і чыста надворныя, часам прыпадковыя, падзеі ў абодвух гаспадарствах.

Мы ведаем, што, пачынаючы з канца 14 веку, на Літву і Беларусь ідзе націск з усходу, з боку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск пустошыць і руйнуе асабліва беларускія землі. У другой палавіне 16 стагодзьдзя (1558–1582) з перарывамі і пераменным шчасьцем цягнулася, так званая Лівонская вайна, пачатая Іванам Грозным. Лівонія, разьбітая маскоўскімі войскамі, аддалася пад абарону Літвы, і Іван пусьціў свае войскі на Літоўска-Беларускае гаспадарства. Маскоўская армія, больш, як у 250 тысячаў, у 1563 годзе аблажыла і ўзяла горад Полацак. Шмат народу загінула, вялікая багацьце золата, серабра і дарагіх рэчаў была забрана ў Маскву. Шукаючы ратунку ад Масквы, Літва і Беларусь павінны былі думаць аб апоры ў Польшчы.

Польскім каралём і Літоўска-Беларускім гаспадаром быў у гэты час Жыгімонт III (II) Аўгуст. Ен быў ужо немалады і не спадзеваўся на патомства. Канчалася такім спосабам лінія Ягелёнаў, якая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскія палітыкі баяліся, што па сьмерці апошняга Ягелёна, Літва і Беларусь могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць сувязь паміж гаспадарствамі да скону караля. Жыгімонт таксама згадзіўся з гэтым. Пачаліся перагаворы.

Прадстаўнікі Літоўска-Беларускага гаспадарства і Польшчы мелі не аднолькавыя думкі аб злучэньні дзяржаваў. Літва і Беларусь хацелі зрабіць вунію, не касуючы незалежнасьці і самабытнасьці свайго гаспадарства. Па іх пляну ў кожнай старане павінен быць свой асобны сойм, некаторыя з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў згаджаліся і на агульны для абедзьвюх дзяржаваў сойм, але ён павінен быў зьбірацца чаргова адзін раз ў Ліцьве і Беларусі, другі раз у Польшчы. Кароль павінен выбірацца і абвяшчацца тою і другою дзяржавамі асобна. Пасады ў кожнай дзяржаве даюцца толькі „тубыльцам“, ураджэнцам яе. Палякі стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасьці Літвы і Беларусі: сойм павінен быць адзін, зьбірацца ён павінен у Польшчы і г. д. У сваіх прапазыцыях беларусы грунтаваліся на тых прывілеях, якія даваліся для Літоўска-Беларускай дзяржавы. Палякі грунтаваліся таксама на асабістых граматах гэтых самых гаспадароў, як каралёў Польшчы, прычым былі такія граматы, якія паніжалі правы Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны падкрэсьлівалі, што ў Польшчы былі каралі, а ў Ліцьве і Беларусі вялікія князі, каторыя па тытуле ніжэй каралёў. Перагаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо і тады некаторыя з вяльможаў прыкмецілі, што беларусы, ліцьвіны і палякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма так, як немагчыма пераканаць гэбрэя на аснове новага тэстамэнту.

Для канчаткавага выяўленьня пытаньня быў вызначаны сойм у Любліне на 23-е сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускія паслы зьбіраліся памалу. Больш-менш значная большасьць іх сабраліся толькі на 10 студзеня 1569 году. Ніводная з старон не хацела паступіцца сваімі думкамі. Бачучы, што ня можна даступіцца да ладу, літоўска-беларускія дэпутаты разьехаліся па хатах. Тады палякі, апіраючыся на тым, што ўкраінскія землі: Падлесьсе, Валынь, Падолія, некалі былі далучаны да Літоўска-Беларускага гаспадарства продкамі Ягайлаў, прасілі апошняга Ягелёна дараваць гэтыя землі Польшчы. Жыгімонт так і зрабіў. Даведаўшыся аб гэтым, паслы Літвы і Беларусі зноў зьявіліся ў Люблін. Яны пратэставалі проці таго, што было зроблена, кажучы, што Польшча ня мае права прылучыць да свае тэрыторыі землі, каторые ад веку належалі да Літвы і Беларусі. Палякі не адступаліся ад зробленай імі крыўды. Яны бачылі, што Літва і Беларусь знаходзяцца ў такіх цяжкіх варунках, што ў іх няма магчымасьці аружжам бараніць свае правы; што Літва і Беларусь павінны будуць згадзіцца і на такую несправядлівую і крыўдную вунію. Справа ў тым, што Літоўска-Беларускаму гаспадарству на ўсходзе пагражала Масква, на поўдні пагражалі Татары і Туркі. Апроч таго, і Польшча стала-б ворагам, калі-б з ёю ня была зроблена вунія.

Бачучы, што ніякага ратунку няма, літоўска-беларускія паслы: Хадкевіч, Радзівіл і іншыя, малілі палякоў і свайго апошняга вялікага князя з роду Ягелавага, каб яны не рабілі крыўды іх гаспадарству, не паніжалі яго і не адрэзвалі ад яго векавечных яго земляў. Яны кінуліся на калені з плачам перад Жыгімонтам, просячы яго ня губіць гаспадарства, не аддаваць яго ў польскую няволю. Але і кароль і палякі ня выказалі спагады. Жыгімонт прыказаў ім прыняць вунію і прысягнуць Польшчы. Гэтая прысяга на вунію і адбылася 1-га ліпня 1569 году.

На грунце ўмоваў Люблінскай вуніі, Літва і Беларусь злучаюцца з Польшчай у вадно цела, у вадзін дзяржаўны арганізм. Новая непадзельная дзяржава дастае назоў Рэч Паспалітая, іначай кажучы — Рэспубліка. Два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, катары носіць тытул „кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі“. Кароль займае пасад не па спадчыне, а па абраньні. Выбіраюць гаспадара народы абедзьвюх дзяржаваў разам, для якой мэты зьбіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя гаспадара адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь ня маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Сойм у тым і другім гаспадарстве адзін: ён складаецца з дэпутатаў, абраных на мясцовых сойміках. Калі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве ёсьць якія-колечы пастановы, нязгодныя з умовамі вуніі, то яны касуюцца. Грашавыя знакі ў абедзьвюх дзяржавах агульныя. Паміж Польшчай, з аднаго боку, і Літвой і Беларусьсю, з другога боку, мяжы няма. Тавары перавозяцца з аднэй стараны ў другую вольна, бяз усякіх гандлёвых пошлінаў і налогаў. Падданыя абодвух гаспадарстваў маюць права купляць і валадаць нярухомай маетнаесцю і ў той і ў другой старане. Волынь, Падольле і Падлясьсе былі аддзелены ад Літвы і Беларусі і прылучаны да Польшчы, як землі кароны. Ня гледзячы на вунію, кожная з дзяржаваў захоўвала свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасадаў. Трэба таксама ад’значыць, што грошы і ў кароне і ў вялікім княстве былі асобныя ў 16-м і нават у першай палавіне 17-га стагодзьдзя.

Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў істнаваў і раней, але ён ня мог быць сільным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было аніякіх перашкодаў. Польшча скарыстала цяжкае палажэньне вялікага княства, скасавала яго самабытны палітычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахопам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае істнаваньне кароны і княства. Вунія була эгоістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што, пры націску Масквы і Татараў, княства нават не дастала ад Польшчы той дапамогі, якую Польшча дакляравала даць. Беларусь, апроч таго, увайшла ў дзяржаўны арганізм такога гаспадарства, якое ўжо пачало хварэць і палітычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь таксама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшыя станы, каторыя, апалячыўшыся, сталі чужымі для свайго народу.



Берасьцейская царкоўная вунія 1596 г.

Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечвала для Польшчы палітыка-соцыяльны і часткаю культурны ўплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцьці злучаных дзяржаваў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асобнага твару вялікага княства: у Польшчы панавала заходняя хрысьціянства, каталіцтва, на Беларусі — усходняя, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, блізіў Беларусь да Масквы, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумееца, што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне паднялося-б раней 1596 году, каб ня было некай прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 гадоў. Такой прычынаю быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы, як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такія часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную праціўнасьць паміж імі.

Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чэцьверці 16-га стагодзьдзя. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Жыгімонта Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля Боны, Францішак Ліппамані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя выйшла на вуліцу. Гаспадары Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асобаў кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютэранства зацікаўлівала мяшчанскую клясу. У палавіне 16 стагодзьдзя ў землях гаспадарства рэформацыя мела такі ўплыў, што сучасьнікі, гаворачы аб шляхце, лічылі яе цалком протэстанскай. І тут была некая праўда. Вядома, напрыклад, што ў Наваградзкім ваяводзтве з 600 фаміліяў праваслаўных шляхцічаў асталося ў старой сваёй веры ўсяго толькі шаснаццаць. Беларусь стала месцам разьвіцьця рэфармацыйнай навукі і прасьветы. У Несьвіжы працавала добра арганізованая друкарня князя Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікага маршалка Літоўска-Беларускага гаспадарства. Тут-жа зьбіраліся выдатнейшыя прапаведнікі і вучыцялі кальвінізму. Прыняў кальвінскую веру і сам Радзівіл, за ім пацягнулася і акалічная, залежная ад яго высокай пасады і вялікай маетнаеьці, шляхта. У Польшчу, Літву і Беларусь уцякалі людзі вольнага настрою рэлігійнай думкі, каторых гналі ў другіх краёх. У 1555 годзе з Італіі ўцёк у Кракаў Леліў Соцын, каторы не прызнаваў патройнасьці боства. Яго рэлігійныя пагляды, вядомыя пад назовам соцыніянства, антрынітарства і унітарызму, з Кракава хутка сталі пераходзіць і на Беларусь. У 1554 годзе павінен быў пакінуць сваю бацькаўшчыну — Маскву Феадос Касы са сваімі аднадумцамі. Ён, як і Соцын, але зусім незалежна ад яго, таксама вучыў аб адзіным, нятройчым бостве. У пачатку ён працуе ў Віцебшчыне, потым пераяжджае ў Вільню. Усе сучасьнікі гавораць, што гэта быў чалавек вялікай энэргіі і розуму і быў вельмі добры прапагандысты свае рэлігійнае навукі. Заслаўе, Менскага павету, і Любча, Наваградзкага павету, у сваіх друкарнях працавалі над выданьнем кніжак антытрынітарскага, унітарскага кірунку.

Трэба зазначыць, што рэформацыйны рух у Польшчы, Ліцьве і Беларусі ня меў ўсё-ж такі пад сабою пэўнага грунту. Ён меў у сабе такія недахопы, каторыя рабілі яму вялікую шкоду. Найперш, ён не даваў адзінай рэлігійнай тэорыі: ён распадаўся на шмат самых розных, непадобных адна да аднае, сэктаў. Такіх сэктаў можна было ў той час налічыць больш, як 70. І кожная з гэтых сэктаў лічыла праўдзівай толькі адну сябе і змагалася з іншымі сэктамі. А гэта было якраз у той час, калі заняпаўшая каталіцтва зноў паднялося, арганізавала і лічыла свае сілы на Трыдэнцкім саборы; калі яно высунула такіх сільных і практычных працаўнікоў на карысьць папства і царквы, як езуіты. Апроч таго, рэформацыйны рух, як у Польшчы, так і ў Беларусі, ня быў глыбокім рухам. Ён ня спусьціўся ў народныя нізы, не абурыў іх розуму і пачуцьця, не падняў там палітычных і соцыяльных пытаньняў. Ён лёгка закрануў розум і толькі розум шляхоцкага і мяшчанскага станаў. Мужык таго часу ўжо глыбока спусьціўся ўніз па соцыяльных сходах і ня цікавіў ня толькі паноў-протэстантаў, але нават тых рэформацкіх дзеячоў, якія тут працавалі. Беларусь і Польшча, як мы казалі вышэй, ня мела свайго Тамаша Мюнцара, каторы рэформацыю ў Нямеччыне зрабіў мужыцкай справай. Усе гэтыя недахопы загубілі ў нас такі цікавы, паступовы рух, як рэформацыя, — і адкрылі дарогу для працы езуітаў і для клерыкальнага настрою грамадзянетва ў Польшчы.

Мы ня будзем тут даваць гісторыю і рабіць характэрыстыку ордэну езуітаў. Усё гэта добра вядома з агульнай, заходняй гісторыі. Мы толькі ад’значым, што езуіты, як арганізацыя, ёсьць тыповая партыя нашага часу. Яна мела сваю праграму максімум (Божую славу на зямлі), сваю праграму мінімум (пашырэньне каталіцтва і ўлады папы); мела практычную, а не ідэалістычную мораль і этыку, чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую консьпірацыю. Усе гэтыя факты рабілі ордэн магутнай сілай, каторая, дзе-б яна не зьявілася, пачынала хутка і энэргічна сваю больш палітыка-грамадзкую, чым чыста рэлігійную працу. Так было і на Беларусі і ў Польшчы.

Выклікаў езуітаў з Захаду для змаганьня з рэформацыяй віленскі каталіцкі біскуп Валярыян Пратасэвіч. Езуітаў ня трэба было доўга клікаць на працу. У 1569 годзе, якраз у час Люблінскай вуніі, пяць чалавек езуітаў ужо пачалі сваю працу ў Вільні. Усё гэта былі людзі разумныя, вучоныя, добрыя прамоўцы, энэргічныя і стройна арганізованыя. Найраней трэба было ім захапіць у свае рукі палітыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства, як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовыя настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы уплыў на іх розум, яны дасталі магчымасьць здабыць і матэр’яльную, эканамічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой палітычны ўплыў і эканамічнае палажэньне, ордэн прыняўся за народныя масы. Сярод народнай масы найлепшы матар’ял для ўплыву складае моладзь. З яе пачынае сваю працу партыя, з яе павінны былі пачаць сваю працу і езуіты. Хутка ў Вільні езуіты заснавалі сваю школу, так званы колегіум. Закранутая рэфармацыйным рухам грамадзянства, спачатку ня пушчала сваіх дзяцей у каталіцкі колегіум, але езуіты ня спынялі працы, хоць ува ўсей школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, настаўнікі, адказваючыя свайму стану, добрыя адносіны да вучняў — усё гэта гаварыла само за сябе. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз некі час мы бачым езуіцкіе колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Несьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся пасьля сьмерці Валярыяна Пратасэвіча віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіротка, затраціў 5000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронца і заступніка праваслаўнай веры, князя Канстантына Астроскага. Яго сыны перайшлі ў каталіцтва, а ўнучка, для пашырэньня каталіцтва, ужо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз царкву. Ужо ў 1572 годзе езуіты дасталі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлены выдатны арган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадою паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але і Беларусь. Абноўленае і пасіленае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютэранства, кальвінізм, унітарства і др. вучэньні рэформацыі. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней ў рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 гадоў ад прыезду езуітаў навярнуліся ў калаліцтва каля 6 тысячаў жыхароў места.

Такім чынам каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая, важная да таго часу, розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо непатрэбна была рэлігійная вунія, бо яны палітычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але, апроч магнатаў і шляхты, жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся някрануты яе ўплывам. Ён дзяржаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і дзяржаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты і прапанавалі Царкоўную вунію, каторая прывяла-б сяляніна да каталіцтва паступова, не нарушаючы яго традыцыяў. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такі добры палітык, як езуіты.

Думка аб вуніі ня была выдумана езуітамі. Яна істнавала даўно сярод разумнейшых людзей, і яе прабавалі рэалізаваць яшчэ ў 1439 годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою хварэлі сэрцам, бачучы разьдзел хрысціянства і спадзяваліся, што вунія скасуе гэты разьдзел і парушыць загарадку паміж царквамі. І на Беларусі думка аб вуніі вынікла ў лепшых людзей, каторыя думалі, што яна збудуе нацыянальную царкву і прынясе згоду, што злучэньне каталіцкай і праваслаўнай веры ня будзе мостам для пераходу з аднае веры ў другую, а пэўным праўдзівым злучэньнем. Вядома, што такі шчыры праваслаўны і шчыры беларус, як князь К. Астроскі, адзін час паддзержваў ідэю вуніі. Ён стаў проці вуніі толькі тады, калі пабачыў, якая вунія прапануецца.

З працаўнікоў — езуітаў у справе вуніі мы павінны ад’значыць вядомага ў свой час тэолёга і прамоўца, рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, Пятра Скаргу. Ён напісаў твор пад назовам: „Аб еднасьці царквы Божай і аб грэцкім ад гэтай еднасьці адступленьні“. У гэтым творы ён апісвае такія недахопы ў царкоўным праваслаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўныя сьвяшчэньнікі маюць жанок і сем’і; дзякуючы гэтаму, яны больш клапоцяцца аб сваіх уласных справах, чымся аб справах царквы. Яны агрубелі і зрабіліся, як „хлопы“. Набажэнтва ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэцкай і лацінскай моваў, без каторых ня можна знаць навукі, бо навука выкладаецца толькі ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай царквы на Беларусі ўмешваюцца сьвецкія асобы, у рукі каторых папалі нават і епіскапы. Каб зьнішчыць усе гэтыя недахопы, трэба зрабіць вунію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Пры гэтым, праваслаўная царква можа пакінуць сабе усходні абрад, яна павінна толькі прызнаць галавою ўсяе царквы Хрыстовага намесьніка ў Рыме, папу, і прыняць вучэньні каталіцкай царквы.

Мы ня будзем рабіць разбору ўсяго зьместу твору Скаргі. Усе гэтыя тэолёгічныя размовы былі толькі размовамі, пад каторымі крылася палітычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай царквы ў Беларусі, каторыя закрануты Пятром Скаргаю.

Справа ў тым, што праваслаўная царква ў Беларусі была ў тыя часы ў цяжкім становішчы. Ей былі нанесены тры ўдары: адзін рэформацыяй, другі адроджаным каталіцтвам, трэці — палітычным польскім уплывам. Найраней за ўсё, рэформацыя ўзяла ў царквы лепшыя сілы на сваю творчасьць; адроджанае і з’арганізованае каталіцтва рабіла тое самае. Люблінская вунія, якая прынясла польскі дзяржаўны і соцыяльна культурны ўплыў, ставіла праваслаўную царкву ў паніжанае палажэньне, бо дзяржаўнай вераю Польшчы было каталіцтва. У той час, напрыклад, як каталіцкія біскупы мелі месца ў Сэнаце, праваслаўныя епіскапы іх ня мелі. Старажытнае ў Беларусі права патронату сьвецкіх асобаў і ўстановаў над царквою ў даны мамэнт было таксама шкадлівым для палажзньня царквы. Калі раней Літоўска-Беларускі вялікі князь, магнат, шляхціч, ці меская грамада былі патронамі, апякунамі, абаронцамі цэркваў ці царкоўных установаў, то гэта давала царкве абарону і экаснамічную сілу. Патроны клапаціліся аб тым, каб царквы мелі добрых сьвяшчэньнікаў, былі забясьпечаны і г. д. Але гэты мэдаль меў і адваротны бок. Патрон меў права ўмяшацца ў жыцьцё царквы. Часта рэформацыя рабіла патрона протэстантам, польска-каталіцкі ўплыў — паляком і каталіком. Разумеецца, такі патрон ня мог мець аніякай пашаны да свае установы, а часьцей ён толькі шкодзіў ёй. На чале праваслаўных эпархіяў, манастыроў, цэркваў такі патрон ставіў карысных і прыемных яму людзей, каторыя бачылі ў сваіх пасадах ня духоўны абавязак, а „духоўны хлеб“. Бывалі і такія здарэньні, што патроны давалі манашацкую пасаду асобе жанатай і сьвецкай; гэтая асоба лічылася „нарэчэнным“ епіскапам ці ігуменам і кіравала пастваю цераз вікарыя, астаючыся ў мірскім стане. Пэўна, што патрэбаваць ад такіх асобаў духоўнай асьветы і набожнага жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб нягодным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахоп царкоўнага жыцьця таго часу: „Аще ли кто вопрошает их (духоўных асоб) о книгах, то отвещают глаголюще: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убози, но ризы носяще светлы и блещащеся, расширяюще воскрылья, шеиже яко у тельцов, на заколеніе упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая-же студ и глаголати“.

Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое палажэньне праваслаўнай царквы давала як-бы грунт для вуніі. Вунія дакляравала дадь вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы, апроч таго, яна патрэбавала скасаваньня кантролю сьвецкіх установаў і асобаў над царквою. І тым і другім вунія прыцягвала да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства царквы. У 1591 годзе некаторыя з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Жыгімонту заяву аб прызнаньні імі галавенства папы над праваслаўнымі пад умоваю, каб былі ў праваслаўнай царкве пакінуты ўсходнія абрады. Галоўнымі дзеячамі гэтай справы былі — Луцкі епіскап Кірыла Цярлецкі і Ўладзімерскі епіскап Іпат Пацей. Кіеўскі мітрапаліт Міхал Рагоза таксама згаджаўся на вунію. Трэба было правесьці гэту справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і І. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам, як прадстаўнікі, да Рыму. Рымскі папа, Клімэнт VIII, з радасьцю прыняў пасланцоў, даў сваё багаслаўленьне і згоду. На славу падзеі быў выбіты асобны мэдаль з надпісам — „на злучзньне рускіх“ (Ruthenis Receptis). Жыгімонт III, з свайго боку, выдаў дзкрэт аб злучэньнні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных вельмі абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль ўзяў пад сваю абарону, як іх, так і другіх епіскапаў, каторыя падпісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня. Спагадчыкі вуніі думалі абыйсьціся і бяз сабору, але праціўнікі вуніі, жадаючы зруйнаваць акт вуніі, зроблены без агульнай пастановы, трэбавалі, каб быў скліканы сабор.

Сабор быў скліканы ў Берасьці ў кастрычніку 1596 году. На сабор зьявіліся прадстаўнікі двох усходніх патрыярхаў, царградзкага і александрыйскага. Як і трэба было спадзявацца, адразу вынік разлад паміж двама кірункамі. Фактычна адбыліся два саборы. Адзін сабор складалі абаронцы вуніі пад старшынством львоўскага лацінскага арцыбіскупа Сулікоўскага, Другі сабор складалі праваслаўныя, нязгодныя з вуніяй, пад старшынством львоўскага ўсходняга епіскопа, Гедэона Балабана, з прысутнасьцю прадстаўнікоў ад усходніх патрыярхаў. Вуніяцкі сабор зрабіў пасяджэньне ў берасьцейскай саборнай царкве, а праваслаўны — ў прыватным будынку, бо Пацей, епіскап Уладзімерскі, да епархіі якога належала Бярэсьце, аддаў загад зачыніць для праціўнікаў вуніі ўсе цэрквы гораду. Прадстаўнікі сабораў некалькі раз заклікалі на свае пасяджэньні сваіх супернікаў, але нічога з гэтага ня вышла. Кожны з сабораў засядаў асобна і астаўся пры сваёй уласнай думцы аб вуніі. Вуніяты абвесьцілі анатэму і лішылі сану епіскапаў, што не згаджаліся на вунію, а праваслаўныя зрабілі тое самае ў адносінах да сваіх праціўнікаў. Ня гледзячы на такі канец сабору, польскі ўрад і рымскі папа пачалі офіцыяльна лічыць вунію адбытым фактам. На праваслаўную веру ўрад глядзеў, як на сэкту, „схізму“. У праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы і манастыры, забралі Зофійскую саборную царкву ў Кіеве. Па гарадох было забаронена адпраўляць праваслаўнае набажэнства.

Праваслаўныя ўдзержвалі за сабою Кіева-Пячэрскі манастыр і мітрапалічую катэдру ў Кіеве. У далейшыя часы з ліку кіеўскіх мітрапалітаў сваею чыннасьцю праславіўся энэргічны і з вялікаю эрудыцыяю чалавек, Пятро Магіла. Яшчэ ў бытнасьць сваю архімадрытам Кіеўскай Лаўры ён заснаваў пры ёй раней духоўную школу, каторую потым перарабіў ў вышэйшую школу, акадэмію. Сюды ён выпісаў з усходу добрых прафэсароў і зьбіраў вакод акадэміі і ў акадзмію моладзь, каторая шукала прасьветы. Гэтая школа доўга была цэнтрам прасьветы, як для заходніх рускіх, так і для Масквы.

Акт Берасьцейскай царкоўнай вуніі мае ня столькі царкоўнае, сколькі палітычнае і нацыянальнае значэньне. Гэтая вунія ёсьць працяг вуніі Люблінскай. Справа была ня толькі ў тым, што праваслаўны кідаў веру бацькоў сваіх і рабіўся каталіком і вуніятам, а і ў тым, што ён прымаў культурны і нацыянальны ўплыў Польшчы, пераставаў быць беларусам. Беларускі шляхціч-каталік праз нейкі час рабіўся ўжо польскім шляхцічам і парываў зьвязок з роднай нацыяй. Ён лічыў ужо сябе чалавекам нацыі з вышэйшай культурай і з пагордай глядзеў на мужыка, каторы дзяржаўся „схізматычнай“ веры. Зьявіліся на Беларусі дзьве веры: адна — каталіцка-вуніяцкая, панская, другая — праваслаўная, мужыцкая. Трэба ўсё-ж такі ад’значыць, што вуніяты ня доўга панавалі, бо сама па сабе вунія ня была патрэбна ні езуітам, ні Польшчы. Калі выявілася, што вунія, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокіх масаў, яе перасталі лічыць патрэбнаю і прывілегірованаю.

Вунія, такім спосабам, прынясла на Беларусь разлад і барацьбу. Яна, як і Люблінская вунія, касавала незалежнасьць Беларусі і павінна была выклікаць у Беларусі проці сябе протэст. Гэтым протэстам, барацьбою за палітычную, нацыянальна-культурную і рэлігійную волю запоўнена гісторыя трэцяга пэрыяду.



Палітычна-соцыяльны лад Польшчы.

Вуніі 1569 і 1596-га гадоў інкорпоравалі Беларусь у Польскую дзяржаву. Беларусь перастала істнаваць, як незалежная дзяржава. Разумеецца, што польскі ўплыў, пасьля вуніяў, мог вольна пашырацца на нашай бацькаўшчыне. Дзякуючы гэтаму, нам трэба пазнаёміцца з тым, што было ў Польшчы, каторая рабіла гэты ўплыў, якім палітычна-соцыяльным зьместам было запоўнена яе жыцьцё. Гэты зьмест жыцьця будзе зьместам жыцьця і Беларусі, каторая разам з Польшчай (і Літвой) злажыла дзяржаву „Рэч Паспалітую“.

Законадаўчую ўладу ў гаспадарстве меў „Вальны“ (агульны) Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і пасольскай дэпутацкай ізбы. Сэнат быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўваходзілі асобы, займаўшыя вышэйшыя пасады, як цэнтровыя, так і провінцыяльныя. Лік сзнатараў даходзіў да 150 пэрсонаў: ён памяншаўся з памяншэньнем тэрыторыі дзяржавы і павялічваўся з яе пашырэньнем. Першае месца тут займае арцыбіскуп Гнезьненскі, прымас польскай каталіцкай царквы. За імі ішлі біскупы, потым каштэляны, ваяводы і г. д. Старэйшыя сэнатары засядалі ў крэслах, малодшыя на лавах. Раней сэнат быў проста радаю пры каралі і толькі потым увайшоў у склад Сойму. І потым Сойм выбіраў 28 сэнатараў для каралеўскай рады на 2 гады. Яны дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група была пры каралі шэсьць месяцаў. Ніжэйшаю палатаю Сойму была пасольская ізба. Сюды ўваходзілі дэпутаты- паслы асобных паветаў гаспадарства і гарадоў. Пасольская ізба была галоўнаю часьцю Сойму. Паслы выбіраліся на павятовых сойміках, каторыя зьбіраліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выбарчая акруга давала ад 1 да 8 паслоў, у залежнасьці ад абшару тэрыторыі. Пасьля сойму паслы склікалі па паветах так званыя рэляцыйныя соймікі, на каторых яны разьясьнялі чыннасьць Вальнага Сойму і давалі справаздачу перад сваімі выбірацелямі. Лік дэпутатаў Пасольскай Ізбы ў 16-м і 17 стагодзьдзях даходзіў да 200 пэрсонаў. Прадстаўніцтва ад гарадоў у пазьнейшыя часы мы ўжо ня бачым.

Вальны сойм склікаецца каралём праз кожныя 2 гады. Два разы яго паседжаньні робяцца ў Польшчы, у Варшаве, і адзін раз на Беларусі, у Горадне. Звычайна сойм склікаецца ўвосень пасьля сьв. Марціна, калі ўжо скончаны пільнейшыя вяскова-гаспадарскія работы. Працяг звычайнага Сойму шэсьць тыдняў. Пачынаецца Сойм урачыстым набажэнствам, пасьля якога йдзе абраньне маршалка Сойму. Калі Сойм адбываецца ў Польшчы, маршалкам абіраецца паляк, калі на Беларусі — беларус. Абраны маршалак абвяшчае аб пачатку працы Сойму. Найраней за ўсё йдзе праверка мандатаў, пасьля чаго сэнат з ізбаю робяць злучаныя пасяджэньні, на каторых урад дае адказ за сваю былую выканаўчую працу і ўносіць прапазыцыі аб далейшай. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты Сойму расходзяцца і працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца Сойму зноў пачынаецца сумеснае паседжаньне ізбы і сэнату. Яны знаёмяць адно аднаго з сваімі пастановамі. Пастановы, сходныя і зацьверджаныя каралём, дастаюць сілу закону. З гісторыі Польшчы мы бачым, што Сойм звычайна цікавіцца толькі тымі пытаньнямі, каторыя безпасярэдна, ці пасярэдна датычаць шляхоцтва, з прадстаўнікоў якога выключна складаецца Сойм. Пытаньні агульна-дзяржаўныя мала цікавяць, а то і зусім ня цікавяць паслоў і сэнатараў. Тут кароль польскі і яго ўрад могуць працаваць безкантрольна. Усе справы, як у сойміках, так і ў Вальным Сойме, павінны былі выяўляцца, як пастановы, ад’нагалосна, Трэба адзначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нармальнай працы Сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць свае „veto“, „не дазваляю“, як гэта пастанова прыпынялася. Лепшыя людзі Польшчы яшчэ у пачатку 16 стагодзьдзя пробавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца свае мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага „veto“ скасаваньне сваіх правоў.

На чале выканаўчае ўлады стаіць кароль, з канца 16 стагодзьдзя — выбарны. Ні кароль, пры сваім жыцьці, ні сойм, пры жыцьці караля, ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля скананьня кожнага караля, пачыналася выборчае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. На часы бескаралеўя істнавала асобная пасада інтэрэкса, каторую звычайна займаў польскі прымас, арцыбіскуп Гнезненьскі. Абірае караля так званы элекцыйны „выбарчы“ Сойм разам з ўсей шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначныя, яны больш падобны на абавязкі. Кароль мае права склікаць Сойм і назначыць тэрмін на яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарстве суд. Кароль назначае на вышэйшыя ўрадовыя пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва і адабраць іх можна толькі за вялікія праступкі. Кароль стаіць на чале шляхоцкага апалчэньня, што фактычна потым перайшло на кароннага гетмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, за што ён адказны перад Соймам. Кожнаму каралю перад абраньнем ставіліся ўмовы, каторыя ён падпісваў. Калі кароль нарушыў якія-колечы з гэтых умоваў, шляхта мела юрыдычная права адмовіць яму ў паслушэнстве і нарушыць прысягу. Нават такія факты ў прыватным жыцьці караля, як яго жаніцьба, развод, замежная падарожжа і г.д. былі падлеглыя кантролю Сойму. Прыняўшы пад увагу ўсё вышэйсказанае, мы бачым, што Польшча, ня гледзячы на істнаваньне каралеўскае ўлады, была хутчэй рэспублікаю, чым каралеўствам. Так глядзела на лад Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ёй назву Рэч-Паспалітая, што ў тлумачэньні і значыць — „рэспубліка“. Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і Соймікаў, каторыя складаліся з панства, шляхецтва. Ніжэйшыя станы палітычных правоў ня мелі. Дзякуючы гэтаму, Польская рэспубліка была панскай, шляхоцкай рэспублікай, бяз ўсякіх ад’знакаў дзмакратызму.

Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. У параўнаньні з другімі дзяржавамі лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Магнаты таксама ўваходзілі ў гэтую клясу і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхцічамі: яны і шляхта лічаць сябе братамі. Зьвязак з зямлёю шляхты ў Польшчы не абавязковы: было шмат і такіх шляхцічаў, каторыя ня мелі зямлі. Яны служылі ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і інш., то іх насілі толькі тыя фаміліі, каторыя мелі гэтыя тытулы ў часы Люблінскай вуніі. Пазьней гэтыя тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляса шляхты з вялікаю стараннасьцю захоўвала чыстату свае белае косьці і панскае крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якога-небудзь шляхціча, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваёй матцы. Гэты спосаб абяленьня да пачатку 16 стагодзьдзя ўжо зьнікае: шляхоцкія фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхоцкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзілася гэтая кляса ад другіх клясаў і зрабілася кастаю. Шляхоцтва перадаецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна дастаць шляхоцтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род пасынаўляючага і Сойм. Шляхоцкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхоцтва каралём таксама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасыноўленай асобе дае і герб. Дараваньне шляхоцтва каралём з палавіны 17-га стагодзьдзя ўжо не сустракаецца: шляхта забясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхоцтва можна па суду і за няпрыстойныя для шляхціча паступкі. Такімі паступкамі лічыліся, напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека,

Даставаць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца 14 стагодзьдзя. З разьвіцьця шляхоцкіх прывілеяў мы бачым, што для дастаньня іх шляхта карыстала з двох фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права выбіраць караля і зацьвярджаць налогі. Выбіраючы караля і зацьверджаючы ў Сойме налогі, шляхта ніколі не забывалася сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікія.

Шляхта, найраней за ўсё, кіруючы стан. Шляхцічы і толькі шляхцічы даюць паслоў на Сойм і на Соймікі. Шляхта выбірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціч можа спадзявацца быць выбраным за караля. Вышэйшыя ўрадовыя пасады займаюць толькі шляхцічы. Таксама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціч. Рымскі папа асобнаю буляю забесьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціч мае і грамадзянскія правы: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпасьць асобы, памешканьня і маетнасьці. Толькі шляхціч можа мець двор з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, дык яны могуць валадаць зямлёю толькі ў межах мястовых. Усе землі шляхты вольны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяў. Наагул, усе фінансавыя абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі дабравольныя і залежалі толькі ад згоды самой шляхты. І трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала сваю „добрую волю“ ў абавязках да дзяржавы, каторая ня бачыла, праўду кажучы, шляхоцкіх ахвяр. Праўда, на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак „паспалітага рушэньня“, пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтыя апалчэньні склікаліся зусім нячаста. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца з аружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхоцкіх правоў.

Былі ў шляхты і ўсялякія дробныя правы. Шаяхціч быў зусім вольным ад прымежных, мытных падаткаў. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыны, кузьні і г. д. Адным словам, шляхоцкаму стану жылося ў Польшчы вельмі добра. Затое надта нядобра жылося селяніну.

У 14 і 15 стагодзьдзях становішча хлопаў у Польшчы было яшчэ больш-менш выносным. Часам пападаліся каралі дэмакратычнага кірунку (напр, кароль хлопаў, Казімер Вялікі), каторыя разумелі ўсю важнасьць дабрабыту хлопаў для гаспадарства. Але з цягам часу шляхта стала ўсемагутнаю клясаю, з каторым кароль не адважыўся змагацца. Апроч таго, выніклі і некаторыя эканамічныя прычыны, што дрэнна пакіравалі мужычую справу.

У канцы 15 стагодзьдзя выявілася нязгоднасьць для абароны гаспадарства паспалітага шляхецкага рушэньня. Каралі часта павінны былі карыстацца нанятымі войскамі, каторыя складаліся з шляхцічаў і нешляхцічаў, палякоў і непалякоў. Ваяўніцкая чыннасьць шляхоцкага рыцара паменшылася і ён мог сесьці на зямлю і заняцца вясковай гаспадаркай. Каля гэтага часу былі прылучаны да Польшчы і землі пры ўтоку Віслы. Цяпер стала магчымым вывазіць заграніцу вяскова-гаспадарскія прадукты, што давала немалы даход. Разумеецца, шляхта надта зацікавілася зямлёю. Але адна зямля, калі над ёю не працаваць, ёсьць няжывы капітал і не дае ні хлеба, ні даходаў. Шляхціч таго часу ведаў гэта так-жа добра, як і шляхціч нашага часу. Ведаў ён яшчэ, што працаваць над зямлёю вельмі цяжка і што куды прыямней, калі земляробам будзе мужык, а дагледчыкам над ім будзе ён — шляхціч. Мужыкі раней мелі права пераходу з месца на месца. Ад пана шляхціча, вельмі разумнага ў абшары сваіх інтарэсаў, мужык мог выйсьці ці на вольную зямлю, ці на зямлю другога пана, які лічыўся часам з інтарэсамі мужыка. Пэўна, першаю мэтай шляхоцкай палітыкі стала мэта — крэпка прывязнць „хлопа“ да зямлі, каб ён ня меў магчымасьці ад яе ацарвацца. Зрабіць гэтае было лёгка, бо законадаўчым органам быў шляхоцкі Сойм. Спачатку пераходы абмяжоўваюцца, а потым і зусім забараняюцца. Тады хлопы пачынаюць бяз усякага закону, проста, памужыцку ўцякаць. Сойм, з свайго боку, пачынае змаганьне з уцёкамі мужыкоў. За ўцёкі назначаюцца штрафы. Гэтыя штрафы ўсё растуць, бо мужыкі ўсё ўцякаюць: у канцы 16 стагодзьдзя за пабег мужык плаціў штрафу 10 грывень, у 30 гады 17 стагодзьдзя ўжо — 500 грывень. За палавіну стагодзьдзя штраф быў Соймам павялічаны ў 50 разоў. Потым Сойм пастараўся адабраць ў хлопа магчымасьць змагацца з шляхцічам у судзе. Было ухвалена, што мужык можа выступаць у судзе як жалабнік, толькі ў прысутнасьці пана. Разумеецца, што у цяжбе проці пана мужык ніколі ня мог стаць у судзе, бо пану ня было ніякага сэнсу быць прысутным у судзе. Праз нейкі час Сойм ухваліў пастанову аб тым, што мужыку зусім забараняецца скардзіцца ў судзе на шляхціча. Ісьці далей шляхоцкаму соймаваму законадаўству ўжо ня было куды. Адабраўшы законнымі пастановамі ў мужыка ўсякую магчымасьць абараняцца, шляхта пачала эксплёатацыю сялянства. Мужык стаў бесславесным. Мужык плаціць вялікі чынш за тую зямлю, каторую пан пакінуў яму для яго ўласнай гаспадаркі. Мужык, апроч таго, павінен працаваць над панскаю землёю і для гэтай мэты адбываць паншчыну. Некаторыя паны пакідалі мужыку для яго ўласнай працы толькі сьвята. У часе паншчыны мужык павінен быў спаўняць усялякія натуральныя павіннасьці: ён дастаўляў ў панскі двор хлеб, куры, грыбы, ягады, лыка і г. д., ён нясе са сваім убогім канём фурманковую павіннасьць, ён правіць дарогі і масты, ён саджае дрэва пры дарогах. З году на год расьце мужыцкае малазямельле. У некатарых мужыкоў зусім няма зямлі, навет гародняй, — становішча такіх, як іх тагды звалі — халупнікаў, яшчэ горшае. Адным словам, дрэнна жылося рэспубліканцу-мужыку ў польскай рэспубліцы.

Становішча мяшчан было лепшае. З 14 стагодзьдзя мяшчане былі пад асабістай абаронай караля і вядомага нам Майдэборскага права. Гэтая абарона давала гарадом некую незалежнасьць і самакіраваньне. Па местах пачалося, нават, дэмократызацыя жыцьця. Упоруч з старымі органамі самакіраваньня, як напрыклад, мястовая рада, вынікаюць новыя органы, як напрыклад, камісіі 20-ёх і 30-ёх і г. д. Гэтыя новыя органы выніклі на грунце барацьбы прадстаўнікоў капіталу і працы. Нізы места, часта нездаволены кіраваньнем рады, бурмістра, патрабуюць прызнаньня кантролю з свайго боку. Буржуазія, патрыцыят места, павінен ісьці на згоду з паспольствам, з простым людам. Ось і ўтвараюцца гэтыя камісіі, палавіна каторых складаецца з патрыцыяў, багатых купцоў, цэхавых майстроў, і з паспольства — дробных гандляроў, прыказчыкаў і падмайстраў.

Гэтая дэмакратызацыя павінна была прыпыніцца, бо ўсё жыцьцё навокала гарадоў ішло ў бок арыстократызацыі. Шляхта, каторая рабілася ўсемагутнаю ў гаспадарсьцьсве, не магла пакінуць без свайго ўплыву мястовага жыцьця. Ужо з палавіны 15 стагодзьдзя пачынае яна касаваць незалежнасьць і самакіраваньне гарадоў. Пачынаюць гінуць з скдаду Сойму паслы ад гарадоў, мяшчане, каторыя маглі-б бараніць тых людзей, што іх паслалі ў Сойм, як сваіх прадстаўнікоў. З іх ухіленьнем гарады губляюць абарону сваіх інтарэсаў у законадаўчай дзяржаўнай установе. Кароль, які лічыўся абаронцам мяшчан, усё больш і больш пападае ў рукі шляхты і робіцца абаронцам немяшчанскіх, а шляхоцкіх інтарэсаў.

Найраней за ўсё, шляхцічы, меўшыя у гарадох зямлю, дабіліся права, так званай юрыдыкі. Сутнасьць гэтай юрыдыкі была ў тым, што на зямлю шляхціча ў горадзе не пашыралася ўлада мястовага самакіраваньня. Шляхціч на сваёй зямлі ў горадзе мог рабіць, што ён хацеў. Разумеецца, гэты факт рабіў дэзорганізацыю палітычна-грамадзянскага жыцьця места. Апроч таго, права юрыдыкі мела і эканамічныя насьледкі. Шляхціч, меўшы юрыдыку, быў вольны ад усялякіх мястовых налогаў, якое-б ён рамеснае прадпрыемства не заводзіў на сваёй зямлі. А гэта рабіла ўбытак рамесьніком гораду.

Затым, шляхтічы пачалі ўмешвацца ў мястовыя справы, карыстаючы з таго, што яны былі земляўласьнікамі ў месьце. Апроч таго, у жыцьцё гораду ўмешваліся органы дзяржаўнае ўлады, напрыклад, павятовыя старасты, каторыя лічылі горад толькі адною з частак іх павету. Соймы, з свайго боку, ухвалялі такія пастановы, каторыя нішчылі горад, руйнуючы яго эканамічныя інтарэсы. Купцом, напраклад, было забаронена, безпасярэдна мець знозіны з замежнымі старонамі. Часта шляхта дабівалася таксіроўкі тавараў, каб гандляры не маглі ставіць на тавары вольныя цэны. З тавараў не таксіраваўся толькі хлеб, затым, што гэта быў тавар, які дастаўляла на рынак шляхта. Каб шляхціч не зьмяшаўся з мешчанінам, яму забаронена была гандляваць. З другога боку, гандляром было забаронена купляць нярухомую маемасьць, каб яны не зрабіліся земляўласьнікамі. Такім спосабам, між гэтымі дзьвюмя клясамі ўтварылася прорва.

Такі быў палітычна-соцыяльны стан Рэчы Паспалітай Польскай у тыя часы, калі яна ўзяла Беларусь пад свой уплыў. Само сабой разумеецца, што Беларусь павінна была прымаць і ў сваё жыцьцё асаблівасьці жыцьця Польшчы, бо яна інкорпоравалася ў дзяржаўны арганізм Рэчы Паспалітай.



Становішча Беларусі пасьля вуніі з Польшчай.

Вунія паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім гаспадарствам, якая адбылася ў 1569 годзе, ня была вуніяю роўнага з роўным. Польшча скарыстала цяжкія ўмовы жыцьця Беларусі і налажыла сваю руку на нашу бацькаўшчыну. Ужо самы назоў новага, створанага вуніяю, гаспадарства „Рэч Паспалітая Польская“ — сьведчыць аб гэтым. Палітычная незалежнасьць Беларусі і Літвы згублена. Адабраны ад вялікага княства і сілком прылучаны да кароны такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе. Крыльлі ў Літоўска-Беларускай дзяржавы адцяты. Нанесена крыўда палітычна-мысьлячым людзям і патрыётам Беларусі. І доўга ня могуць лепшыя людзі Беларусі згадзіцца і забыць гэтую крыўду. Цікава ў гэтым сэнсе ад’значыць адзін твор, пашыраны на Беларусі і вядомы пад назовам: „Прамова Івана Мялешкі, каштэляна Смаленскага, прамоўленая ў варшаўскім Сойме ў прысутнасьці караля Жыгімонта III у 1589 годзе“. Судзячы па зьместу гэтага твору, а таксама апіраючыся на пагляды вучоных спэцыялістых, мы павінны прызнаць, што гэта ёсьць хутчэў палітычны памфлет, палітычная і бытавая сатыра, чым соймавая прамова. Аўтар протэстуе проці польскага ўціску, як культурнага, так і палітычнага. Ён раўнуе старажатныя часы з сучаснымі яму, старых людзей — са сваімі сучасьнікамі і кажа, што раней было лепш. Раней гаспадары Літвы і Беларусі клапаціліся аб сваей зямельцы, зьбіраліся тэрыторыі і каштоўнасьці, сваю бацькаўшчыну мілавалі: іх памяць салодкая. Апошняга Літоўска-Беларускага гаспадара, Жыгімонта II Аўгуста, каторы аддаў у няволю гаспадарства і падарыў Ляхам Падлясьсе і Валынь, аўтар ня можа нават лічыць за чалавека. Вось суадказны вынятак з гэтага, напісанага ў беларускай мове, твору:

„Прышло мне з Вамі (пасламі Сойму) радзіці, а я на гэтакіх зьездах ніколі ня бываў і з каралём, яго Міласьцю, ніколі не засядаў; толькі за пакойнікаў князёў нашых, каторыя каралявалі і што ваяводамі бывалі, сэнтэнцый гэтых ня бывала, папросту правым сэрцам гаварылі. Палітыкі ня зналі, а ў рот праўдаю, як сольлю ў вочы, кідалі. Скора-ж каралі больш немцаў, чым нас, улюбілі, зараз, што старыя нашыя сабралі, то ўсё немцам раздалі. Нашыя гаспадары, апроч Жыгімонта Аўгуста караля (таго нечага і ў людзі лічыць), бо той Падлесьсе вынішчыў, ляхам менючыся… Але Жыгімонта Першага — салодкая памяць яго, бо той немцаў, як сабак, ня любіў. А Літву і Беларусь нашу любіцельна мілаваў, і гаразда лепш нашыя за яго мяваліся“.

У тым, што Беларусь падпала пад польскі ўціск, вінаваты ня столькі каралі, сколькі іх дарадчыкі, каторыя паддаліся польскаму ўплыву і інтарэсы Польшчы ставілі вышэй інтарэсаў Беларусі. Ня вельмі вінаваты кароль, больш яго дарадчыкі, што пры ім сядзяць і круцяць. Многа тут гэткіх ёсьць, што хоць і наша костка, аднак-жа сабачым мясам абрасла і ваняець“.

Як відаць з прамовы Мялешкі, беларуская палітычная думка не магла доўга згадзіцца са згубаю незалежнасьці і протэставала, як магла, проці той крыўды, якая была зроблена Люблінскай вуніяй. Зьмест твору Мелешкі быў блізкі да настрою грамадзянства канца ХVI-га і пачатку ХVII-га стагодзьдзя. Яго добра чыталі і пашыралі. Ён бойка хадзіў з рук у рукі і быў вельмі популярны ў тыя часы.

Разам з уціскам палітычным Польшча прынясла на Беларусь і соцыяльны ўціск. Ужо і ў папярэдні пэрыяд гісторыі Беларусі становішча ніжэйшага стану, сялянства, было благім. Цяпер мужыку стала яшчэ горш. На Беларусь прышла рэспубліка паноў, якіх нішто не магло удзяржаць. Уся ўлада была ў іх руках. Яны мелі ў сваіх руках Сойм, соймік, караля, цэнтровую і мясцовую адміністрацыю і ўзброеную сілу. Іх „залатая вольнасьць“ была цяжкай няволяй для гаротнага, простага народу, каторы павінен быў карміць гэты кіруючы кляс белай косьці, цераз што сам быў у дрэнным эканамічным стане. Поўная залежнасьць ад пана і беднасьць прыгняталі яго. Да гэтага трэба дадаць, што, апроч пана, мужык павінен быў мучыцца і здавальняць загады адміністрацыі, якая складалася з дробнай шляхты і, нават, простых людзей, каторыя былі прыбліжаны да асобы пана. Гэтыя падпанкі былі няменш шкадлівая для мужыка, чымся пан. Не дарма і да нашага часу мужык кажа, што лепш мець справу з панам, чымся з падпанкам.

Залежнасьць мужыка ад пана выяўлялася ня толькі ў тым, што ён быў крэпка прыкуты да панскай зямлі і апутаны зканамічна. Пан, апроч таго, захапіў ў свае рукі і суд над сваім падданым. Стварылася гэта не адразу. Раней, асобнымі соймавымі пастановамі, ставіліся ўсякія перашкоды, да таго, каб мужык мог стаяць у судзе, як роўны з усімі грамадзянамі гаспадарства. Паном даваліся правы судзіць мужыкоў па асабістых справах, фамільных і эканамічна-грамадзкіх. Але ўжо ў 1573 годзе быў выпушчаны закон, каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых ува ўсіх здарэньнях, па свайму ўласнаму пагляду. Гэты неясна формуляваны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшыя кары, а ў тым ліку і кару сьмерці.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхоцкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён таксама яшчэ ня мог. І, ось, ён стаў шукаць спосабаў пасыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са свае бацькаўшчыны да казакоў на Украіну.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596 году каталіцтва на Белаларусі была абвешчана дзяржаўнай верай, як ў Польшчы. Каталіцтва давала права да заняцьця вышэйшых урадовых пасадаў у Ліцьве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго замяніла каталіцтва, каторая была для беларускай шляхты тым шляхам, каторы прыводзіў да вышэйшых пасадаў і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а палітычны кірунак; што яна, таксама, была шляхам для пашырэньня каталіцтва і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем палітычным і нацыянальным, каталіцтва з польскасьцю. І да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі мы і цяпер зьмешваем два разуменьні: паляк і каталік, (а рускі — праваслаўны). Лепшыя людзі Польшчы разумелі ўсю шкадлівасьць такога злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі палітыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка. У прадмове да жыцьця сьв. Езафата ён піша: „І да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваў-бы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьянцам, або французам, (а ў нас паляком), гэта найлепшы спосаб навярнуць яго. Гэта фальшывы пагляд. Усе народы створаны Богам, мілы Богу, ды ўсе яны, не трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай царквы. Хто аб гэтым забываецца, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва — гэта толькі спосаб да дэнацыяналізацыі іх“.

Пасьля ўтварэньня вуніі, у народзе пачало расьці абурэньне, якога ня мог бачыць урад. Пры каранацыі Уладыслава IV (1632) Сойм павінен быў выдаць так званыя артыкулы для замірэньня народу, на астнове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае становішча інаверцаў — дысыдэнтаў, ня было пэўным. Чым далей, тым ўсё больш і больш губіцца палітычны розум Сойму. Усё часьцей і часьцей выдаюцца пастановы, якія не карысны ні каталіцкай веры, ні гаспадарству.

У 1732 годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: людзям другіх вераў — праваслаўным і протэстантам — адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякія асобныя камісіі, што утвараюцца для якіх-небудзь справаў. Правы іх раўнуюцца з правамі гэбрэяў. Сойм 1764 году ухваліў пастанову караць сьмерцю тых, каторыя пяройдуць з каталіцтва ў другую веру. У 1766 годзе Сойм ухваліў, як закон, такую прапазыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: „Абвяшчаць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на Сойме прамову на карысьць інаверцаў“.

Гонячыся за тым дабром, які суліла калаліцтва, і баючыся тых збыткаваньняў, праваслаўная шляхта пераходзіць у польска-каталіцкі лагер, кідаючы сваю родную веру і беларускую нацыянальнасьць, Яна (шляхта) робіцца чужою для роднага краю, памірае для нацыянальнай справы. На варце праваслаўнай веры і беларускай нацыі асталіся толькі „худыя і няслаўныя сяляне“.

Разам з палітычным і рэлігійным уплывам польскасьці, а таксама і асобна ад яго йшоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, дастаўшы палітычныя правы і веру Польшчы, пачала атрымоўваць польскі склад жыцьця. Польскія звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеля рэлігійных мэтаў закладалі польскія школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, такая польская „паліроўка“ пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторыя даставалі шляхоцкія „вольныя“ правы, каторыя вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн., сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якія хавалі беларускія звычаі, культуру і мову. З цячэньнем часу, Беларусь амаль-што ня ўсіх сваіх паноў аддала Польшчы. Але доўга яшчэ ўрадоваю, дзяржаўнаю моваю на Ліцьве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце, было скасована і гэта. Сойм у 1697 годзе выдаў такую пастанову: „pisarsz powinien nie po rusku, a po polsku pisać“. З гэтага часу ўсе законы і ўрадовыя пастановы робяцца папольску. Беларускую культуру, звычаі і мову сталі захоўваць толькі людзі, каторым было не да „бляску“, не да „паліроўкі“, людзі сялянскага, мужычага стану. Але дзе-ж было паднявольнаму зьберагчы і захаваць старую і вялікую беларускую культуру? У сваей вясковай, курнай і ўбогай хаце захаваў ён толькі мову бацькоў сваіх. І стала з таго часу беларуская мова мужыцкай, хамскай, хлопскай мовай.

Такім спосабам, Польшча з соцыяльнага боку прынясла нам уплыў панскі, з рэлігійнага боку — каталіцкі. Культурны і рэлігійны ўплыў пашоў толькі на вышэйшыя грамадзянскія клясы. Ніжэйшая кляса дастала ад Польшчы прыгон і няволю, астаўшыся пры сваёй беларускай мове і нацыянальнасьці. Забіты і загнаны, пастаўлены ў стан „быдла“, ён забыўся нават якую мову і якую нацыянальнасьць ён захаваў. У яго цёмным розуме ўсё перапуталася і зьлілося. Пан, каталік і паляк — з аднаго боку; мужык, і „тутэйшы“ — з другога боку, сталі для яго розуму сынонімамі. І да нашага, часу астаўся гэты гістарычны перажытак, калі наш селянін лічыць, што пан, каталік і паляк — гэта ёсьць словы, каторыя азначаюць адну і тую-ж катэгорыю.

Трэба ад’значыць, што Беларусь, як мага, праз увесь пэрыяд баранілася ад польскага культурна-нацыянальнага, рэлігійнага і соцыяльнага ўплыву. Гэтую барацьбу за нацыянальную культуру, веру і мужыцкую волю ўзялі на сябе брацтвы і вольнае казацтва. Брацтва ўзялі на сябе абарону нацыянальна-культурную, а казацтва — нацыянальна-соцыяльную.



Брацтвы на Беларусі.

Брацтвы ў сваім далёкім мінулым даходзяць аж да паганскіх часаў, яны маюць свой корань у старажытных звычаях усходніх славянаў. Яшчэ ў часы паганства, у нашых прародзічаў быў звычай сьвяткаваць свае сьвяты грамадою. На сьвяты сьпяваліся сьпевы-малітвы, сьпевы-падзякі, вадзіліся карагоды, рабіліся ігрышчы. Гэтыя ігрышчы зьбіралі да сябе жыхароў ня толькі аднае сялібы. Часта, як кажа і летапісец, ігрышча бывалі „межю селы“. Разумеецца, што гэтае сьвяткаваньне грамадою магло істнаваць толькі тады, калі істнавала нейкая арганізацыя, якая давала магчымасьць сьвяткаваць разам.

Калі прышло хрысьціянства, то яно на Беларусі, як мы казалі, не руйнавала паганства, а згодна ўжывалася з ім. Да нашага продка прышлі новыя багі: Хрыстос, Ляш, („Улас“), Мікалай, Ян і г. д. Хутка гэтыя багі пачалі зьлівацца з новымі хрысьціянскімі сьвятамі. Сьвята Нараджэньня Хрыста зьлілося са сьвятам Сонца-Каляды, сьвята Яна — з сьвятам Сонца-Купалы, сьвята Лаша — з сьвятам Пяруна і г. д. Усе гэтыя сьвяты адбываліся пры грамадзе, як і раней. Як і раней, сьвяты павінны былі арганізавацца асобнымі таварыствамі. Гэтыя гурткі-таварыствы пачалі гуртавацца вокала парафіяльнай цэрквы і палажылі пачатак брацтвам. Брацтвы пачалі клапаціцца аб тым, каб у выдатнейшыя царкоўныя святы з большаю пыхаю адбывалася набажэнствах і каб усе сябры брацтва ў гэтыя дні былі на сьвяце. Рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, пасьля сходу варылася братчына, г. зн. мёд, якім і частаваліся, як братчыкі, так і зазваныя на сьвята госьці. Воск, які аставаўся ад мёду, звычайна ці ахвяроўваўся на царкву, ці йшоў на утварэньне брацкіх царкоўных сьвечак. Па гарадох у брацтвы, часам злучаліся цэхавыя, профэсыянальныя арганізацыі, каторыя мелі ня толькі рэлігійна-царкоўныя мэты, але і мэты свае прафэсіі.

Такія тыпы організацыяў былі і ў заходняй Эўропе. Усім нам вядомае масонства выйшла з такога профэсыянальна царкоўнага таварыства.

Брацтвы пры цэрквах захаваліся на Беларусі па вёсках і да нашага часу. Іх арганізацыя і мэты добра вядомы ўсім, хто ня згубіў зьвязку з сучаснай нам вёскай. Братчыкі плацяць у касу таварыства грошы, ці даюць ахвяры, як напрыклад: воск, лён, палатно і г. д. У час набажэнства братчыкі дзяржаць у руках брацкія сьвечкі; у асобныя дні брацтва закупляе імшу, пасьля каторай робіцца брацкі абед. Калі хто з братчыкаў памірае, усе сябры брацтва павінны быць на хаўтурах. Адным словам брацтвы, істнуючыя і да нашага часу, маюць мэты, падобныя на мэтаў старажытных брацтваў.

З канца ХVІ стагодзьдзя, асабліва ў ХVІІ стагодзьдзі, брацтвы пачынаюць адраджацца і браць на сябе вялікія заданьні. Найраней пачынае шырокую працу Львоўскае брацтва. За ім выступае на шлях шырокай грамадзянскай працы Віленскае брацтва. У ХVII стагодзьдзі вядомы брацтвы ў Магілёве, Оршы, Мсьціславе, Слуцку, Менску, Полацку, Віцебску, Шклове, Крычаве і г д. Найбольш працуюць брацтвы па гарадох — як цэнтрах культуры. Майдэборскае права, істнуючая па гарадох Беларусі, дае магчымасьць для безупыннай арганізацыі брацтваў.

Калі пачаўся на Беларусі рэформацыйны рух, то брацтвам прышлося, дзеля абароны праваслаўнае веры, зьвярнуць вялікую ўвагу на разьвіцьцё навукі, якая давала-б грунт для барацьбы з рэформацыйнымі тэорыямі. За рэформацыяй прышло на Беларусь пасіленае, адроджанае каталіцтва з езуітамі на чале. Разам з каталіцтвам прышоў і нацыянальны польскі ўплыў. Брацтвы павінны былі бараніць ужо ня толькі рэлігійныя ідэі, але і нацыянальныя.

Братчыкам мог быць усякі дарослы грамадзянін. У склад брацтваў, апроч мяшчанаў, уваходзілі і людзі другіх станаў, князі, баяры, шляхтічы і сяляне. Як сябры брацтва, усе яны лічыліся братамі і былі роўнымі. На брацкім сходзе і за брацкім стадом радавіты шляхціч ня меў аніякіх прывілеяў перад бедным селянінам, ці рамесьнікам. Усё гэта збліжала людзей і давала магчымасьць апекі заможных братчыкаў пад братчыкамі з простага люду. Брацтвы маглі скарыстаць з тых правоў, якія давала дзяржава шляхцічам. Братчык-шляхціч у Сойме і па сойміках быў абаронцам нацыянальна-культурных інтарэсаў брацтва.

Мы ўжо казалі раней аб тым палажэньні, ў якім было праваслаўнае духавенетва ў 16 стагодзьдзі. З усіх бакоў — як з боку саміх праваслаўных, так і з боку пратэстантаў, мы маем весткі аб адсутнасьці адукацыі і, нават, аб безграматнасьці духавенства. Васіль Цяпінскі, вядомы нам перакладчык Эвангельля на беларускую мову, гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі яго часу не дастаюць аніякай адукацыі і, нават, не разумеюць славянскай мовы, на якой напісаны сьвятыя кнігі і на якой адпраўляецца набажэнства. Брацтвам і прышлося, перш за ўсё, зьвярнуць сваю ўвагу на гэты недахоп жыцьця. Трэба было даць прасьвету цёмным пастырам чалавечых душ. Для гэтай мэты трэба было стварыць школы і друкаваць кнігі. Брацтвы і асобныя братчыкі заснавалі на Беларусі шмат школаў і друкарняў, каторыя працавалі ў проціўвагу каталіцка-польскай школе і друкарні езуітаў. Асабліва многа зрабіў у гэтым кірунку князь Канстантын Астроскі. Яго багацтвы далі яму магчымасьць заснаваць на Беларусі вышэйшую духоўную школу ў г. Астрозе. Там-жа, пры духоўнай акадэміі, ён заснаваў каштоўную вялікую кнігарню і добра абстаўленую друкарню. Цяжка было набраць прафэсароў для беларускай вышэйшай школы. У беларускім грамадзянстве ня можна было знайсьці патрэбны лік вучоных людзей. Езуітаў таксама ня можна было запрашаць на прафэсарскія катэдры, каб ня ўпусьціць каталіцка-польскага ўплыву. Не шкадуючы вялікіх коштаў, Астроскі выпісаў выдатных вучоных з Грэцыі і Нямеччыны, і навука з акадэміі расходзілася ня толькі па Беларусі, але прасочвалася і ў Маскоўскае гаспадарства, зьявіліся школы і друкарні па другіх гарадох Беларусі. Асобныя братчыкі і брацтвы, ідучы за Астроскім, таксама не шкадавалі коштаў на пашырэньня прасьветы.

Мы вышэй казалі аб тым, што ў Беларусі адзержаў пашырэньне звычай патронату заможных асобаў і установаў над царквамі і манастырамі. Часта патронат быў у руках такіх асобаў і ўстановаў, каторыя карысталі з гэтага патронату для сваіх уласных, эгоістычных мэтаў. Разумеецца, такі патронат быў шкадлівы для інтарэсаў царквы. Ось, брацтвы і пачалі клапаціцца аб тым, каб патронат быў у іх руках, бо маючы патронат над манастырамі і царквамі, брацтвы маглі рабіць вялікі ўплыў на жыцьцё царквы. Патронат брацтваў і асобных братчыкаў у 15 стагодзьдзі датычыў шмат якіх цэркваў. Вядома, напрыклад, што адзін столькі князь Астроскі быў патронам больш, як 600 цэркваў. Калі царква ці манастыр ня мела такога заможнага патрона, як князь Астроскі, то апеку над ёю бралі ўсе парахвіяне, каторыя дая гэтай мэты і складалі брацтва. Лік брацтваў пашыраўся. Амаль-што большая палавіна насяленьня нашай бацькаўшчыны злучалася ў брацтвы. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывыя зносіны, багацейшыя арганізацыі рабілі матэр’яльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую сілу, брацтвы прагнуліся дастаць ад патрыархаў так званую стаўропіяльнасьць. Сутнасьць стаўропіяльнасьці была ў тым, што ўстановы, маючыя яе, былі непадлеглымі ў адносінах да ўлады епіскапа. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некатарых выпадках — навет, права ўмешвацца у чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшыя брацтвы, як напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўрапігію атрымалі.

У ХVІІ стагодзьдзі чыннасьць брацтваў дайшла да вышэйшай ступені свайго развіцьця. Гэта былі вялікія і вельмі багатыя арганізацыі. Багацьці іх складаліся, як з грошай, так і наагул з рухомай і нярухомай маетнасьці. Бяднейшыя сябры брацтваў укладалі ў касу магчымыя невялікія ахвяры, затое багатыя сябры на патрэбы брацтваў апісвалі вялікія сумы грошай, вялікія каштоўныя будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічваўся — і яны пакрылі нашу бацькаўшчыну, як-бы сеткаю. Пытаньні, якія ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі жыцьця арганізацыі. Часта тут падымаліся пытаньні агульна-дзяржаўныя і агульна-грамадзянскія. Грунтоўнейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне веры і культуры Беларусі. Брацтвы таго часу групавалі вокала гэтага пытаньня энэргічных, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны станавіліся на чале брацтваў і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла культурна-нацыянальная праца і абарона. З гарадоў яна пашыраецца і на вёскі, адбіваючыся на вясковым сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была няроўная. З заходу йшоў ня толькі культурны, але і палітыка-соцыяльны ўплыў. Да Польшчы пачынае цягнуць вышэйшы стан беларускага грамадзянства, вабячыся „вольнымі хрысьціянскімі правамі каруны Польскай“. Часта мы можам спаткацца з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі шчырых братчыкаў ўжо пераходзяць ў той лягер, з кім змагаліся іх бацькі і дзяды (Астроскія, Хадкевічы і др.). З цячэньнем часу, усё больш і больш культурных сілаў адрываецца ад той глебы, ад таго грунту, на якім яны працавалі раней. Інтэлігэнт Беларусі кідае свой працоўны народ і йдзе ў польскі бок. На варце Беларусі асталіся „худыя і няслаўныя“.



Казацтва на Беларусі.

Брацтвы рабілі ў Беларусі культурна-нацыянальную працу. У склад брацтваў уваходзіла больш сьвядомая інтэлігэнтная частка грамадзянства. Але, апроч інтэлігэнцыі, іствавала на Беларусі шматмільённая маса простага, працоўнага люду, якая гаравала куды больш за інтэлігэнцыю, бо яна зносіла ня толькі палітычны, нацыянальны і рэлігійны ўціск, але яшчэ і ўціск соцыяльна-эканамічны. Апалячаны і акаталічаны шляхціч быў для гэтай працоўнай мужычай масы панам і прыгоншчыкам. Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, дзе аблогам ляжалі вольныя землі, куды папская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук, — на поўдзень, у шырокія дняпроўскія сьцяпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цячэньнем часу усё больш народу шукала ратунку ад уціску на поўдні, і ў пачатку ХVIІ стагодзьдзя паўднёвыя сьцяпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай акраіне Рэчы Паспалітай дастала назоў украінскага[1].

Апроч казацтва украінскага, мы ведаем яшчэ казацтва данское, каторае злажылася на паўднёвым краі Маскоўскай дзяржавы. Яно таксама злажылася з паднявольнага люду, які ўцякаў ад соцыяльнай няволі маскоўскага царства, каб зрабіцца вольным чалавекам. Калі казак данскі абураўся проці свайго гаспадарства з прычын палітыка-соцыяльных, то казак украінскі, сабраўшы ў свой склад беглых мужыкоў з Беларусі, абураўся з прычын ня толькі палітыка-соцыяльных, але і з прычын рэлігійных і нацыянальных. Яма паміж заходнім казаком і гаспадарствам была куды глыбей, чымся яма паміж гаспадарствам і ўсходнім казаком. Ось чаму казацкі протэст па захадзе быў такім сільным, бязупынным і крывавым.

Казацкія паўстаньні проці соцыяльна-эканамічнага, нацыянальнага і рэлігійнага польскага ўціску пачаліся яшчэ з канца ХVІ стагодзьдзя. Лепшыя польскія каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтыя казацкія паўстаньні. Уладыслаў ІV (1632–1648), які шырока глядзеў на дзяржаўныя справы, хацеў палепшыць долю працоўнага люду і некаталікоў у Польшчы і абараніць казакоў ад панскіх пажаданьняў, але нічога ня мог зрабіць у гэтым кірунку, бо яму не даваў волі Сойм. Каралі ў Польшчы ў гэты час ня мелі самі аніякай свабоды і былі шляхоцкімі нявольнікамі. Яны мелі ўладу толькі на тое, каб даваць шляхце ўсё новыя і новыя прывілеі. Калі-ж шляхта бачыла, што кароль дзеля дзяржаўных інтарэсаў прыслухоўваецца да голасу працоўнага народу, то яна зьдзержвала чыннасьць караля, баючыся за свае інтарэсы. Так было і з Уладыславам

Есьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Уладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тыя крыўды, якія над імі ўчыняюцца. Кароль выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх нарушаныя інтарэсы, быццам сказаў ім: „Вы маеце шаблі, самі абараняйце правы свае“. Разумеецца, казакі ведалі гэта і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. Цікава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньне. Заходняе кавацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай „Ляскай няволі“. Такія самыя думкі былі і ў усходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такія прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваранаў, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой, як заходняга, так і ўсходняга казацтва, паказвае нам, што абураны мужык, стаўшы вольным казаком, змагаўся больш на соцыяльна-эканамічным, чымся на палітычным груньце.

Казацкія паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца ХVI стагодзьдзя. На чале казакоў сталі атаманы — Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём ўрываюцца казакі ў польскія землі, у сябе на Украіне нішчаць шляхту, вызваляючы з прыгону мужыкоў і робячы іх вольнымі казакамі. Польскі ўрад ня мог спыніць гэтага паўстаньня. Казакі абралі сабе гэтмана Пётру Сагайдачнага, каторы стаў дзяржаўцам усей Украіны. Усё гэта, разумеецца, не спадабалася паляком і пры першым здарэньні яны зноў пачалі няволіць казакоў. Казакі на гэта ізноў адказалі паўстаньнямі ў пачатку ХVII стагодзьдзя. На чале казакоў сталі атаманы: Тарас, Паўлюк і Астраніца. Многа год Польшча і Украіна паліліся агнём і заліваліся крывёю. Урэшце перамаглі палякі. Паўлюк і Астраніца папаліся ў польскі палон. Адзержаўшы верх, польскі ўрад стаў рабіць на Украіне свае парадкі. Казакоў пакінулі толькі 6 тысячаў, адабралі ад іх самакіраваньне, начальнікамі над імі паставілі польскіх паноў. Рэшта казакоў зрабілі зноў мужыкамі. Усё гэта адбылося ў 1638 годзе.

Толькі 10 гадоў трывалі казакі гэтую няволю. У 1648 годзе яны зноў падняліся, як адзін чалавек, пад кіраўніцтвам знамянітага атамана Багдана Хмяльніцкага. Пад яго сьцяг сабраліся і мужыкі, уцёкшыя ад прыгону з усей Украіны і Беларусі. З вялікаю, узброенаю сілаю йшоў Хмяльніцкі на помсту ў Полыпчу, маючы на мэце выбіць з панскай няволі просты народ. Насустрэч яму былі высланы польскія войскі, каторыя ён разьбіў — першы раз пры Жоўтых Водах, другі раз пад Корсунем. Пад Корсунем казакі ўзялі ў палон польскіх гэтманаў — Каліноўскага і Патоцкага. Гэтыя пабеды Хмяльніцкага адгукнуліся на Беларусі мужыцкім паўстаньнем; мужыкі пачалі паліць панскія двары, біць паноў і зьневажаць ксяндзоў. Каб перамагчы Хмяльніцкага, у Польшчы было склікана „паспалітае рушэньне“. Сабралася 40 тысячаў шляхты; за імі йшло каля двохсот тысячаў слуг з лёгкім аружжам і цягнуліся панскія вазы і карэты. Рушэньне дайшло да Пілавід і адсюль уцякло, нават ня біўшыся з казакамі. Першымі ўначы пабеглі начальнікі, за імі пасьпяшаліся і звычайныя шляхцічы, пакінуўшы свой абоз казаком. Дайшло да таго, што Польшча павінна была прасіць згоды. Згода была зроблена на такіх умовах: 40 тысячаў казакоў павінна дзяржаць Польшча сваім коштам; на Украіну ня могуць быць ўведзены польскія войскі; праваслаўная вера мае права пяршынства і „візувіты“ ня могуць жыць на тэрыторыі Украіны; урады аддаюцца толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрапаліт мае месца ў польскім Сэнаце і г. д. Гэтая згода не здаволіла ні польскі ўрад, ні просты народ. Мужыкі перасталі паддзержваць Хмяльніцкага, бо сіла шляхты на Украіне і няволя прыгону ня была скасована.

Хутка ізноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнедца чатыры гады і канчаецца тым, што Украіна, шукаючы ратунку ад Польшчы, паддаецца пад апеку маскоўскага гаспадара, Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваею палітыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэрыторыю, як Украіна.

Казацкія паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Польшчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе казацтва быў значны працэнт казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Апроч таго казацкі рух на Украіне заўсёды даваў водгук і на Беларусі. Трэба ад’значыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі той сілы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхоцка польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага сьцепу, дзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і дзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў крэпкую, узброеную сілу.

Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхоцкага войска пры Жоўтых Водах і Корсуні дайшлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог зносіць соцыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанскіх групаў стаў Антон Нябаба. Да яго, у хуткім часе, сталі падходзіць другія паўстанскія групы. З атаманаў гэтых групаў магчыма назваць Галавацкага, Няпаліча і Хвэська. Згуртавалася ўзброеняя сіла каля 30 тысячаў чалавек. Усё Папрыпяцьце запалілася вялікім полымем паўстаньня… Беларускае сялянства паддзержвала казакоў харчамі і грамадамі прылучалася да паўстанцаў. Спачувала руху і мяшчанства. Такія гарады, як Старадуб, Гомель, Лоеў, Брагін і Пінск, адчынілі казацкаму войску свае брамы. Асабліва многа крыві пралілося ў Пінску, дзе паўстанцы выразалі ўсіх палякоў, не шкадуючы нават старых, малых і жанок. Вялікія спусташэньні і забойствы былі зроблены над Магілёвам, Мсьціслаўем і па другіх гарадох.

Як толькі даведаліся ў Польшчы аб казацкім паўстаньні на Беларусі, то ўрад даручыў змаганьне з паўстаўшымі гэтману Янушу Радзівілу. На Беларусь былі прысланы вялікія ўзброеныя сілы. Пашло крывавае змаганьне і расправа з мужыкамі. Балоты і лясы Беларусі доўга баранілі казацкі рух. Найбольш стойка дзяржаліся казакі ў Пінску. Сюды былі зграмаджаны ўрадовыя войскі, горад быў абложан навокал так, што немагчыма было ні з яго выйсьці, ні ў яго ўвайсьці. Доўга дзяржаліся паўстанцы, ведаючы, што літасьсці над імі ня будзе. Урэшце Пінск быў такі ўзяты прыступам, зруйнованы і заліты крывёю абаронцаў. Казацкае паўстаньне было задушана, але не надоўга.

Праз некалькі месяцаў дайшлі да беларускага мужыка чуткі аб тым, што Хмяльніцкі разьбіў польскае шляхецкае войска пад Пілавцамі. Зноў заварушыўся працоўны люд. Па вёсках хадзілі нейкія незнаёмыя людзі, каторыя гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў; што, забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў; што казакі паднялі паўстаньне на абарону правоў караля і мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сьляпыя старцы — лірнікі, каторыя, сьпяваючы аб цяжкой гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру. Мужыкі радзіліся, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры і косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкія сілы расьлі. Паўстаньне шырылася ня толькі па вёсках. У рукі казакоў папалі гарады Слуцак, Быхаў, Чарнабыль, Магілёў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і др. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі. Лічэбная перавага была за паўстанцамі, затое ў іх ня было добрай арганізацыі. Асобныя групы біліся кожная за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другія групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю натугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік Міхаленка. Некаторыя гарады, хоць і здаліся паляком, але праз некі час зноў падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчане Бабруйску, бачучы, што для іх няма ўжо ратунку, вырашылі здацца на міласьць палякоў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы, якія мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах і самі сябе падпалілі.

Доўга ня мог Радзівіл зусім спыніць паўстаньня. Сярод балот і лясоў доўга істнавалі вялікія групы паўстанцаў. Іх паддзержывалі мужыкі, прыслаў ім дапамогу з Украіны Хмяльніцкі. Часта гэтыя групы даходзілі да некалькіх тысячаў людзей. Седзячы ў балотах, казакі рабілі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікія збойствы па дворах акалічнай шляхты. Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку 18 стагодзьдзя Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшыя станы зрабіліся палякамі, ніжэйшыя станы, астаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно: што яны тутэйшыя „хлопы“; што „хлопскую“ маюць яны мову і нацыю; што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.



Агульны палітычны агляд.

Люблінская вунія 1569 году далучыла Беларусь, як мы ведаем, у склад Рэчы Паспалітай Польскай. З гэтага часу Беларусь жывё з ёю адным палітычным жыцьцём.

Праз тры гады пасьля вуніі сканаў апошні кародь з дому Ягайлавага, апошні насьледны кароль, Жыгімонт III Аўгуст (1572)[2]. Пачалася эпоха выбраных каралёў з частымі бескаралеўямі, ад скону аднаго караля да абраньня яго наступніка. На першы пачатак бескаралеўе цягнулася больш году. Шляхта разьбілася на некалькі партыяў; кожная партыя ставіла свайго кандыдата. Найбольш вядомымі з кандыдатаў былі — Фёдар, царэвіч Маскоўскі, сын Івана Грознага, Эрнэст, прынц Аўстрыйскі і Генрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара склададася з беларусаў і ліцьвіноў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным аб Фёдару не далі нічога. Палякі патрэбавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар „не красная девица“, што пасагу за ім не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы — Курбскі, Цяцерын, Сарыгозін і др. Яны ведалі слабавольны характар Фёдара, дзякуй чаму кіраваў-бы ня ён, а яго бацька Грозны, ад тэрору якога яны ўцяклі. Пасьля доўгіх гутарак быў абраны на караля Гэнрых Францускі (1573–4). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, як добра караляваць у Рэчы Паспалітай, Гэнрых праз 6 месяцаў уцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён заняў каралеўскі пасад пасьля скананьня свайго брата, Кароля ІХ.

Пасьля бескаралеўя каралём быў абраны Сяміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576–1586). Гэта быў выдатны палітычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою (працяг Лівонскай вайны 1579–1582). Уся вайна адбылася на тэрыторыі Беларусі. Найраней войскі былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэднія часы адышоў да Маскоўскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі крэпкія муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў дая арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторыя былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварвацца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім, урэшце, удалося дабіцца свае мэты, і Полацак быў узяты. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча астацца — даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскія войскі безаружныя выхадзілі з гораду, сам кароль даглядаў за тым, каб яго абяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў выходзячым якой-колечы крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх войскаў пачаўся грабеж гораду. Найбольш грабавалі вэнгры. У часе грабежу загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такія каштоўныя рукапісы, як напрыклад, пераклад сьв. Пісаньня, напісаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірылы і Мэтода, і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба дадаць, што яшчэ раней, калі Полацак папаў у рукі Грознага, шмат каштоўнасьцяў было вывезена ў Маскву.

Праз нейкі час войскі Баторага ўзялі крэпасьці — Сокал і Сушу, пабудованыя Іванам Грозным, і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікія Лукі. У 1582 годзе Баторы аблажыў Пскоў, каторага ён ня здалеў ўжо ўзяць. Абедзьве дзяржавы былі вельмі аслаблены вайною і пачаліся перагаворы аб згодзе. Згода была падпісана у 1582 годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна была прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддала ёй Лівонію, Полацак і Вяліж.

Што датычыць да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваліся яе каштоўнасьці, што добра відаць хоць-бы з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дадамо, што, згодна з весткамі сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст навакол Полацку, зрабіўся за часу Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут. А чалавек гэты — быў беларускі селянін. Зноў прыйшлося працоўнаму люду нашай бацькаўшчыны будаваць жыцьцё, каторае было зруйнована крываваю барацьбою сільных суседзяў.

Пасьля Стэфана Баторага на пасад Рэчы Паспалітай быў абраны Жыгімонт III Аўгуст (1587–1622) з швэдзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец езуітаў, вельмі добры каталік і надта няздольны кароль. Ён даваў кірунак сваей чыннасьці не паводлуг палітычных і дзяржаўных мэтаў, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікія магчымасьці для ўплыву на жыцьцё Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваёй някемкасьці палітычнай, ён гэтых магчымасьцяў не скарыстаў, як трэба. Масква, якраз, перажывала смутныя часы, вялікую разруху. На Маскоўскі пасад быў абраны сын Жыгімонта, Уладыслаў. У лепшых людзей Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гетмана Жаўкеўскага, вынік цікавы плян будоўлі вялікага славянскага гаспадарства, у склад якога увайшла-б і Масква, і на чале каторага стала-б Польшча. Жыгімонт сапсаваў ўсё сваею каталіцкаю палітыкаю. Ен больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чымся пашырэньнем дзяржавы.

Зноў на тэрыторыі Беларусі йшла вайна. З восені 1609 году да восені 1611 году Жыгімонт з вялікім войскам сядзеў пад Смаленскам, пакуль, урэшце, ня ўзяў яго. Гэтая войска кармілася, разумеецца, тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Праз Беларусь праходзілі войскі, каторыя йшлі ў Маскву і варочаліся потым адтуль ў Польшчу. Гэтыя войскі, таксама, карміліся з Беларусі. Шмат народу было забрана з нашай бацькаўшчыны, як у рэгулярную армію, так і ў тыя вайсковыя групы, каторыя з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь, каб лавіць рыбу ў каламутнай вадзе Маскоўшчыны. Мала хто з іх вярнуўся да роднай хаты. Толькі ў 1618 годзе ў невялічкай вёсцы Дзяўліне (каля Масквы і Троіцка-Сергіеўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Польшчаю. Па гэтым замірэньні Смаленск увайшоў у тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Уладыслааў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх правоў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца Міхал Раманаў, абраны на Маскоўскі пасад у 1613 годзе. Калі каралём Польшчы зрабіўся вышэйназваны Уладыслаў (Уладыслаў IV, 1632–1648), змаганьне пашло зноў і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Сільнае Маскоўскае войска, лікам у 32 тысячы людзей, пачало руйнаваць Беларусь і аблажыла Смаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Удадыслаў, каторы прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай карысьці для Ўладыслава. Пасьля двох гадоў (1632–1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі „вечную згоду“. Смаленск і другія гарады, згубленыя Масквою за часы смуты, асталіся за Рэчаю Паспалітаю. Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад правоў на Маскоўскі пасад. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, а аб Беларусі ніхто і не паклапаціўся.

Казацкі рух на Украіне кончыўся тым, што Украіна шукаючы лепшай долі, паддалася пад „цара ўсходняга праваслаўнага“. Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля Яна Казімера (1648–1668) і маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча, (1645–1676) зноў пачаліся войны паміж Польшчаю і Масквою, а руйнавалася, паводлуг звычаю, Беларусь. Руйнаваньне Беларусі йшло 13 гадоў, з 1654 да 1667 году.

У Беларусь увайшло маскоўскае войска амаль-што ня ў 200 тысячаў людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці. Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз ўсю цяперашнюю Віцебшчыну пашла на Полацак, трэцяя — на Магілёў, чацьвертая — на поўдзень ад Магілёва. Застагнала, задымілася ад пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася, што было здабыта працаю, руйнавалася. Найперш здаўся Смаленск, ваявода каторага, Ніліп Абуховіч, быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, яно пашло ўперад, здабываючы ўсё новыя мясцовасьці і гарады. Прайшло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады — Магілёў, Віцебск, Менск, Горадзен, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы троцкі замак, каторага дагэтуль ніхто, навет і немцы ў свой час, сілаю ня мог здабыць. І да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб працы маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш, як 200 гарадоў, мястэчкаў і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы Літоўска-Беларускага гаспадарства — Вільня і Трокі — маскоўскі гаспадар пачаў тытулаваць сябе „ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самодзерэжцам“.

У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі Швэды, а з поўдня — украінскія казакі. Гарады адзін за адным пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж Швэдамі і Маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньня з палякамі і пачаў вайну з Швэдамі. А Рэч-Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо ня мела вялікай для сябе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяцёх гадоў. Урэшце, змучаныя гаспадарствы павінны былі ў 1667-м годзе зрабіць у Андрусаве (недалёка ад Смаленску) замірэньне на 18 з пал. гадоў.

Умовы замірэньня былі такія: Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытых яго войскамі, але задзяржаў за сабою Смаленск з акалічнымі землямі, адабранымі ў Масквы ў смутныя часы. Да Масквы яшчэ адыйшла Леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра — Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два гады, але астаўся за ёю назаўсёды. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў Маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.

У часе кіраваньне каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669–1673) і Яна Сабескага (1672–1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспаліаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з Туркамі. Каб дастаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686 годзе згадзіўся падпісаць „вечную згоду“ з Масквою на ўмовах Андрускага замірэньня. Маскоўскі ўрад ужо адкрыта абвясьціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархіяў і пасьвядчэньне епіскапаў кіеўскім мітрапалітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтыя артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

У часы кіраваньня караля Аўгуста II (1697–1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Велікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. І тут паплацілася Беларусь за чужыя інтарэсы. Пётр, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае войскі на Беларусь, каб яны тут задзержвалі швэдаў. З 1701 году аж да 1709 году Кароль ХІІ „увяз в Польше“ і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэрыторыяй вайны. Расея карыстае з слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца, на грунце папярэдніх трактатаў, у хатняе жыцьцё аслабеўшага суседа. Вядома, што па затрэбаваньні Пятра, Аўгуст ІІ ў 1720 годзе выдаў грамату, каторая забясьпечвала правы праваслаўнай Беларускай епархіі.

Пасьля скананьня Аўгуста ІІ рускія войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскі пасад яго сына Аўгуста III (1633–1664). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывала хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы сілы спыніць бязладзьдзе, жыве на сваей бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наяжджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны сваіх правоў за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Юры Коніскі, езьдзіўшы ў Расею на каранацыю Кацярыны II, зьвярнуўся да яе з просьбаю аб абароне праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў ў заходніх нямецкіх дзяржавах — Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляе той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся разьдзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняга яе караля, Станіслава Панятоўскага, які кіраваў пад імем Аўгуста IV (1764–1795).



КАНЕЦ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.

У палавіне 18 стагодзьдзя Рэч Паспалітая перажывала поўны развал. Дзяржаўная ўлада была ў руках шляхты, каторая карыстала з свае „залатой“ вольнасьці толькі ў сваіх клясавых інтарэсах. Кароль і другія станы гаспадарства ня мелі ніякіх правоў. Шляхта мела права складаць саюзы для абароны сваіх правоў (конфэдэрацыі) і падымаць бунт проці караля (рокош). Каб абараніць сябе, польскі кароль павівен быў шукаць апоры пры чужаземных дварох. Шляхта, з свайго боку, папала у рукі багацейшых прадстаўнікоў сваіх, каторыя і былі запраўднымі гаспадарамі справаў. Соймы ў апошнія часы не маглі працаваць, дзякуючы прынцыпу аднагалоснасьці. Даволі было падкупіць ці ўгаварыць якога-колечы пасла Сойму, каб ён не згаджаўся з пастановаю Сойму, — і ён мог яе сарваць сваім „непозвалям“ (liberum veto). Пры такіх умовах магчыма было прыпыніць усякую рэформу, каторая не падабалася якому-небудзь крыкліваму пану.

У грамадзянскім жыцьці таксама панавала безладзьдзе. Магнаты вялі сапраўдныя войны паміж сабою і крыўдзілі, як драбнейшую шляхту, так і другіх. Шляхта зьдзекавалася і крыўдзіла мяшчан і мужыкоў. Каталікі рабілі ўціск над некаталікамі-дысыдэнтамі. Дысыдэнты, ня маючы абароны ад дзяржавы, павінны былі складаць конфэдэрацыі і зьвяртацца, як і каралі, да чужаземнай улады. Суседнія дзяржавы, разумеецца, карысталі з такога палажэньня Рэчы Паспалітай.

У 1767-м годзе дысыдэнты (протэстанты, кальвіністыя і праваслаўныя) дзеля абароны сваіх парушаных правоў, злажылі саюз з цэнтрам ў Слуцку, так званую Слуцкую конфэдэрацыю. Конфэдэрацыю паддзержвалі дзяржаўныя паслы Расеі, Прусіі і Аўстрыі. Калі Сойм адмовіўся зрабіць пастановы, якіх дамагалася конфэдзрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, заарыштаваны павадыры крайня-каталіцкай партыі Сойму, — і Сойм павінен быў здацца. У 1768 годзе Сойм выдаў пастанову, што дысыдэнты не павінны прыгнятацца за іх рэлігійныя пераконаньні і маюць тыя самыя правы, што і каталікі. Расейскаму ўраду было дана права ахоўваць правы дысыдэнтаў і недатычнасьць грунтоўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім спосабам Расея дастала як-бы протэктарат над Рэчай Паспалітай.

У адказ на ўсё вышэй паданае, у Польшчы ўтварылася конфэдэрацыя ў г. Бары, якая паставіла сваей мэтай абарону паменшаных правоў каталіцтва і Сойму. Конфэдэраты пачалі збройную барацьбу з праваслаўным народам і выклікалі паўстаньні так званых гайдамакаў (казакаваўшых мужыкоў у правабярэжнай Украіне). Да гайдамакаў далучылася і праваслаўная шляхта. Пашоў крывавы смутак, якога ня мог спыніць урад Рэчы Паспалітай. Тады зьявіліся, дзеля упарадкаваньня краю, спачатку рускія, а потым прускія і аўстрыйскія войскі, каторыя спынілі, як гайдамацкі, так і конфэдэрацкі рух. Пасьля гэтага упарадкаваньня было пастаўлена пытаньне аб тым, каб узяць з Рэчыпасполітай компэнсацыю за зроблены парадак. Прусія ўзяла сабе Помэранію і кавалак Вялікай Польшчы, тыя землі, каторыя былі паміж Польшчай і Брандэнбургам. Аўстрыя прылучыла да сябе Галіцыю. Расея дастала ваяводзтвы — Магілёўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. З гэтых земляў былі зложаны тры провінцыі Пскоўскай губэрні (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская) і Магілёўская губэрня (правінцыя — Магілёўская, Аршанская, Мсьціслаўская і Рагачоўская). Так адбыўся першы разьдзел Рэчы Паспалітай у 1773 годзе.

Падзеі 1773 году прабудзілі рэформацыйны рух сярод лепшых людзей Рэчы Пасполітай. У сваіх думках яны дзяржаліся тых ідэяў, якія ў гэты час вынікалі ў францускай прасьветнай філёзофіі і літэратуры. Вялікая француская рэвалюцыя 1790 году дала ім сьмеласьць абнавіць палітычны лад свае бацькаўшчыны. Скарыстаўшы рэформацкі настрой і склад Сойму, партыя рэформы, на чале каторай стаяў граф Патоцкі, правяла праз Сойм новыя дзяржаўныя законы, вядомыя пад назовай констытуцыі 3 мая 1791 году. Гэтая констытуцыя была ўхвалена Соймам бяз усякіх спрэчак у адным паседжаньні, што сьведчыць аб пад’ёме патрыятычнага духу паслоў Сойму.

На новай констытуцыі прапанаваўся такі лад Рэчы Паспалітай. Законадаўчую ўладу маюць Сойм і Сэнат, выканаўчую ўладу — кароль, не абраны, а насьледны. Справы ў Сойме выяўляюцца не аднагалосна, а большасьцю галасоў, дзякаючы чаму выкасоўваецца liberum veto. Выкасоўвалася таксама права конфэдэрацыяў. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам у дзяржаве. Мяшчане мелі права пасылаць у Сойм сваіх паслоў, апроч таго, яны даставалі магчымасьць праз куплю зямлі ўваходзіць у склад шляхты. Палажэньне мужыкоў мала чым мянялася. Прыгон аставаўся, як і раней; пану давалася, праўда, магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам захоўвалася палажэньня пануючай у гаспадарсцьве веры.

Як мы бачым, новая констытуцыя, хоць і ўтварылася пад рэвалюцыйным уплывам, тым ня менш вельмі далёка адыйшла ад ідэяў тагочаснага прогрэсу. Але і такая констытуцыя абурыла шляхту старога гатунку. Гэтая шляхта, для абароны сваіх старых шляхоцкіх правоў, злажыла Таргавіцкую конфэдэрацыю пад кіраўніцтвам паноў: Шчаснага, Браніцкага і Жэвускага. Яны зьвярнуліся да імпэратрыцы Кацярыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы Сойму 1768 году, павінна абараняць стары лад Рэчы Паспалітай. Разумеецца рускія войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны паддзяржалі конфэдэратаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бязладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходнія провінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаваў, каторыя патурбаваліся і зрабілі парадак ў Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расея і Прусія запатрэбавалі ад Сойму, скліканым у Горадне, згоды на аддачу ім за фатыгу земляў. Пасьля безкарысных спрэчак з прадстаўнікамі „дапамогшых“ дзяржаваў, паслы Сойму, бачучы, што няма рады абараніць тэрыторыі ад захопу, замаўчалі зусім. У такім нямым пасяджэньні Сойм прасядзеў да глыбокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана, як згода, — і адбыўся ў 1788 годзе другі разьдзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расеяй. Прусія дастала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расея — Валынь, Падолію і Менскую вобласьць. Рэшта земляў Рэчы Паспалітай былі абвешчаны фармальна пад протэктаратам Расеі. Варшава была занята рускімі войскамі.

Патрыёты Рэчы Паспалітай, ня гледзячы на ўсе беды, якія абрушыліся на іх бацькаўшчыну, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты, не пакідалі сваіх плянаў паратунку гаспадарства. Яны павінны былі ўтварыць тайную арганізацыю і цэнтр яе перанесьці ў замежныя землі. Мэтаю гэтай арганізацыі была барацьба за непадзельнасьць Рэчы Паспалітай. Камітэты арганізацыі былі і ў межах Польшчы, напрыклад, у Варшаве. Яны працавалі сярод шляхты, мяшчан і сялянства. Паўстаньне пачалося адразу пасля разьдзелу. У 1794 годзе паўстаньнем былі захоплены такія гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадзен. У Варшаве злажыўся часовы ўрад, каторы абвясьціў вайну Прусіі і Расеі. Дыктатарам гаспадарства і галоўнакамандуючым арміі быў абраны гэнэрал Тадэуш Касьцюшка, чалавек вялікага розуму, выдатнай храбрасьці і дэмакратычных паглядаў. Пабеды, адзержаныя паўстанцамі над асобнымі групамі русскіх войскаў і гарнізонамі гарадоў, страшэннае збойства ў Варшаве 2000 рускіх салдатаў паддзержалі настрой паўстанцаў. Паўстаньне пашыралася на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Валыні і Беларусі.

Першым увайшоў з войскамі на землі Польшчы прускі кароль з заходняга боку Польшчы. Выправіла свае сілы Аўстрыя, заняўшы паўднёвыя землі. Кацярына II, баючыся што Рэч Паспалітая зробіцца „гибельным горном, угрожающим спокойствію і безопасности соседей“, пакіравала свае войскі з усходу пад кіраўніцтвам Румянцава і Суворова. Доля Рэчы Паспалітай вырашылася ў бойцы паміж рускімі і польскімі войскамі пад Мацеевіцамі, недалёка каля Варшавы. Польскія войскі былі разьбіты, Касьцюшка быў паранены і ўзяты ў палон. Пасьля крывавага штурму была забрана ваколіца Варшавы, Прага (1794). Варшава павінна была здацца. У горад былі ўведзены, апроч русскіх, аўстрыйскія і прускія войскі. Па ўсім краі паўстанскія групы былі зьнішчаны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІV (Станіслаў Панятоўскі), адрокся ад пасаду і пераехаў на жыцьцё, спачатку ў Горадзен, а потым у Пецярбург, дзе і сканаў праз некалькі гадоў. Паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй адбыўся апошні, трэці разьдзел Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Расея з гэтага разьдзелу дастала заходнюю часьць Беларусі і ўсходнюю часьць Літвы, што злажыла губэрні: Віленскую, Горадзенскую і Ковенскую. Апроч таго, да Расеі была прылучана і Украіна да Заходняга Бугу. Аўстрыя і Прусія прылучылі да сваіх тэрыторыяў рэшту польскіх земляў. Дзяржава Рэч Паспалітая перастала істнаваць, а Беларусь увайшла ў склад земляў Расейскай Імпэрыі. Пачаўся новы пэрыяд гісторыі Беларусі.





  1. Трэба яшчэ ад’значыць, што казацтва зьяўлялася ня толькі такім „вольным“. Ім карысталася і сама дзяржава, як кардоннаю вартаю на граніцы з мусульманскім сьветам. Наагул-жа, генэза казацтва патрабуе больш шырэйшага высьвятленьня.

    Рэд.

  2. У Польшчы Жыгімонт II.