Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Другі пэрыяд

Першы пэрыяд гісторыі Беларусі. (IX—XIII ст.) Другі пэрыяд гісторыі Беларусі. (XIII—XVI ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год
Трэці пэрыяд гісторыі Беларусі. (XVI—XVIII ст.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Другі пэрыяд гісторыі Беларусі.
(ХІІІ–XVI ст.).




Як мы ад’значылі раней, Полацкая Русь за ўвесь час свайго істнаваньня вяла амаль што небесперарыўнае змаганне з Русьсю Кіеўскай. На гэтую барацьбу трацілася шмат сілы і кошту, гінулі людзі, руйнавалася ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У хатнім жыцьці краю, таксама, пачынае нарастаць нешта шкадлівае. Ідзе змаганьне дзьвюх соцыяльных клясаў грамадзянства: людзей лепшых — эканамічнай і палітычнай арыстократыі — з аднаго боку і, людзей меншых, подлых — працавітай беднаты — з другога боку. Гэтая барацьба таксама руйнуе палітычнае жыцьцё краю. Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што пашлі спрэчкі паміж гарадамі і прыгарадамі, паміж асобнымі князямі, паміж асобнымі валасьцямі. Стала цяжка жыць у Полаччыне. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоваў жыцьця, ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю. Ідзе эміграцыя, каторая яшчэ больш нішчыць зруйнаваны край. Гэтая эміграцыя найчасцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць прадстаўнікі розных груп грамадзянста. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць на чужыну бедната. Капітал баючыся ўзрыву народнай помсты, таксама пэўным крокам ідзе ў непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князям — родзічам, ці князем — чужынцам. Абжыўшыся ў Ліцьве, набраўшы ў сваю дружыну ліцьвіноў, вяртаецца часамі гэты князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад адабранае. Часта ў канцы ХІІ-тага і ў пачатку ХІІІ-тага стагодзьдзя маёнткі князёў Полаччыны бываюць ліцьвінскія. Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для Полаччыны, пайшла на карысьць Літве. Там пачынаецца нейкі рух, як палітычны, так і культурны. Літва пачынае яднацца, пачынае будаваць гаспадарства. Аб’яднаўшы сябе, яна будзе потым рабіць гэтую працу і ў нашай бацькаўшчыне. Равьвінуўшы прасьвету і культуру, Беларусь ня здолела аберагчы свайго асабістага дзяржаўнага жыцьця. Літва, ўзяўшы ў Беларусі яе прасьвету і культуру, прышла на Беларусь, каб даць ёй палітычны зьвязак і сувязь з сабою. Пасьля векавой сумеснай працы збудавалася вялікае і моцнае гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культураю. Жыцьцё гэтага гаспадарства складае другі, літоўска-беларускі пэрыяд гісторыі Беларусі. Гэты пэрыяд называюць эпохаю Літоўска-Беларускага вялікага князьства, мы лічым патрэбным назваць яго літоўска-беларускім пэрыядам. Справа ў тым, што як раз у працягу гэтага пэрыяду вынікла і разьвінулася тая дыфэрэнцыацыя ўсходня-славянскага, рускага племя, якую мы бачым і дагэтуль. Літва аб’еднала заходнюю палавіну рускага пляменьня. Тут ішло сваё асабістае культурнае і палітычна-соцыяльнае будаўніцтва, над каторым працавалі ў цэнтры беларусы і на паўднёвай акраіне — украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае аб’яднала ўсходнюю палавіну рускага пляменьня. Тут, таксама, йшла асабістая культурная і палітычна-соцыяльная праца велікаруса.



Ліцьвіны ў пачатку пэрыяду.

Зьвесткі аб Ліцьвінох у летапісе надта небагатыя. У першы раз імя іх сустрэкаецца тут у Х-м стагодзьдзі. Судзячы па летапісе, ліцьвіны — невялікі народ, каторы ня мае навет пачуцьця этнографічнай еднасьці. Сялібы Ліцьвіноў былі раскіданы астраўкамі сярод драмучых лясоў і непраходных балотаў. Тэрыторыя, занятая ліцьвінамі, ляжала па рэчцы Нёмане і яго прытоках, часткаю на Заходняй Дзьвіне і ўсходніх прытоках Віслы; прыходзіла да берагоў Балтыцкага мора. На паўдні землі ліцьвіноў дасягалі да сярэдняга цячэньня Заходняга Бугу. Апроч летапісу, весткі аб ліцьвінох даюць яшчэ курганы. З гэтых курганных вестак мы бачым, што ў Эўропе яны жывуць вельмі даўно і што ў старажытныя часы яны займалі куды шырэйшую тэрытурыю, чым потым. Іх сялібы ад берагоў Балтыцкага мора праз басэйны рэкаў Нёмана і Заходняй Дзьвіны цягнуліся аж да сярэдняй Акі. У цяперашняй Калужскай губэрні магчыма знайсьці літоўскія архэолёгічныя астаткі.

У часы ад Х-га да ХІІ-га стагодзьдзя невялікі літоўскі народ распадаўся на шмат дробных пляменьняў. На крайней поўначы, на правым беразе Заходняй Дзьвіны жылі Леттоны, продкі латышоў, на поўдзень ад іх на левым беразе Дзьвіны, ў цяперашняй Ліўземшчыне, жылі Земголы. Ад нізу Дзьвіны аж да самага Балтыцкага мора сядзелі Куроны (па заходняй номэнклятуры), ці Корсь (па рускіх летапісах). Паміж утокаў рэкаў Нёмана і Віслы жылі прусы, каторыя, водлуг паданьняў, дзяліліся яшчэ на 10 каленаў — родаў. Назвы двох з гэтых каленаў сустрэкаюцца ў Аляксандрыйскага вучонага ІІ стагодзьдзя па Нарадж. Хрыст. Птолёмэа. Апроч таго, магчыма назваць такія літоўскія пляменьні: Жамойт (Ковеншчына), Аўкстота (Віленшчына), Ятвягі (Горадзеншчына). Усе гэтыя пляменьні доўга жылі ня толькі розна, а навет і воража адно з другім.

Вучоныя па мове ліцьвіноў і па другіх ад’знаках прызналі, што яны належаць да арыйскіх ці, йначай кажучы, да індаэўропэйскіх народаў. Да гэтага-ж караня належаць Пэрсы, Грэкі, Рымляны, Кэльты, Гэрманфы і Славяны. У той час, як мовы ўсіх пералічаных народаў далёка адыйшлі ў сваім разьвітку ад свае старое арыйскае мовы, мова навет сучасных нам Ліцьвіноў захавала ў сваім граматычным і лексычным складзе амаль ня ўсе асобнасьці стара-арыйскай мовы. Гэтая зьява, думаюць, залежыць ад таго, што літоўцы, асеўшы доўгі час сярод пушчаў і балот, як-бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў.

Што тычыцца звычайных промыслоў, як жылі і карміліся Ліцьвіны, то і тут яны йшлі тым шляхам, які паказвала ім матка-прырода. Балоты, вазёры і рэкі клікалі іх да рыбацтва, адвечныя лясы — да зьвералоўства і пчалярства. Вельмі рана павінны былі яны прышыцца да зямлі, зрабіцца аседлым народам: бо куды пойдзеш, калі цябе ня пускае вольна хадзіць па сьвеце то балота, то вада. Асеўшы на мясцох, ліцьвіны сталі эксплёатаваць тыя кавалкі сухога грунту, якія былі раскіданы па іх зямлі. Так павінна было зьявіцца сярод іх земляробства. Усе летапісы ХІІ-га і ХІІІ-га стагодзьдзя у вадзін голас гавораць, што ліцьвіны таго часу былі ўжо шчырымі земляробамі і мелі, дзякуючы гэтаму, больш чым даволі хлеба.

Жывучы ў лясным заціску, адгароджаныя ад суседзяў балотамі і вазёрамі, ліцьвіны не маглі развярнуць такой культуры, якая была ў той час у ўсходніх і заходніх славянаў. Гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, у іх ня было. Зрэдка можна было спаткаць гарады, як цэнтры стратэгічныя, каторыя мала чым розьніліся ад вёсак. Найчасьцей жылі яны па вёсках зьбіраючыся ў купу патрыархальнай сям’і, ці роду. На чале такіх сем’яў і родаў стаялі звычайныя старшыні, роданачальнікі, ці князі, каторых ліцьвіны называлі рыкасамі і кунігасамі. Летапісі гавораць, што такіх князёў у ліцьвіноў было шмат. У нас ёсьць напрыклад такія весткі, што паўночна-ўсходні, рускі вялікі князь Аляксандар Неўскі ў бойцы пад Тарапцом забіў восем літоўскіх князёў; Даніла Раманавіч, вялікі князь Галіцка-Валынскі, змагаючыся з Яцьвягамі, забіў 40 яцьвяжаскіх князёў. Нам патрэбна выясьніць, кім былі гэтыя ліцьвінскія кунігасы, ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада ліцьвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя ваколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім самастойна і незалежна адзін ад аднаго. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, а яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці радавых; іншы раз яны злучаліся для якога-небудзь хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі радавых старшыняў, другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі обшчынамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж абшчынамі; трэйція прышлі з боку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю выдатнасьць і вядомасьць, ці цяжкае і гаротнае становішча асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў магчыма бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вакол сябе ахвотнікаў да збойства, арганізавалі нешта падобнае да славянскае і гэрманскае дружыны і рабілі напады на суседнія землі. Нават такі багаты і магутны горад, як Рыга ня мог сябе лічыць бясьпечным ад нападу літоўскіх князёў.

У ліцьвіноў доўга дзяржалася паганская вера, бо, дзякуючы асобнасьці свайго грамадзянскага і палітычнага жыцьця, яны ня мелі ніякіх шырокіх зносінаў з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Нават у ХІІІ-м стагодзьдзі, калі ўжо ўсе народы навокала ліцьвіноў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней былі паганскім народам. Ліцьвіны, як раней і славяне, лічылі, што ўся прырода заселяна багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах і рэчах прыроды, ў зьвярох і г. д. Як і ўсе арыйцы, ліцьвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічучы агонь наймагутнейшай божаскай сілай. Найгалаўнейшым богам лічыўся пан маланкі і грому Пэркунас, падобны да ўсходня-славянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апроч яго ліцьвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наагул кажучы, рэлігія ліцьвіноў была дужа падобна да паганскае веры ўсходніх славянаў.

Да нашага часу многія падручнікі кажуць аб тым, што ў ліцьвіноў паганскага часу істнавала добра арганізаваная жрэцкая іерархія, на чале якой стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назоў Крыва-Крывэйта, і быў ня толькі першай духоўнай уладай у ліцьвіноў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на хроніцы канца ХІІІ стагодзьдзя Пётры Дюсбурскага, у каторай, паміж іншым, гаворыцца: „У літоўскага народу Прусаў было такое месца, звалася яно Ромаў. Гэтая назва мае свой пачатак ад назову вечнага гораду Рыму. Тут, у Ромаве, жыў нехта Крывэ, каторага яны паважаюць, як папу. Як пан наш — папа, кіруе агульнаю царквою верных, так Крывэ кіруе ня толькі памянёным народам (Прусамі), але і Летамі і другімі народамі зямлі Літоўскае. Улада яго мела такую сілу, што калі сам ён, ці хто другі, ім пасланы, праходзіў па зямлі ліцьвіноў, то ўсе князі, знатныя людзі і просты парод рабілі яму вялікую пашану“. Прафэсар Мяржынскі даводзіць, што гэтаму паданьню, запісанаму ў хроніцы, немагчыма даваць веры. Справа ў тым, што паданьне аб Крывэ маецца толькі ў ваднаго Пётра Дюсбурскага, а ўсе другія гістарычныя крыніцы, як старэйшыя, так і сучасныя яму нічога не гавораць аб уладзе Крывэ. Самае слова „Крывэ“ хутчэй можна разузець, як уласнае імя паважанага ў ліцьвіноў жрыца, чым агульны назоў асобы, меўшай такую вялікую ўладу. Што датычыць падвойнага назову „Крывэ-Крывэйта“, то яе і ў Пётры Дюсбурскага зусім няма, апроч таго яна і не магчыма ў літоўскай мове, каторая ня ведае такіх падвойнасьцяў. Параўнаваўшы з паданьнем хронікі П. Дюсбурскага ўсе другія весткі аб ліцьвінох таго часу, мы можам пэўна сказаць, што да пачатку ХІІІ-га стагодзьдзя ў Ліцьве ня было дзяржаўнай улады.



Аб’яднаньне Літвы.

У канцы ХІ і ў пачатку ХІІІ-га стагодзьдзя сярод літоўскіх пляменьняў пачынаецца якісьці концэнтрацыйны рух. Гэты рух вынік як адказ на той уціск, які мы бачым у гэты час з поўдня і ўсходу. Згодна вестак рускіх летапісаў на працягу ХІІ-га стагодзьдзя і раней на Літву ідуць даволі частыя паходы рускіх князёў. Так, напрыклад, вядома, што Уладзімер Кіеўскі (Сьвяты) рабіў паходы на Яцьвягаў і некалькі разоў перамагаў іх. Сын Уладзімера, добра вядомы Яраслаў Мудры, таксама, не адзін раз хадзіў паходамі на Літву і на мяжы Літвы і Русі Яраслаў залажыў горад Навагрудак для стратэгічных мэтаў. Асабліва многа паходаў на Літву рабілі Галіцка-Валынскія князі. Бліжэйшыя суседзі ліцьвіноў, князі Полаччыны, таксама, няраз урываліся ў зямлю літоўцаў. Так было ў тыя часы, калі Полаччына была сільная і не разрывалася на кавалкі ад хатніх, палітычных і соцыяльных спрэчак, напрыклад, пры Ўсяславе. Але калі Полаччына аслабела ад безперарыўнага змаганьня з Кіеўшчынай і ад таго бязладзьдзя, якое ў ёй пачалося пасьля Ўсяслава, то, разумеецца, адносіны яе да Літвы сталі іншыя. Асобныя князі і прадстаўнікі, якія змагаліся ў Полаччыне, грамадзянства групаў, павінны былі эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць свае долі на Ліцьве. Асядаючы ў Ліцьве, яны станавіліся, як-бы правадырамі той культуры і арганізацыі, якая была ў Полаччыне. З ўцекачамі прыходзіў на Літву капітал, прыходзіла і ваенная сіла. Уцекачы-князі групавалі вокала сябе ліцьвіноў, знаёмілі іх з той ваеннай арганізацыяй, якая была добра знаёма ім самім. Часта, скарыстаўшы згрупаваную імі літоўскую ўзброеную сілу, князі-ўцекачы йшлі на помсту ў Полаччыну. Адсюль толькі адзін шаг да таго, каб ліцьвіны і бяз закліку князёў, па сваёй добрай волі і ахвоце, пачалі ўмешавацца ў жыцьцё Полаччыны. Так яно і сталася з працягам часу. Прыходзячы ў Полаччыну, ліцьвіны яшчэ лепш і шчыльней маглі падыйсьці і звыкнуць да арганізацыі і культуры, якую бачылі ў Полаччыне.

Такім спосабам паходы рускіх князёў на Літву пачалі гуртаваць ліцьвіноў, каторыя павінны былі бараніцца. Поруч з гэтым Полацкая Русь рабіла культурны ўплыў на Літву праз сваіх эмігрантаў. Усё гэтае і пачало на Ліцьве арганізацыю, каторая была с пачатку вайсковай арганізацыяй і толькі потым стала арганізацыяй дзяржаўнай. У канцы ХІІ-га стагодзьдзя Літва ўжо выступае на гістарычнае поле. Яна ўжо робіць паходы на Полаччыну, маючы на мэце прылучэньне да Літвы новых тэрыторыяў. Пачаўшы з абароны, яна перайшла да нападаў. Адзін з такіх момэнтаў нападу на Полаччыну апісвае песьняр слова аб Ігаравым палку. „Магутна цячэ Дзьвіна ў Палачан пад грозным клікам Літвы паганскай. Толькі адзін Ізяслаў, сын Васількоў, пазваніў вострымі мячамі аб шаломі літоўскія, думаючы аб славе дзеда свайго Усяслава, але сам ён ужо ляжыць на крывавай руні, пад шчытамі чырвонымі, пацяты мячамі літоўскімі. Ня было з ім брата Брачыслава і другога брата Усевалада. Адзін ён выраніў душу з харобраго цела праз залатое ажарэльле.“

Сьледам за вайсковаю арганізацыяй пачалася ў ліцьвіноў арганізацыя дзяржаўная. Яна была як-бы адказам на другі ўціск, ўціск з захаду, з боку немцаў. Гэты ўціск на Літву пачаўся крыху пазьней.

Першы раз немцы зьявіліся ў вусьці Заходняй Дзьвіны, каля палавіны ХІІ-га стагодзьдзя. Істнуе такое паданьне, што немцы пазнаёміліся з літоўскім краем зусім прыпадкова. Марская бура прыбіла іх сюды і з гэтаго часу яны пачалі наежджаць сюды па сваей волі. Зьявіліся немцы бяз шуму, ціха і згодна, як гандляры. Праз нейкі час разам з гандлярамі прыехаў сюды сьвяшчэньнік Мэйнгард. Ён пабудаваў тут цэркву і пачаў шырыць хрысьціянскую прасьвету сярод ліцьвіноў. З ім зьявіліся другія місыянэры. Трымаючы ў руках крыж, яны за пазухаю мелі камень. Гэта відаць з таго, што хутка тут ўжо будуецца крэпкі замак, муры і вежы якога пануюць над акружнымі лясамі і балотамі. Гэты замак рабіў місыянэраў панамі над мясцовым людам і даваў ім магчымасьць мець ня толькі моральную, але і палітычную сілу. Раней, калі ліцьвіны і іх суседзі Лівы бачылі ў прышоўшых людзях прапаведнікаў новай веры, яны прыслухоўваліся да іх слоў і зварачалі ўвагу на новыя праўды. Але часам адносіны да людзей з крыжам ў руках зьмяніліся. Мясцовыя жыхары сталі добра прыглядацца да чужынцаў і хутка пабачылі, што місыянэры не так цікавяцца сваім духоўным уплывам, як пашырэньнем і ўкрэпленьнем свае ўлады ў гэтым краі. Пасьля гэтага яны ня надта ахвотна сталі слухаць прапаведнікаў, а потым і зусім перасталі. Праз нейкі час мы бачым, што ўжо ў Ліцьве выбухаюць паўстаньні. Часта нямецкіх місыянэраў разам з гандлярамі праганяюць з краю. Ліцьвіны і Лівы прыняўшыя хрышчэньне, пры першай магчымасьці зноў апускаюцца ў чыстыя воды Дзьвіны, змываюць з сябе хрысьціянства і адсылаюць яго па Дзьвіне назад да немцаў, адкуль яно і прышло. Калі на Заходзе даведаліся аб гэтым, то рымскі папа абвесьціў крыжовы паход на Лівонію і Літву, бо ў той час у Заходняй Эўропе якраз ішла эпоха крыжовых паходаў. Розныя клясы заходняга грамадзянства, дабіваючыся сваіх палітычных і эканамічных мэтаў, давалі матэр’ял і грунт для гэтай эпохі. Пад знакам крыжа хаваліся палітычныя і эканамічныя інтарэсы учасьнікаў паходаў: рыцары шукалі новых земляў — фэодаў, гандляры новых рынкаў, мужыкі, сэрвы — новага жыцьця, духавенства, новых парахвіяў і г. далей. Гэты натоўп з далёкімі ад хрысьціянства мэтамі і інтарэсамі прышоў з Заходняй Эўропы ў Лівонію і Літву для пашырэньня рэлігіі Вялікага Хрыста.

У 1200-м годзе пры вусьці Заходняй Дзьвіны ўжо зьяўляецца крыжовае апалчэньне, на чале якога стаіць будучы біскуп Лівоніі Альбэрт Буксгеўдэн. З крыжам, такім спосабам на Літву прышоў меч. У 1201-м годзе Ямбэрт закладае горад Рыгу, каторую робіць месцам свае катэдры. У гэгым-жа годзе ён засновавае для Літвы і Лівоніі рыцарска-манашаскі ордэн, падобен да тых, якія заснаваліся ў Палестыне. Новы ордэн, дастаўшы статут палестынскага ордэну тампліэраў, пачаў называцца брацтвам Хрыстовай дружыны (fratres miliciae Christi), а потым ордэнам мечаносцаў (glabiferi), ці Лівонскім. Відочная ад’знака рыцараў-манахаў гэтага ордэну такая: белы плашч з чырвоным крыжам і мечом на плячох. Сябры ордэну дасталі ад папы ня толькі абавязак пашыраць хрысьціянства, але і права ўладаць пакорнымі землямі залежна ад рыскага біскупа. Крыжам, мечам і агнём робяць яны сваю справу, падняваліваюць ліваў і ліцьвіноў і сілком перарабляюць іх на хрысьціянаў. Каб лепш дзяржаць у сваіх руках новых хрысьціян, яны муруюць крэпкія замчышчы ў Крэйцбургу, Дынабургу, Волькэнбэргу, Люцыне, Рэжыцы і г. е. Бяз страху седзячы ў мурох сваіх замкаў, яны зьняволіваюць і гэрманізуюць край ад паўночнай мяжы цяперашняй ковеншчыны да Фінскай затокі і да Пскоўшчыны. Мясцовыя жыхары, згубіўшыя вольнасьць і сілком пераробляныя на хрысьціянаў, падымаюць паўстаньні і гуртуюцца каб мець магчымасьць абароны ад уціску.

Крыху пазьней ад Лівонскага ордэну (1225 г.) пры Балтыцкім моры, паміж Нёманам і Віслай, на землях літоўскага племяньня Прусаў абсеўся другі духоўна-рыцарскі ордэн — Тэўтонскі. Звявіўся ён сюды з Палестыны, гдзе істнаваў з часу трэйцяга крыжавога паходу. Задзержацца ў Палестыне на далейшыя часы ён ня мог, бо там мусульмане пачалі праганяць крыжакоў. У такі цяжкі для ордэну мамэнт да яго зьвярнуўся адзін польскі удзельны князь, гэрцог Мазавецкі Канрад. Ён запрасіў да сябе рыцараў тэўтонскага ордэну, каб яны баранілі аго землі ад нападаў літоўскага племя Прусаў. Калі рыцары аселі на новым месцы, пачалося іх змаганьне з Прусамі. Барацьба была ўпорлівая і крывавая. Дзякуючы свайму ваяўніцкаму мастацтву і добрай зброі, урэшце тэўтонцы адзержалі верх. Прусы прымушаны былі часткаю выселіцца на паўднёвы ўсход, часткаю загінулі ў няроўнай барацьбе, часткаю зьліліся з перамогшымі іх немцамі. Літоўскі нацыянальпы твар іх сьцёрся, а імя перайшло на немцаў, каторыя зрабілі гэты літоўскі край сваею калёніяю.

У 1137-м годзе абадва ордэны злучыліся, каб лепш змагацца з Літвою. Ліцьвіны, ўстрывожаныя гэтымі суседзямі пачалі з імі крываваю барацьбу, баронячы крэпка сваю народнасьць. Пэўна, што і літоўскім пляменьням трэба было злучацца ў адно сільнае гаспадарства, каб цалком не загінуць у гэтай барацьбе.

Такім спосабам, само жыцьцё прымушала літоўскія пляменьні да аб’яднаньня. З двох бакоў былі яны сьціснуты сваімі суседзямі. З аднаго боку, — з ўсходу, напіралі на іх усходнія славяне, з другога боку, — з заходу, ішоў гвалтоўны нямецкі ўціск. Літоўцам у адказ на гэты двохбочны націск прышлося гуртавацца. Раней яны гуртуюцца ў ваенныя сувязі, пазьней з гэтых сувязяў вынікае грамадзянская і дзяржаўная арганізацыя. Арганізуючы адпор сваім заходнім і ўсходнім суседзям, ліцьвіны падаліся некалькі на ўсход, бо славяне былі слабейшыя за немцаў; ліцьвіны пасунуліся ў бок меншага праціўленьня. Спаткаўшыся з полацкімі славянамі ўжо на славянскай тэрыторыі, ліцьвіны аказаліся з палітычна-арганізацыйнага боку сільнейшымі і пачалі творчую працу ў Полаччыне. Так пачаўся пэрыяд супольнага жыцьця ў адным гаспадаратве ліцьвіноў і Полацкай Русі, пэрыяд Літоўска-Беларускага гаспадарства.


Будаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы у ХІІІ стагодзьдзі.


У другой чэцьверці ХІІІ-га сталецьця, каля часу злучэньня двох нямецкіх ордэнаў, летапісы часта пачынаюць гаварыць аб адным з літоўскіх кунігасаў — Мэндаўгу. Яго яны называюць замажнейшым за ўсіх літоўскіх князёў. Пад 1236-м годам у Валынскім летапісе Мэндог ужо лічыцца як-бы галавою і прадстаўніком Літвы. Ліўземская кроніка пад 1244-м годам, апісваючы адзін з нападаў ліцьвіноў на лівонскіх крыжакоў, гаворыць, што зямлю лівонскую пусташыла літоўскае войска ў 30 тысячаў чалавек і што на чале яго стаяў Мэндаўг, „Магутны кароль літоўскі“. Гэтыя зьвесткі летапісаў і кронікаў трэба разумець так, што Мэндоўг быў проста старшым над кунігісамі і меў пяршынство ў ваяўніцкіх справах. Малодшыя князі яшчэ ня страцілі свае незалежнасьці і часта мы бачым, што яны вядуць сваю асабістую палітыку. Так, напрыклад, у 1246-м годзе, ня гледзючы на тое, што паміж Валыньню і Мэндоўгам была згода, ішла вялікая бойка паміж валынскім князем і адным з літоўскіх князёў на імя Айшвна. І гэтая бойка не пашкодзіла згодзе паміж Валыньню і Мэндаўгам.

З 1248-га году кірунак улады Мэндаўга мяняецца. Ен ужо не здавольваецца пасадай першага князя паміж незалежнымі літоўскі князямі, а пражэцца быць поўным гаспадаром Літвы. Дзеля гэтай мэты ён вядзе барацьбу з тымі князямі, каторыя хочуць захаваць сваю незалежнасьць. Барацьба была крывавая. Мэндаўга не прыпыняла нішто. Шмат князёў, навет родзічаў і сваякоў Мэндаўга, загінула, ў гэтай барацьбе ад рукі Мэндаўга. Адначасна з гэтым Мэндаўг накладае сваю руку на незалежнасьць суседніх князтваў Полацкай Русі. Карыстаючы з таго перапалоху, каторы зрабілі на Русі татары, ён захапляе так званую Чорную Русь, тэрыторыя якой займала правыя прытокі Нёмана. Тут ён заваладаў гарадамі: Наваградкам, Слонімам, Гораднам, Воўкавыскам і інш. Яго падручныя князі ў гэты самы час зацьвярдзіліся ў Полацку. Сталіцаю свайго гаспадарства Мэндаўг зрабіў Наваградак.

Такім спосабам, Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста Літоўскім, а Літоўска-Беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся толькі на ліцьвіноў ён ня можа. Племя ліцьвіноў было невялікае, апроч таго у ім ня было культурнай сілы. Трэба было ўцягнуць да дзяржаўнага жыцьця славянскае грамадзянства. Толькі яно было тым элемэнтам, з каторага можна было ўзяць і ўзброеную сілу, і арганізацыйна-культурную традыцыю, каторая была вельмі патрэбна для маладога, яшчэ слаба арганізованага, гаспадарства. І Полацкая Русь, пэўна, дала новаму гаспадарству свае парадкі, звычаі, ўстановы і культуру.

Новаму гаспадарству найбольш пагражалі крыжакі. Яны карысталі з кожнага выпадку, каб рабіць паходы на Літву і Беларусь. Мэндаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі яшчэ немагчыма, зьдзержваў іх, пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён навет прыняў у 1250-м годзе хрысьціянства. Разумеецца, гэтае хрышчэньне мела толькі палітычную мэту і „было льстиво“, як кажа летапісец. Зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мэндоўг з натуры не зьмяніўся. Ён, як і раней, прыносіў афяры сваім старым паганскім багом: як раней, выходзячы на паляваньне, баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі. Выявілася ўсё такі, што гэта „льстивое“ хрышчэньне не забяспечыла Літвы ад нападаў немцаў. Тады Мэндоўг зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага народу і так разьбіў немцаў, што яны доўгі час устрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя князі ня былі здаволены самаўладзтвам Мэндаўга. Яны апіраліся на мясцовыя сэпаратыўныя жаданьні. Ня маючы моцы адкрыта змагацца з Мэндаўгам, яны ўчынілі згавор. Грошы адчынілі ім дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнімі сынамі. Так скончылася першая проба будоўлі літоўска-беларускага гаспадарства. Забіўшы Мэндаўга, згаворшчыкі пачалі дзяліць уладу паміж сабою. Кожны з іх, тым ня меньш, добра разумеў, што грунтоўным напрамкам палітычнага жыцьця Літвы і Русі ёсьць злучэньне ўсіх земляў. Кожны з іх хоча ўзяць выкананьне гэтай мэты на свае плечы. Пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог цярпець цяжару вярхоўнай ўлады Мэндаўга.

Спачатку ўладу атрымаў некі князь Таўцівіл. Праз некі час мы бачым на чале маладога гаспадарства жмудзкага князя Страйната. Ён доўга ня змог утрымаць уладу ў сваіх руках, і яго пасад займае хітры і дыплёматычны старэйшы сын Мэндаўга Вайшэлак.

Яшчэ калі быў жывы Мэндаўг, Вайшэлак кіраваў, як намесьнік бацькі ў Навагрудзкім князьстве і Чорнай Русі, каторая групавалася вокала Навагрудка. Ен быў падобен да свайго бацькі Мэндаўга па той мэце, якую ставіў перад сабою: ён, як і яго бацька, быў прыхільнік аднаўладзтва.

Летапісец так малюе Вайшэлка ў той час, як ён быў князем-намесьнікам Навагрудзкім: „Вайшэлак кожны дзень забіваў па тры, ці чатыры чалавекі. Як у які-колечы дзень яму ня было здарэньня забіць каго-небудзь, то ён рабіўся вельмі сумным і заемучаным, а калі ён каго забіваў, то быў надта рад“. Як прачытаеш гэтую летапісную зьвестку, то здаецца, што Вайшэлак быў якім-сь лютым, дзікім зьверам, каторы карміўся чалавечым мясам, чаго сапраўды быць не магло. Усё-ж такі гэта паданьве дае адзнаку таго, што тварылася ў тыя часы. Трэба думаць, што былі нейкія грунтоўныя прычыны, каторыя прымушалі Вайшэлка, як і Мэндаўга, праліваць кроў і рабіць забойствы. Ён быў надта разумны і хітры для таго, каб бяз прычыны і бяз мэты займацца людзкім забойствам. Справа ў тым, што Вайшэлак падтрымліваў бацькаўскую ідэю аднаўладзтва. Пэўна, што трэба было дапамагчы свайму айцу зламаць ворагаў аднаўладзтва, якіх, як мы ведаем, было ня мала. Калі мы зьвернем увагу на ўсё гэтае, то зразумеем, што Вайшэлак рабіў забойствы не дзеля свайга капрызу, а дзеля палітычнай мэты. Некалькі пазьней, калі была спрэчка паміж Галіцкім князем Данілай Раманавічам і Мэндаўгам, літоўскі князь, жадаючы згоды, паслаў дзеля гэтай справы ў Галіччыну Вайшэлка. Байшэлку ўдалося дабіцца згоды. Потым ён застаўся жыць у м. Холме ў Галіччыне, мабыць дзеля таго, каб падтрымаць згоду. Гэтая дыплёматычная місія яму ўдалася. Згода была ўзмоцнена выданьнем замуж сястры Вайшэлка за сына Данілы Шварна. Князяваньне над Чорнай Русьсю, а так сама жыцьцё ў Галіцкай Русі зрабілі з Вайшэлка прыхільніка беларускай нацыі, культуры і праваслаўнай веры. Раней паданьне не шкадавала чорнай фарбы, калі давала малюнак паганскага жыцьця Вайшэлка. Цяпер яно таксама не шкадуе ружовай хварбы, малюючы Вайшэлка у хрысьціянстве. Паданьне кажа, што, жывучы ў Галіччыне, Вайшэлак пазнаёміўся з адным ігумэнам Грыгорам, такім сьвятым чалавекам, якога, водлуг паданьня, „ня было раней і ня будзе пазьней“. Гэты сьвяты ігумэн меў такі ўплыў на літоўскага сярдзітага князя, што ён зрабіўся святым чэлавекам. Вайшэлка стала грысьці сумленьне за ўсе тыя збойствы, каторыя ён утварыў раней, як быў у паганскім стане. Ен прыняў хрысьціянства. Не здаволіўшыся гэтым, ён потым зрокся мірскога грэшнага жыцьця і прыняў манашаскі пастрыг. Тры гады пражыў Вайшэлак у Галіччыне пад кіраўніцтвам ігумэна Грыгора, але яму ўсё жадалася сьвяцейшага жыцьця. Даведаўшыся, што гэтае жыцьцё можна знайсьці на Афоне, ён паехаў туды. Да Афону з некіх прычын яму не давялося дабрацца, і тады ён вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут, недалёка каля Наваградку, ён заснаваў манастыр, дзе і жыў, як просты, звычайны манах. Мэндаўг, каторы ў той час быў жывы, гневаўся на сына, што ён замест таго, каб дапамагаць бацьку ў палітычных справах, зачыніўся ў манастыры, але Вайшэлак быў цьвёрдым і астаўся манахам.

Так кажа летапіснае паданьне. Але далейшыя падзеі прымушаюць нас крыху йначай тлумачыць хрысьціянскі настрой Вайшэлка.

Калі Мэндаўг быў забіты згаворшчыкамі, Вайшэлак уцёк да Пінску і тут жыў безбаязна, пакрыты манашаскай расай і клабуком. Але калі прышоў падхадзячы мамэнт пасьля сьмерці Таўцівіла, Вайшэлак скінуў расу, згрупаваў каля сябе беларускія хрысьціянскія масы, забраў Наваградак і абвесьціў сябе вялікім князем. Пачалася крывавая расправа, як з ворагамі яго бацькі, так і яго ўласнымі ворагамі. Адных ён пазабіваў, а другія павінны былі пакінуць бацькаўшчыну. Аднаўлацтва было зноў дасягнута. Мы чакаем, што Вайшэлак адтрымаўшы ўладу, будзе берагчы яе і узмацняць. Аднак-жа гэтага ня сталася. Праз некі час Вайшэлак зноў кінуў усе справы, адзеў манашаскую расу і скончыў жыцьцё сваё ў манастыры.

А ў Ліцьве і Русі зноў пашлі спрэчкі паміж асобнымі князямі, каторыя змагаліся за вярхоўную ўладу. І так ішла справа праз увесь канец ХІІІ стагодзьдзя, пакуль уладу ў гаспадарсцьве ня ўзяў у свае рукі ў 1293-м годзе Вітэн. Вітэн разам з братамі сваімі і наступнікам Гедымінам ужо надобра збудзвалі моцнае і вялікае Літоўска-Беларускае гаспадарства.



Аснаўныя мамэнты жыцьця новага гаспадарства.

У ХІV-м стагодзьдзі і далей новае, Літоўска-Беларускае гаспадарства стаіць ужо на цьвёрдых нагах. З падручнікаў „агульна-рускай“ гісторыі нам добра вядомы такія іменьні, як — Вітэн (1293–1316), Гедымін (1316–1341), Альгерд (1345–1377) і Кейстут (1377–1379), Ягайла і Вітаўт. Даваць падробную характэрыстыку кіраваньня гэтых гаспадароў мы ня будзем. Мы толькі ад’значым аснаўныя мамэнты палітычнага жыцьця дзяржавы, якія дадуць як-бы тон і кірунак для далейшай гісторыі Літвы і Беларусі ў гэты пэрыяд.

Новая дзяржава концэнтруе ў адно літоўскую і заходня-беларускую зямлю. З часу Гедыміна сталіцаю гаспадарства быў зроблен горад Вільня, пры ўплыве Вілейкі ў Вільлю. Горад Полацак з воласьцю, ратуючыся ад немцаў, пры Вітэне (1307), паддаўся літоўскаму гаспадару. У пачатку там кіравалі намесьнікі гаспадара пры законадаўчай уладзе старажытнага веча, потым на Полацкім пасадзе, ці малодшыя браты, ці сыны гаспадара. З гэтага часу Полацак ніколі не адходзіў ад Літвы. За Полацкам прышоў чарод і да Віцебска, каторы яшчэ раней абасобіўся ад Полацку ў незалежнае княства. Апошні віцебскі князь, ня маючы наступнікаў па мужчынскай лініі, аддаў сваю дачку за сына Гедымінавага — Альгерда. Разумеецца, што Альгерд быў у залежнасьці ад Гедыміна. Хутка стаў залежным ад Гедыміна і наш Менск са сваею воласьцю. У летапісе пад 1326-м годам ёсьць зьвестка, што ў Ноўгарад прыходзілі пасланцы ад Літвы. Паміж імі ад’значан і Васіль, князь Менскі. Выходзіць, што ў 1326-м годзе Менскі князь ужо быў адным з падручных князёў Літоўска-Беларускага гаспадара. Магчыма думаць, што каля гэтага часу, ці можа раней, зрабіліся залежнымі ад Літвы княствы Лукамскае і Друцкае. Каля гэтага-ж часу маладое гаспадарства ўлучыла ў свой склад Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй часьці мела назоў Падлясься.

Пазьней, у часы Альгерда і Кейстута, да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласьць з Валыньню і Падоліяй. Трэба ад’значыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку ХІV-га стагодзьдзя ня была падобна на тую Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала нашу бацькаўшчыну Полаччыну. Кіеўшчына ў гэтыя часы была зьнішчана і зруйнована дашчэнту, як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых сьцепнякоў, раней полаўцаў, а потым татараў. Кіеўскі вялікі князь зрабіўся адным з тых маленькіх, гаротных паўднёвых князькоў, каторыя ледзьве-ледзьве дзяржаліся, апіраючыся на нязначную жменьку украінскіх насельнікаў, якія асталіся ў сьцепу, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татараў. „Маці гарадоў рускіх“, паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа населены Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Кірпіні, каторы, праяжджаючы па паўднёва-ўсходніх старонах, бачыў ў гэты час паміж іншым і Кіеў, налічыў ў ім ня больш, як 200 хатаў. У 1300-м годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрапаліт „усея Русі“ Максім, уцякаючы ад татарскіх пагромаў, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, дзе пачаў будавацца Маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, выйшлі і сільнейшыя князі, і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для свае працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей Кіеўскі князь ня мог тут дзяржацца, як самаўладны, незалежны ўласьнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя Літоўска-Беларускага, каторы меў сілу абараніць поўдзень ад татараў.

Не здавольваючыся паўднёвымі украінскімі валасьцямі, Альгерд жадаў зацьвярдзіць свой палітычны ўплыў і на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам палітыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыяд гісторыі Беларусі таксама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго, Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно жадала схіліць у свой бок, напрыклад, Цьверскае княства, паддзержваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе рос сільны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была таксама, як і Масква, бараніць свае гаспадарства ад татараў. Яшчэ амаль-што за 20 гадоў да вядомай нам Кулікоўскай бітвы, ў 1362-м годзе Літва і Беларусь, злучыўшы ўсе свае сілы, выйшла на спатканьне татараў на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасьць, татары былі разьбіты, — і, пакінуўшы на месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Пад уплывам страху татары доўга сюды ня прыходзілі, і паўднёва-заходнія землі, такім спосабам, мелі цяпер магчымасьць эканамічна і культурна разьвівацца, забясьпечаныя ад страшнага ворага.

Такім спосабам з быўшых раскіданых заходня-славянскіх земляў у злучнасьці з Літвою злажылася гаспадарства. У гэтым гаспадарстве на кожным шагу мы бачым працу нашых бацькоў. З гандлёвай Полаччыны прышоў сюды капітал і пачаў зноў зьбіраць для эксплёатацыі працу мазольных рук. Вясковая старажытная Літва будуе ў сябе гарады і яны пачынаюць жыць жыцьцём старых гарадоў Полаччыны і Кіеўшчыны. Некаторыя з гарадоў акружаюцца мурамі, украплаяюцца замчышчамі. Войскі гаспадарства добра ўзброены і добра ведаюць ваяўнічае штукарства, каторае таксама прыйшло сюды з Полаччыны. Жыхары маюць добрую арганізацыю. Нам, напрыклад, вядома, што яны бароняць свае гарады па правільнай чарзе, праз колькі месяцаў кожная група. Нашы продкі ня толькі служаць у войсках гаспадара, але і складаюць іх значную частку. Ім, як найбольш культурнаму элемэнту, даручаецца каманда над вайсковымі часткамі і абарона ад ворагаў межаў гаспадарства. Яны кіруюць ад імя гаспадара, як асобнымі гарадамі, так і цэлымі тэрыторыямі. Ім перад усімі прызнаецца права і даручаюцца такія справы, дзе асабліва патрэбна адукацыя і лоўкасьць, напрыклад, зносіны вялікага княства з суседнімі гаспадарствамі. Адным словам, мы бачым, што нашыя продкі, яе культурны элемэнт, займаюць пачэснае месца ў палітычных і грамадзянскіх справах гаспадарства. Ідзе згоднае збліжэньне паміж двумя народамі, У Літоўска-Беларускім гаспадарстве кіруе гаспадар — ліцьвін, а пануе прасьвета і культура беларуса. Есьць нават такая думка, што гаспадары дзяржавы ня былі прыроднымі ліцьвінамі, а патомкамі тых князёў Полацкай Русі, каторыя раней, у канцы папярэдняга пэрыяду, уцяклі ў Літву ад бязладзьдзя, якое настала ў Полаччыне. Ня ўваходзячы ў разгляд правільнасьці гэтай думкі, мы ўсё-ж такі павінны ад’значыць, што самы гаспадары княства лічылі сябе ліцьвінамі. Гэтае літоўскае самапачуцьцё ня было аднак-жа шовіністычным. Усе яны добра ведаюць беларускую мову, многія з іх прыймаюць усходнюю хрысьціянскую веру і бяруць шлюбы з беларускімі княжнамі. Беларуская мова пануе ня толькі ў палацы вялікага князя, але і сярод грамадзянства. Дзяржаўныя пастановы выдаюцца раней у дзьвёх мовах, а потым амаль што ня выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічучы сябе ліцьвіном па нацыі, прызнаваў, што ён, як галава гаспадарства, ёсьць прадстаўнік той і другой нацыі. У офіцыяльных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом Ліцьвіноў і Русінаў (Rex Litwinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэйція часткі яго земляў былі беларускія.

Ня гледзячы на тое, што ў ліцьвіноў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-хрысьціянская, абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярпімасьць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму Богу. Гедымін, адказаваючы на адну з прапазыцыяў рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: „Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаю іх веры: русінам па іх звычаю, паляком — па іх. А мы, ліцьвіны, будзем маліцца па нашым звычаю, бо ўсе мы паважаем аднаго Бога“. Трэба ўсё-ж такі ад’значыць, што ліцьвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы ХІV-га стагодзьдзя больш, як 50 літоўскіх мясцовых князёў дзяржаліся ўcходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элемэнтаў, як паганcкая вера. Аб гэтым-жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то ліцьвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, нават іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую. Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і беларускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад тога, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудавана больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго істнаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянстве йшла, клясовая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж эксплёатуючым капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго, ня было забесьпечаньня ад міжусобных боек паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэта не магло даць адпору новаму концэнтрацыйнаму руху, каторы йшоў з боку Літвы і яе князя. Асобныя воласьці і гарады ахвотна прызнавалі новую ўладу. Як на выключэньне, можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літвы шляхам вайны. Але і тут яшчэ раней была партыя, каторая цягнула да Літвы і адчыніла гарадзкую браму літоўска-беларускаму войску. Жыхары быўшай Полаччыны без протэсту прынялі ўладу літоўскіх князёў, каторыя прыносілі з сабою абарону ад сільных суседзяў і давалі спакой ад міжусобнай хатняй барацьбы.

Мы ведаем, што ў гісторыі полацкага пэрыяду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Новая дзяржаўная ўлада не нарушыла гэтай старажытнай ідэі народапраўства. Наадварот, літоўскія вялікія князі асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат літоўска-беларускіх гаспадароў, якія даваліся асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія словы: „гаспадар старыны не нарушае і навіны ня ўводзіць“. Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уваходзячы ў склад новага гаспадарства не адходзіла ад сваіх старых традыцыяў і захоўвала свой твар. Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, дзе ўвакол Масквы таксама пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — ўсходняй Русі. Масква, зьбіраючы Русь, закасуе гэтую старарускую ідэю народапраўства. Будзе ісьці крыжацкае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць грунт для бязупыннае сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, каторая ўваходзіць у склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе страціць свой асабісты твар. Будзе скасована індывідуальнасьць тэрыторыяльная.

Не касуючы правоў веча і старарускай ідэі народапраўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе імкнуцца скасаваць уладу асобных мясцовых князёў. Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасадаў, але яны павінны прызнаць як-бы васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, дзе пасады аставаліся па якіх-небудзь прычынах пустымі, гаспадар садзіў, як квязёў-намесьнікаў, сваіх родзічаў, або сваякоў.



Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў.

Важнейшаю з надворных справаў Літоўска-Беларускага гаспадарства было змаганьне з нямецкімі ордэнамі, аб якіх мы казалі вышэй. З ІХ-га, а асабліва з Х-га стагодзьдзя пачынаецца вялікі рух германскага пляменьня на ўсход. Drang nach Osten. Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, балтыцкіх славянаў, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Стагодзьдзе за стагодзьдзем ішоў гэты націск немцаў і славяне адыйшлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, па берагох балтыцкага мора, нямецкі націск быў сільнейшы. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе каштоўнасьць і ў тыя, і ў нашыя часы марскога берагу. Пад Балтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў — тубыльцаў і, ідучы па беразе на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі і ліцьвінамі. Ліцьвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску і, каб абарона была трывалейшай, пачалі арганізавацца. Так збудалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося зьдзержваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз стагодзьдзі. Ужо Мэндаўгу трэба было бараніцца і ён бараніўся, як мог, дзе мечам, дзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гедымін. Часта, ня маючы магчымасьці узяць верх над немцамі сілаю меча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гедыміну прыняць хрысьніянства па заходнім абрадзе. Гедымін, па пробе Мэндоўга, ужо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Каталіцтва якраз было тэю сьцежкаю, па каторай ішлі палітычныя жаданьні немцаў. Гедымін рэзка адхінуў прапазыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў пасланцом папы так: „Калі я меў намер калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку, але я гэта сказаў затым, што папа старэйшы за мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых за мяне люблю, як сыноў“. Барацьба з крыжакамі пры Гедыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі разоў ліцьвінам удавалася браць над імі верх, але наагул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. У барацьбе з крыжакамі загінуў і сам Гедымін. Пад 1341 годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гедымін загінуў пры аблозе аднае нямецкае крэпасьці, паранены крыжакамі.

У часы Альгерда і Кейстута амаль-што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кейстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы, замест вялікіх паходаў, робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзінку павінны былі ліцьвіны чакаць неспадзёванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя, на добрых конях урываюцца раптам у сумежныя з ордэнскімі літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б’юць жыхароў або бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы жывёлу і цягнуць маемасьць. Часам, у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 гадоў князяваньня Альгерда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля сотні такіх паходаў.

Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы і Літва на межах муруюць крэпкія замкі. Найкрапчэйшы з літоўскіх замкаў таго часу быў замак у Коўне. Многа разоў падступаліся немцы да замку, многа разоў маніліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглаў чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нярухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы ліцьвіноў на помсту немцам за іх рэйзы на Літву. Толькі, сабраўшы ўсе свае сілы і запрасіўшы на дапамогу чужаземных рыцараў, забралі, урэшце, немцы гэты грозны замак, ці лепш кажучы, яго руіны, бо ліцьвіны толькі тады пакінулі яго, калі ён быў зусім зруйнованы. Але прайшоў год, прайшоў другі, — і ліцьвіны зноў, недалёка ад руін, збудавалі новы замак, ня менш крэпкі, як стары.

Не заўсёды йшла так барацьба. У часы хатніх спрэчак Літоўска-Беларускае гаспадарства само умешвала крыжакоў у свае хатнія справы. Так рабілі, напрыклад, і Ягайла, і Кейстут, каторыя зьвярталіся да крыжакоў у барацьбе за велікакняскі пасад. Крыжакі ахвотна ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць сілу шкадлівага для іх гаспадарства суседа. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю проці свайго ворага. Змаганьне з немцамі было аднэй з прычын злучэньня Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам Польскім у 1386-м годзе. І трэба ад’значыць, што гэтае злучэньне было вельмі шкадлівае для ордэнаў. У 1410-м годзе Вітаўт разам з Ягайлам даў рашучую бітву немцам пад Танэнбэргам, ці Грунвальдам у Прусіі. Войска рыцараў складалася з 80 тысячаў, войска саюзьнікаў з 150 тысячаў. У бойцы былі і беларускія войскі. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну, тут быў вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны дзеяч чэскі часу гусіцкіх войнаў. Бітва пачалася зраньня 15-га чэрвеня. Літоўска-Беларускія войскі змагаліся на правым фланзе. Доўга ня мог выявіцца выхад бойкі. Толькі падвечар, дзякуючы націску беларускіх смаленскіх палкоў, немцы пачалі кідаць поле бойкі. Страты немцаў былі вялікія: быў забіты магістар ордэну, а рыцараў была забіта каля 30 тысячаў. Радасьць ад пабеды была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца пералом у змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з немцамі. Сілы немцаў слабеюць. У 1466-м годзе нават канчаецца незалежнае істнаваньне Тэўтонскага ордэну; вялікі магістар ордэну з гэтага часу павінен прызнаць сябе васалам Польскага караля і Літоўска-Беларускага гаспадара — Казімера IV.


Унія Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай 1386-га году.



Пасьля сьмерці Альгерда (1377) у Літоўска-Беларускім гаспадарстве пачынаецца нялад. Пасад Альгерда займае старэйшы яго сын ад другой жонкі, Ульляны Цьверскай, Ягайла. Ягайлам нездаволены яго старшыя браты, сыны першай жонкі Альгерда, Марылі Віцебскай, і зьвярнуліся да Масквы, дзе ў гэты час быў вялікім князем Дзьмітры Данскі. Што датычыцца Кейстута, малодшага брата Альгерда, то ён, шануючы ідэю еднасьці гаспадарства і ня хочучы нарушаць тэстамэнту памёршага брата Альгерда, ня выходзіў з паслушэнства свайму пляменьніку Ягайле. Каб паддзержаць яго аўтарытэт і даць другім князём прыклад паслухмянства вялікаму князю, ён у паложаны час езьдзіў да Ягайлы ў Вільню на пасяджэньні княжай рады, як езьдзіў раней да свайго старэйшага брата Альгерда. Аднак-жа гэтыя добрыя адносіны паміж Ягайлам і Кейстутам хутка перарваліся. Ягайла вельмі баяўся аўтарытэту і папулярнасьці Кейстута. Ён два разы зьвяртаўся да крыжакоў, каб з іх дапамогаю перамагчы і зрабіць безбаронным Кейстута. Ня гледзячы на дапамогу крыжакоў, Ягайла быў разьбіты і пайшоў на вераломную хітрасьць. Ён запрасіў Кейстута з сынам яго Вітаўтам у свой абоз, быццым для таго, каб абгаварыць з імі ўмовы далейшых адносін. Як толькі яны зьявіліся туды, іх схапілі, закавалі ў ланцугі, завязьлі ў Крэва (Ашмянскі павет у Віленшчыне) і пасадзілі ў замчышчы ў турму. Сюды Ягайла падаслаў забойцаў, каторыя задушылі старога, слаўнага Кейстута, а жонку яго Біруту ўтапілі. Вітаўту пашанцавала ўцячы з турмы ў жаноцкай вопратцы, каторую дастарчыла яму яго жонка Ганна. Такім спосабам, мы бачым, што Ягайла меў многа ворагаў сярод сваіх родных і стрэчных братоў, — і яму трэба было шукаць апоры для свае ўлады дзесь за межамі гаспадарства.

У гэты самы час і ў Польшчы былі непаразуменьні ў справе дзяржаўнай улады. У 1382-м годзе памёр польскі кароль Людзьвіг Вэнгерскі. Пасьля яго асталіся тры дачкі: Кацярына, Марыя і Ядзьвіга. Фамілія караля хацела пасадзіць на пасадзе сярэднюю дачку Марыю, каторая была жонкаю караля Вэнгерскага. Зьвязак Польшчы з Вэнгрыяй не падабаўся паном, дзякуючы таму, што нябожчык кароль, апіраючыся на Вэнгрыю, дзяржаў сябе даволі незалежна ад паноў. Два гады цягнулася бескаралеўе. Толькі ў 1384 годзе паміж фаміліяю караля і панамі зрабілася згода. Каралева паслала на польскі пасад малодшую дачку Ядзьвігу, 13-цёх гадоў. Было зразумела, што Ядзьвіга не магла сама кіраваць гаспадарствам, тым больш, што Польшчы, як і Ліцьве, цяжка прыходзілася ад крыжакоў. Трэба было знайсьці такога чалавека для Ядзьвігі, каторы быў-бы ня столькі прыемным для яе, сколькі карысным для Польшчы. Ягайла, Літоўска-Беларускі гаспадар, здаваўся паном падхадзячым для гэтай мэты: перш за ўсё, Ліцьве пагражаў той самы вораг, што і Польшчы; апроч таго, хатнія спрэчкі ў Ліцьве за ўладу рабілі Ягайлу больш згаворным з польскімі панамі. Апроч палітычных думак, польскія паны дзяржаліся і сваіх клясавых інтарэсаў. Яны былі пераконаны ў тым, што Ягайла, у падзяку ім за сваё абраньне, пашырыць іх правы і прывілеі. Духавенства таксама спадзявалася, што шлюб Ядзьвігі з Ягайлам пашырыць і рэлігійна-палітычны ўплыў на Літву. І тыя ў другія не абмыліліся.

Ягайла ў 1385-м годзе дастаў з Польшчы прапазыцыю аб шлюбе з Ядзьвігаю і злучэньні з Польшчаю. З якою ахвотаю ён адгукнуўся на гэтую прапазыцыю — відаць з тых абавязкаў, якія налажыў ён на сябе і на сваё гаспадарства. На радах польскіх паслоў ў Крэве ён абавязаўся прыняць каталіцкую веру са сваімі братамі, сваякамі, народам літоўскім знатным і простым, даваць грошы свайго гаспадарства на патрэбы Польшчы, дапамагчы Польшчы заняць паўднёвыя аднятыя тэрыторыі, заплаціць адступнога 200.000 флёрынаў быўшаму жаніху Ядзьвігі, прынцу Вільгэльму Аўстрыйскаму і на вечны час прылучыць Літоўска-Беларускае гаспадарства да кароны Польскай. Польшча за ўсё гэта дакляравала Ліцьве і Беларусі дапамогу ў барацьбе з крыжакамі.

На зьезьдзе ў Ваўкавыску былі ўхвалены такія ўмовы злучэньня Польшчы з Літоўска-Беларускім гаспадарствам: кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах павінен быць адзін; упачатку гэтая асоба ёсьць Ягайла, потым просты патомак яго і Ядзьвігі; надворныя зносіны ў справах, датычачых абедзьвюх дзяржаваў, а таксама і абарона тэрыторыі робяцца супольна. Хатняе кіраваньне ў кожным гаспадарсцьве асобнае: і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве і ў Польшчы маюцца — асобныя войскі, асобны скарб і асобныя ўрады. Апроч таго, як было ўжо сказана вышэй, Ягайла меў абавязак прыняць каталіцтва і шырыць яго паміж ліцьвіноў. Беларускаму насяленьню была пакінена свабода быць усходня-хрысьціянскай веры.

Так адбылася першая вунія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчай. Гэтая вунія залежала ня толькі ад надворных прычынаў, але і ад прычынаў хатніх. Злучэньнем з Польшчай Літоўска-Беларускі ўрад жадаў ня толькі здабыць дапамогу ў барацьбе з суседзямі, але і пасіліць становішча велікакняскай улады ў маладым гаспадарстве.

Вунія 1386-га году разглядалася да нашага часу толькі, як вунія дынастычна-пэрсональная. Лічылася, што два гаспадарствы злучыліся адно з адным толькі праз асобу агульнага для абедзьвюх дзяржаваў монарха і яго наступнікаў, патомкаў; што вунія не мяняла юрыдычнага грунту другіх бакоў дзяржаўнага і грамадзянскага жыцьця. Такі пагляд немагчыма прызнаць справядлівым. Патрэбна ад’значыць, што юрыдычна, па тэксьце дагавору, вунія 1386 году была болш, чым дынастычна-пэрсанальнаю. Яна была, як-бы інкорпорацыяю дзяржавы Літоўска-Беларускай у каралеўства Польскае. Юрыдычна літоўска-беларускія землі на вечныыя часы прылучаліся да кароны польскай. Па дагавору з 1386-га году, як-бы зусім прыпынялася незалежнае і самастойнае істнаваньне вялікага княства, — і яно рабілася разам з Польшчаю адным палітычным дзяржаўным арганізмам. Не дарма пасьля вуніі ўсе літоўска-беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасьць кароне польскай і літоўска-беларускія баяры каталікі дасталі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў.

Так стаяла справа з юрыдычнага боку. Але фактычна далёка не заўсёды бывае тое, што пішацца ў юрыдычных ктах. Так было і тут. Вунія была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці. Праўда, ужо адчыняецца шлях для палітычнага польскага і рэлігійнага каталіцкага ўплыву, але фундамэнтальнай зьмены жыцьця адразу ня будзе. Літва і і Беларусь доўга яшчэ, аж да другой палавіны ХVІ-га стагодзьдзя, будуць жыць сваім асобным жыцьцём, баронячыся ад пачатага ўплыву. Кірунак жыцьця пасьля вуніі 1386 году астаецца той самы, які быў і да гэтага году. Пэрыяд Літоўска-Беларускай дзяржавы ў гісторыі Беларусі не перарываецца.

Калі мы паглядзім на далейшае дзяржаўна-палітычнае жыцьцё Літвы і Беларусі, то пабачым, што самастойнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году фактычна ня была згублена. За прыкладам ісьці далёка ня трэба, даволі пазнаёміцца па якім-нябудзь падручніку з кіраваньнем Вітаўта, каторы быў асобным вялікім князем Літвы і Беларусі (1392–1430), ня гледзячы на ўмову вуніі. Кіраваў ён зусім незалежна ад Ягайлы, а потым (у 1431 году) ад Уладыслава III, каралёў польскіх. І толькі інтрыгі з боку Польшчы не далі яму магчымасьці каранавацца і зрабіцца Літоўска-Беларускім каралём. Нямецкі імпэратар паслаў карону Вітаўту, але гэтая карона да яго не дайшла. Летапіс так запісвае гэтую падзею: „І ляхове, ня жычыўшы кароны Литве, карону ад их (паслоў імпэратара) тую адабраўшы і разсекшы яе наполы, приложыли ко короне бискупа краковскага, каторая ий цяпер пры замку і касьцёле сьв. Станислава ёсьць“.

І ў далейшыя часы мы бачым, што Літва і Беларусь маюць часта сваіх асобных вялікіх князёў, што йдзе напроць умоваў вуніі 1386 году. Ніжэйпаданая сінхроністычная табліца дасьць патрэбныя для нас прыклады, бо нам няма часу даволі добра выявіць гэтае пытаньне.

ЛІТВА і БЕЛАРУСЬ. ПОЛЬШЧА.
Вітаўт 1392–1430
Сьвідрыгайла 1430–1432
Ягайла Уладыслаў II
1386–1434
Жыгімонт I 1432–1440 Уладыслаў III 1434–1444
Казімер І у Ліцьве і Беларусі
1440–1492, да 1447 асобны ад
Польшчы Літоўска-Беларускі
гаспадар.
Казімер ІV у Польшчы

1447–1492

Аляксандар 1492–1506, да 1501
асобны ад Польшчы гаспадар.
Ян-Альбрэхт 1492–1501
Аляксандар 1501–1506
Жыгімонт II (у Ліцьве і Бела-
русі) Стары 1505–1548
Жыгімонт I (у Польшчы)
Стары 1506–1548
Жыгімонт III (у Ліцьве і Бела-
русі) Аўгуст 1548–1572
Жыгімонт II (у Польшчы)
Аўгуст 1548–1572

Як мы бачым з гэтай табліцы, толькі з цячэньнем часу Літва і Беларусь страчваюць сваіх асобных гаспадароў. Гэта паказвае, што вунія 1386 году толькі адчыніла шырэй дарогу да польскага ўплыву. Затым трэба адзначыць, што тыя асобы, якія былі літоўска-беларускімі гаспадарамі і польскімі каралямі, у першыя часы пасьля вуніі лічылі сябе больш літоўска-беларускімі гаспадарамі, чым польскімі каралямі. Гэты факт зразумелы, калі прыняць пад увагу палажэньне караля ў Польшчы, дзе шляхта ўжо пачала забіраць караля ў свае рукі. Літоўска-Беларускі настрой такіх польскіх каралёў магчыма бачыць, напрыклад, ў такім юрыдычным дагумэнце, як „Земскіе привилеі“ Казімера І (у Польшчы IV), аб каторых будзе слова далей. Толькі пад канец пэрыяду, калі пад польскім уплывам і пад уплывамі другіх прычын, умовы жыцьця зьмяніліся, агульныя дзяржаўцы Літвы, Беларусі і Польшчы пачалі інтарэсы Польшчы ставіць вышэй за інтарэсы Літвы і Беларусі. Такім гаспадаром быў, напрыклад, Жыгімонт III (у Польшчы II) Аўгуст, апошні з дому Ягайлавага.

Што жыцьцё дзяржавы Літоўска-Беларускай пасьля 1386 году ў асновах сваіх не зьмянілася фактычна, відаць яшчэ і з таго, што акты вуніі паміж дзьвюма дзяржавамі ўсё пішуцца і пішуцца. Паўтарэньне актаў гаворыць аб тым, што яны ня маюць сілы ў жыцьці. Калі-б акт 1386 году быў крэпкім рэальна, то ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на зьездах больш, чым дзесяць разоў. Мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася ў наступныя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1563, 1564, 1566 і 1567. Як мы бачым з пераліку гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва, падкрэсьліваецца ў 60-я гады 16-га стагодзьдзя. Насьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабуюць пэўнай, рэальнай вуніі. Галаўнейшай з гэтых прычын быў той польскі ўплыў, якому была адчынена брама ў Літву і Беларусь актам 1386 году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь націск з усходу, з Масквы. Гэты націск робіцца асабліва сільным якраз у 60-я гады 16-га, стагодзьдзя. Ратуючыся ад тэрору Івана Грознага, наша бацькаўшчына падпісала ўрэшце апошнію сваю вунію з Польшчай у горадзе Любліне ў 1569 годзе. Гэтая вунія скончыла незалежнае, самасойнае істнаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства.



Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да гаспадарства Маскоўскага.

Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго істнававьня ўзяла на сябе заданьне зьбіраньня заходняй часьці усходніх славянаў. У 13-м і ў першай палавіне 14-га стагодзьдзя ў гэтай справе яна ня мела супернікаў. З другой палавіны 14-га стагодзьдзя зьявіўся супернік. Гэта было народжанае ў пачатку 14-га стагодзьдзя Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці славянаў. І тая і другая дзяржавы, пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце спаткаліся ў канцы 14-га стагодзьдзя. З гэтага часу і пачнецца змаганьне паміж Літвой і Беларусьсю з аднаго боку і Масквою з другога боку.

Суперніцтва паміж дзяржавамі-зьбірацелямі пачалося праз жаданьне мець уплыў на Цьверскае княства. Войскі Альгерда два разы біліся з войскамі вядомага маскоўскага вялікага князя Дзьмітра Данскога. У першы раз ўзяў верх Альгерд, у другі раз Дзьмітра Данскі. Літва і Беларусь, занятыя ў гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі, прыпынілі пакуль што свой рух на ўсход. Зроблена была згода. У ад’знаку згоды Альгерд аддаў сваю дачку замуж за стрэчнага брата Дзьмітра — Уладзімера Андрэевіча.

Згода пры Вітаўце зноў прыпынілася. Паднялася спрэчка з Масквою за Ноўгарад і Смаленск. Толькі татары, узяўшыя верх над Літвою і Беларусьсю на берагох ракі Ворсклы, не далі магчымасьці Вітаўту пашырыць свой уплыў далёка на ўсход. Усё-ж такі і Ноўгарад і Смаленск павінны былі прызнаць сваю залежнасьць ад Вітаўта. У 1396 годзе Вітаўт і Васіль I Маскоўскі, зьехаўшыся на параду ў Смаленску, устанавілі мяжу Літоўска-Беларускага і Маскоўскага гаспадарства на рэчцы Угры. Для ўкрапленьня згоды дачка Вітаўта, Настасься была выдана замуж за Васіля I. У гэты час Літоўска-Беларуская дзяржава ўключае ў свой склад вялікі абшар усходня-славянскіх земляў. Налажыўшы ўсходнюю мяжу нашай дзяржавы на карту, напрыклад, Расейскай імпэрыі дарэвалюцыйнага часу, мы бачым, што ў склад падуладных Вітаўту земляў уваходзяць такія губэрні: Віленская, Горадзенская, Ковенская, Сувальская, Падольская, Валынская, Менская, Магілёўская, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Чарнігаўская, Кацярынаслаўская, Хереонская, Арлоўская, часткаю Калуская і Тульская. Літоўска-Беларуская дзяржава пашыралася далёка на ўсход, яе мяжа даходзіла да сучаснага нам гораду Мажайску, за 107 вёрст ад Масквы.

Масква гэтага часу яшчэ ня мае сілы. Вырасшцы з невялічкага удзельнага княства, яна шаг за шагам выбіваецца на першае месца сярод асобных удзельных княстваў. Хоць татары разьбіты на Кулікавым полі (1380 г.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым Маскоўскім гаспадарстве. Толькі пачынаючы з палавіны 15-га стагодзьдзя, ўмовы жыцьця Масквы хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскага ханства. Замест аднэй Залатой арды мы бачым некалькі ордаў, каторыя змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480 год прыносіць Маскоўскаму гаспадарству вызваленьне ад татарскай няволі. Усе дробныя удзельныя княствы ўжо страцілі сваю незалежнасьць і ўвайшлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. Вырасшая з невялічкага удзелу-вотчыны[1], Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і арганізацыю „вотчыны“ захоўвае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве „так, як некалі яго продкі калісь кіравалі у сваім удзеле „вотчыне“. Ен нават лічыць, што ўсе землі усходніх славянаў — ёсьць яго „вотчына“. „Вся Руская земля Божіею волею из старины наша вотчина“. Маскоўскі князь ужо забыўся, што з „старины“ яго „вотчинаю“ быў невялічкі маскоўскі удзел. І, пэўна, справа тут не ў старасьветчыне, а ў сіле. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую сілу і, апіраючыся на яе, лічыць сабе прадстаўніком і ўласьнікам „усяе Русі“. Стары тытул вялікага князя маскоўскага яго ўжо не здаваляе, — і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара Маскоўскага і „всея Руси“. Змаганьне за „вотчыну“ цягнецца блізка 150 гадоў. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, усочваюцца крывёю.

У 1491 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандар Ягайлавіч, — Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую „вотчыну“, якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ён паклікаў татарскага крымскага хана Мэнглі-Гірэя, для каторага Беларусь, хоць і ня была „вотчынаю“, але была мейсцам добрай нажывы. Пачаўся пагром нашае бацькаўшчыны з паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: цэннасьці разграбілі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі, аддаўшы Івану III горад Мсьціслаў. З граматы відаць, што абодвы гаспадары дакляраваліся дапамагаць і шанаваць адзін другога. Аляксандар Літоўска-Беларускі ў грамаце піша: „а хто мне вораг, то і я яму вораг. А хто будзе яму друг, то і мне друг, хто будзе яму вораг, то і мне вораг“. Каб згоду з Маскоўскім гаспадарствам зрабіць крэпкаю, Аляксандар заслаў сватоў да Іванавай дачкі Алены, з каторай потым і ажаніўся. Але і гэта згоды не зрабіла крэпкаю.

У аднэй з граматаў Аляксандар не назваў Івана III гаспадаром усяе Русі. Тады Іван III прыслаў Аляксандру „складную грамату“, абвяшчаўшую вайну. І вайна пачалася у 1500 годзе. Каманду над літоўска-беларускім войскам меў князь Канстантын Астроскі. У чэрвені вынікла, страшэнная збойства каля гораду Дарагабужа. Маскоўскім войскам камандаваў добры знавец ваеннай справы Даніла Холмскі. Каля 8 тысячаў народу загінула ў бойцы, літоўска-беларускія войскі былі разбіты, — і ваявода Астроскі папаў у Маскоўскі палон. Яшчэ 3 гады маскоўскія войскі руйнуюць Беларусь. Удзень неба чарнее дымам, а у ночы палае агнём пажараў. Ліецца чалавечая кроў, нішчыцца маемасьць. Хутко маскоўскае войска пачало галадаць у краі, каторы само зьнішчыла, і пачаліся перагаворы аб згодзе. У 1503-м годзе замірэньне было падпісана. Масква дастала Гомель і некалькі мест ў цяперашнім Рогачоўскім павеце. У час гэтага замірэньня, у 1506 годзе памерлі і цесьць і зяць.

Пасьля іх гаспадаравалі — на Ліцьве і Беларусі брат Аляксандра Жыгімонт ІI (Стары), а ў Маскве Васіль III, сын Івана III. У 1508 годзе перабег з Літвы ў Маскву воража настроены да Жыгімонта князь Глінскі. Ён падбіў Маскоўскага гаспадара на вайну з Жыгімонтам. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Жыгімонт з вялікім, сільным войскам выйшаў ім на спатканьне і пачаў гнаць на ўсход. Васіль III павінен быў прасіць згоды. Быў падпісаны „вечны мір“, па ўмове каторага Маскоўскі гаспадар павінен быў вызваліць князя Астроскага і другіх ваеннапалонных.

Вечнасьць згоды цягнулася вельмі нядоўга, ўсяго толькі 5 гадоў. У 1513 годзе зноў пачалася вайна. Адбываюцца вялікія бойкі пад Смаленскам і Оршаю. Пад Оршаю гетман Астроскі адзержаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю, як маскоўская ў два разы. Ад Оршы ён гнаў маскоўцаў аж да Дарагабушу. 30 тысячаў трупаў беларусоў, ліцьвіноў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую плошчу. Змаганьне бязупынна йдзе далей. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілёў, Орша, Рогачоў, Гомель, Віцебск, Смаленек і інш. руйнуюцца па некалькі разоў. Мы ўжо й ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчкаў было зруйнована, за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая народная праца, гіне. Разгараная зямля зарастае густым лесам. Жыхары бадзяюцца па лясох, хаваюцца там ад забойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачучы, што барацьбе няма канца-краю, кідаюць свае зруйнаваныя гнёзды, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украйну. А барацьба ўсё йдзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1535 і 1536-м гадох. І тая і другая старана змучаная змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 гадоў. Пры Івану ІV Грозным, ў 1561-м годзе, зноў пачынаецца так званая Лівонская вайна, каторая таксама адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Дорага каштавала гаротнаму беларускаму народу імпэрыялістычная думка Маскоўскіх гаспадароў-зьбірацялёў аб тым, што Беларусь ёсьць іх „вотчына“.



Культурная праца.

Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матэр’яльная і духоўная культура, над якой працавалі нашыя бацькі, ўсё-ж такі ў гэты час мы бачым развіцьцё, і дужа шырокае, беларускай культуры.

Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць сільнага культурнага руху. Культура пэрыяду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць яўна-выразны беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова навукі і культуры. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынены вуніяю 1386 году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа пакуль што змагацца з самабытнаю, узросшаю на добрым мясцовым грунце, беларускаю культураю. Архівы захоўваюць да нашага часу вялікае багацьце памяткаў беларускай культуры гэтага пэрыяду.

З гэтых памяткаў асабліва цікавы для нас юрыднчныя дакумэнты, каторыя найбольш сьведчаць аб вышыні культуры нашых продкаў. Мы тут назавём некаторыя з такіх дакумэнтаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдана грамата, вядомая пад назваю „Земскія прывілеі Казімера“. Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх земляў гаспадарства, ён напамінае нам сваім зьместам ангельскі акт ХIII стагодзьдзя, вялікую карту вольнасьцяў. Тут забясьпечваюцца правы, як асобы, так і маетнасьці князёў, баяр, служылай шляхты і нават, мяшчан. На аснове прывілеяў ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе, або па падазрэньні: раней ён павінен быць пацягнены да суду. Кожны нясе адказнасьць толькі за свае віны: жонка, напрыклад, не караецца за праступак свайго чалавека, бацька за праступак сына і г. д. Кожны мае права вольнага выхаду за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны права валаданьня і распараджэньня іх дзядзічнымі дворамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы пана над імі пашыраны. У зьвязку з гэтым яны высвабаджаюцца ад беспасярэдніх фінансава-матэряльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рэмонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан. Асобныя абавязкі наложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць межаў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых народнасьцяў займаць урадовыя пасады ў гаспадарсцьве і купляць зямлю. „У тых землях нашых, таго вялікага княства, зямель, гарадоў, мест, а з каторых кольвек урадаў і дзядзіцтв удзержаньня, або достойнасьцей, не мается даваті жаднаму чужаземцу, але толькі тубыльцом тых земель маем даваті мы і потомкі нашыя“. Гэтыя пункты, наложаныя на вялікага князя, маюць на ўвазе той факт, што гаспадар Літоўска-Беларускі ёсьць разам з тым і кароль Польскі. Яны ахоўваюць Літву і Беларусь ад палітычных і эканамічных жаданьняў Польшчы. Прывілеі, выданыя Казімерам I, ляглі, як грунт констытуцыі гаспадарства. Вялікі князь Аляксандар, наступнік Казімера, упісаў абавязкі, наложаныя на гаспадара, у сваю констытуцыйную карту. Далейшыя гаспадары гэтыя свае абавязкі пацьвярджалі. Прыймаючы пад увагу ўвесь зьмест вышэйпаданага юрыдычнага акту, мы павінны ад’значыць, што характар улады гаспадарства Літоўска-Беларускага быў непадобны да характару ўлады дзяржаўца Маскоўскага гаспадарства, дзе ў гэты час вырастала і ўкраплялася тое самаўладзтва, якое ня прыймала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў.

Праз 11 гадоў (1468) Казімер Ягайлавіч выдае другі дзяржаўны акт, таксама ў беларускай мове, вядомы пад назовам Статуту, або Судзебніка. Гэты Статут мае практычную мэту — даць дзяржаўным судзьдзям як-бы падручнік, кіраўніцтва для судатварэньня. Да гэтага часу вялізарная наша бацькаўшчына ня мела аднаго агульнага кодэксу і гэта шкодзіла справе суда ў гаспадарстве. Суд па асобных краінах тварыўся на аснове вуснага, звычаёвага права, каторае складалася з мясцовых звычаяў, прыгавораў больш популярных, вядомых судзьдзяў, — і далёка не заўсёды гэтыя матэр’ялы былі запісаны. Адсюль вынікалі, як непаразуменьні, так і злоўжываньні ў судовых справах. Парадзіўшыся на сойме ў Вільні з панамі і князямі, Казімер і выдаў вышэйпаказаны кодэкс для ўсяго гаспадарства. Поўным, зусім дагаджаючым усяму складу жыцьця, гэтага кодэксу прызнаць немагчыма. Ен амаль што выключна сабраў у сябе нормы ўгалоўнага права, у якіх адчувалася найвастрэйшая патрэба. Найбольш апрацаваны артыкулы аб забойстве і зладзействах. Хоць і мала, але ўсё-ж такі ёсьць у Статуце Казімера артыкулы, датычныя і грамадзянскага права. Так, напрыклад, тут закрануты пытаньні аб копных, межавых спрэчках паміж суседзямі, аб удзержаньні ў добрым стане шляхоў, мастоў, аб абароне лесу і г. д. Цікава ад’значыць, што ўжо ў той далёкі ад нас час Літоўска-Беларускі ўрад зразумеў ўсю карысьць зьездаў судных, на якіх магчыма выявіць паўней, яўней запутаныя судовыя пытаньні. Судзебнік Казімера ўспамінае аб зьездных судох. Трэба таксама ад’значыць, што кодэкс 1468 году і ў тэрміналёгіі і ў зьмесьце многіх артыкулаў вельмі падобны да старакіеўскага зборніка „Рускай Праўды“. Гэтыя старыя традыцыі ў зборніку літоўска-беларускім захоўваліся нават больш, чым у зборніках маскоўскай дзяржавы. Першы пасьля „Рускай Праўды“ зборнік у Маскве зьявіўся пры Іване III, калі з ростам гаспадарства, зложанага з розных земляў, вырасла патрэба і ў аднастайных законах. Іван III даручыў працу над кодэксам дзяку Гусеву. Калі кодыфікацыя была зроблена, Іван з баярскаю Думаю разгледзелі працу і зацьвердзілі яе ў 1497 годзе. Гэта нам дакладна даводзіць, што першы зборнік у Літоўска-Беларускім гаспадарсцьве выйшаў раней, як зборнік ў Маскоўскім гаспадарсцьве на 29 гадоў. Маскоўскае законадаўства гэтага часу падлягло ўплыву мангольскіх нораваў, што значна зацямняе даўнейшую традыцыю гуманнай „Русскай Праўды“. Што датычыць да поўнасьці зборнікаў, то і зборнік маскоўскі таксама немагчыма прызнаць вычэрпваючым і поўным. У яго зьмест уваходзяць амаль-што выключна формы судатворства і артыкулы аб судавых пошлінах.

Праз другую палавіну ХV і першую чверць ХVІ стагодзьдзя Статут Казімера перарабляецца, дапаўняецца новымі граматамі і пастановамі, пакуль не вырастае ў шырокі поўны кодэкс законаў Літоўска-Беларускай дзяржавы. Як такі, ён вядомы пад назовам „Статут Вялікага Княства Літоўскага“. Першы раз ён выданы ў 1529 годзе ў часы кіраваняня Жыгімонта I Казіміравіча Старога. Тут беларускае права, як угалоўнае, так і грамадзкае знайшло сваю поўную выразнасьць. Ёсьць тры рэдакцыі Літоўскага Статуту. Першая, самая поўная, выдана, як мы казалі, у 1529 годзе. Дзьве другія рэдакцыі выданы ў 1566 і ў 1588 гадох. Закрапіўшы ў сваім зьмесьце старажытныя „рускія“ асновы права, Статуты аднак-жа не маглі ад’значыць і новых формаў жыцьця, бо і формы чалавечага жыцьця, як і факты, маюць сваю эволюцыю. Першы Статут, як зьявіўшыся найраней, дае нам права ў найменш закранутым эвалюцыяй выглядзе. Што датычыць другога і трэцяга Статуту, то перамены жыцьця і польскі ўплыў ужо налажылі на іх зьмест сваю пячатку. Захоўваючы ў сваім зьмесьце старыя формы ўгалоўнага і грамадзянскага права, яны ад’значаюць ужо новыя формы права дзяржаўнага, ад’значаюць і новы соцыяльны строй польскага пэрыяду беларускай гісторыі, увесь прасякнуты панскімі, шляхоцкімі паглядамі і тэндэнцыямі.

Ня гледзячы на тое, што трэцяя рэдакцыя Статуту была выдана пасьля Люблінскай вуніі, калі Літва і Беларусь страцілі сваю палітычную і культурную незалежнасьць, Літоўскі Статут ува ўсіх трох рэдакцыях надрукованы ў беларускай мове, каторая была ў той час ня „мужыцкай“ мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай. Што гэта так, можна бачыць з ніжэйпаданага выпісу з Статуту: „Пісар земскі маеть поруску, літэрамі і словы рускімі, все лісты, выпісы і позвы пісалі, а не іншым езыком і словы“.

Аб высокасьці культуры Літоўска-Беларускай дзяржавы сьведчыць вялікае разьвіцьцё беларускага друку. Мы ведаем, што калі Заходняя Эўропа перажыла малакультурныя часы сярэдніх вякоў і пачала сваю новую гістарычную працу, то першай справай культуры, якая нібы праснулася, было адкрыцьцё друку, а друк адкрыў для культуры шлях у шырокія колы грамадзянства. У 1445 годзе Ян Гутэнбэрг у Нюрэнбэргу надрукаваў нямецкую Біблію. Так, праз 28 гадоў зьявілася ў Кракаве (1483 г.) першая друкованая беларуская кніга — Цьветная Трыодь, а праз 8 гадоў яшчэ (1492)[2] таксама ў Кракаве, другая кніга Актоіх. Друкованая беларуская біблія зьявілася ў 1517 годзе. Раней за яе выйшлі з друку толькі нямецкая біблія (1445 г.) і чэская біблія (1488 г.)[3]. Што датычыць да Масквы, то там першая друкованая руская кніга, Апостал, зьявілася толькі ў 1573 годзе, на 60 гадоў пазьней за першую друкованую беларускую кнігу. Вельмі рана зьяўляюцца і беларускія друкарні. У Кракаве беларуская друкарня пачала працаваць у 1483 годзе, польская на 22 гады пазьней, у 1505 годзе; у Вільні беларуская друкарня істнуе з 1525 году, а польская з 1576 году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563 году, на 80 гадоў пазьней за беларускую друкарню. Да усіх гэтых цыфраў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

}Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара, Францішка-Юрыя Скарыны. Ён быў родам, як сам казаў, „з слаўнага горада Полацку“ з заможнай гандлярскай фаміліі. У 1506 годзе ён скончыў кракаўскі унівэрсытэт па філёзофскім факультэце. Не здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з ўнівэрсытэтаў у Падуі, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, дастаўшы ступень доктара. На нейкі час ён задзержаўся ў Празе і тут пачаў сваю чыннасьць па перакладу на беларускую мову і па выданьню кнігаў. Каля 1525 году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, дзе займаўся тою самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а таксама і стара царкоўна-славянская мова ня могуць здаволіць шырокіх колаў грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі-б напісаны ў простай, штодзеннай размоўнай мове. Вось Скарына і прыняўся за пераклад кнігаў сьвятога пісаньня і кнігаў набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён ахвяраваў „людзям простым паспалітым“. Скарынам былі ператлумачаны і выданы: біблія, канонік, псалтыр ды малая падарожная кніжка. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны з пагляду культуры, трэба ад’значыць каштоўнасьць гэтай працы і з боку хараства. Усе кнігі выданы вельмі прыгожа. Шрыфт яго выданьняў непадобен на другія славянскія шрыфты яго часу. Яўна, што шрыфт быў зроблены па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была — лёгка чытана, але і затым, каб яна здаволіла чытача і з боку хараства. Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, усе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінка і лісьцьці, і краскі, і зьвяры. Ёсьць тут і герб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На бібліі намалёван і партрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згружаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамілійныя гербы тых мэцэнатаў, якія рабілі матэр’яльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер магчыма спаткаць у вёсцы нашай бацькаўшчыны.

Пісьменства ў беларускай мове асабліва пашырылася з палавіны ХV стагодзьдзя. Праўда, вышэйшыя станы гаспадарства ўжо пачалі вучыцца лацінскай і польскай моваў, але сярэднія станы (сярэдняя і дробная шляхта, мяшчане), і ніжэйшы стан пішуць, чытаюць і гавораць выключна толькі ў роднай мове. У грамадзянстве істнуе вялікае запатрэбаваньне на беларускую кнігу. Каб здаволіць гэтую кніжную патрэбу, істнуе шмат друкарняў. Друкарні раскідаліся па ўсей Беларусі, па вялікіх і малых гарадох. Мы можам назваць друкарні ў такіх мястах, як — Вільня, Полацак, Менск, Магілёў, Несьвіж, Любча, Заслаў, Слуцак, Пінск, Заблудава, Супрасьль, Еўе і г.д. Кніжная праца ідзе жвавым шагам.

У пачатку ХVІ стагодзьдзя на Захадзе паўстаў рэформацыйны рух. Хутка ён перакінуўся і на Беларусь. На Беларусі пачалі пашырацца лютэранства, кальвінізм, антытрынітарства, арыянства, соцыянізм і другія рэлігійныя навукі рэформацыі. Рух Рэформацыі абудзіў і тут, як і на Захадзе культурна-нацыянальныя пытаньні. Яны падняліся, як у нас, так і ў Польшчы. У Польшчы зьявіўся гурток так званых рэформістых, каторыя, паміж іншым, паднялі пытаньне аб нацыянальнай царкве з набажэнствам у польскай мове. З такіх рэформістых мы павінны назваць, напр., Маджаеўскага і Асалінскага. У Беларусі ідэі рэформізму праводзілі ў жыцьцё Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Цяпінскі ператлумачыў на беларускую мову Эвангельле. У прадмове да свайго Эвангельля ён бядуе аб тым, што некаторыя з беларусаў „у польскія школы, або ў іншыя сябе і дзеці свае без встыду заправуюць“. Трэба ўсё-ж такі ад’значыць, што і ў Польшчы, і ў Беларусі рэформацыя не зрабілася нацыянальнай справай, як напрыклад, у немцаў, швайцарцаў і другіх народаў. У нас ня было сваіх Лютараў і Кальвінаў. Ня спусьцілася рэформацыя ў Беларусі ў народныя нізы, не абурыла соцыяльных пытаньняў і не дала, як у Нямеччыне, абаронца мужычых правоў — Тамаша Мюнцара. Рэформацыя стала, як-бы рэлігійнай фрондай. Знатныя фаміліі прыймалі лютэранства і кальвінізм, як нешта новае, цікавае. Асабліва пашырыўся кальвінізм. Такія, напрыклад, беларускія арыстократычныя фаміліі, як Радзівілы, Зяновічы, Валовічы, Кішкі, Глябовічы, і інш., сталі хутка кальвіністымі. За імі цягнуліся і дробныя людзі. Але ўсё гэта ня было грунтоўнай, важкай справай. Як толькі настала потым рэакцыя і пачаўся сільны польска-каталіцкі ўплыў, усе яны зрабіліся шчырымі палякамі і пакорнымі сынамі каталіцкага касьцёлу.



Соцыяльны склад грамадзянства.

Грамадзяне Полаччыны складалі наагул, дзьве соцыяльныя клясы. З аднаго боку стаялі лепшыя людзі, прадстаўнікі гандлёвага, прамысловага і зямельнага капіталу. З другога боку стаялі меншыя людзі, прадстаўнікі працы. Гэтыя дзьве клясы ня былі яшчэ яўна азначанымі станамі і злучаліся паміж сабою прамежнымі групамі, але ўсё-ж такі ў аснове кожнага з гэтых двох станаў быў як-бы нейкі асяродак. Валасныя князі са сваімі дружынамі стаялі асобна ад гэтых клясаў і, гледзячы па ўмовах жыцьця, станавіліся на бок ці тае, ці другое клясы. Пэўна, Беларусь не магла застанавіцца на гэтых формах соцыяльнага жыцьця. Ідзе новая формацыя станаў пад ўплывам эканамічна-палітычнага разьвіцьця гаспадарства і пад уплывам, праўда, пакуль што невялікім, Польшчы.

Тыя войны, якія гаспадарству трэба было вясьці, раней з Немцамі, потым з Маскоўскім гаспадарствам, павялічылі лік і важнасьць князя і яго дружыны. Дружыньнікі за сваю вайсковую службу дастаюць, як пэнсію, зямлю, — і робяцца такім спосабам земляўласьнікамі. Гэты факт збліжае іх з лепшымі людзьмі Полаччыны. Баяры, служылы элемэнт людзей лепшых, таксама пачынаюць гуртавацца з быўшымі дружыньнікамі. Будуецца агульны служылы стан, каторы потым убярэ ў свой склад амаль-што ня ўсіх лепшых людзей. Сюды не ўвайшлі прадстаўнікі чыста гандлёвага капіталу, каторыя злажылі асобную клясу. У служылы стан увайшла, у пачатку пэрыяду, частка лепшых людзей. Гэта былі тыя вясковыя земляробы, каторыя нясьлі вайсковую службу ці ў князя, ці ў баяраў. Склаўся такім спосабам вялікі служылы стан земляўласьнікаў, прадстаўнікі каторага ў першай палавіне пэрыяду называліся баярамі і зямянамі. У Полацкай Русі назоў баярына мелі толькі вярхі вышэйшае клясы, але з цячэньнем часу гэты тытул панізіўся і пад баярынам сталі разумець дробнага, служылага чалавека. У другой палавіне пэрыяду для служылага стану знайшоў пашырэньне тэрмін „шляхецтва, шляхта“, прышоўшы на Беларусь з Польшчы. Шляхта паступова даставала ўсё большыя і большыя правы. Літоўска-Беларускія гаспадары, ужо пачынаючы з Ягайлы, давалі шляхэцтву прывілеі. Найраней гэтае кляса выдзяліла з свайго складу асобную раду паноў, сэнат, каторая мела права кантролю над гаспадаром. У палавіне ХV стагодзьдзя шляхта вызвалілася ад усялякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якія яна сама згодзіцца. Гаспадары, калі мелі патрэбу ў грошах, павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх дастаць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы шляхты, на каторых абгаварваліся ня толькі грашовыя пытаньні, але і палітычныя. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, лятуцеўся як мага адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў яшчэ больш усільваў шляхту. Фэодалізм, прышоўшы з Захаду праз Польшчу, прынёс ім правы заходняга рыцарства. Гэтыя „вольныя, добрыя, хрысьціянскія правы, як у кароне польскай“ нясуць злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.

Горад Полацкай Русі быў цэнтрам, да яго цягнула вёска. Веча гораду мела ўплыў на жыцьцё прылягаючай да яго тэрыторыі. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, частка лепшых людзей гораду ўвайшла ў склад шляхоцкага стану. У мяшчанскім стане асталіся гандляры, прыказчыкі, рамесьнікі і земляробы гарадзкога району. Вёска аддзялілася ад гораду, а горад ад вёскі. Горад заняўся будоўляй не агульна валаснога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася, дзякуючы пашырэньню ў Беларусі нямецкага Майдэборскага права, каторае прышло сюды праз Польшчу[4]. Вечы, асабліва ў першыя часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць не да воласьці, а толькі да места. Толькі на поўдні гаспадарства доўга дзяржаўся старажытны звычай. Тут веча зьбірае на свае сходы ня толькі жыхароў гораду, але і жыхароў ваколіцы, вясковае сялянства. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчанска-сялянскае самакіраваньне: старшыні, абраныя вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж жыхарамі абавязковыя работы, чыняць суд па ўсіх справах. Але і на поўдні, з цячэньнем часу, у гарадох пачынаюць уводзіцца новыя парадкі і звычаі, згуртаваныя на нормах Майдэборскага права. Сутнасьць яго была гэткая. Гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечваліся за мешчанскаю грамадою права суду над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў і г.д. За гэтыя правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленыя налогі. Літоўска-Беларускім гаспадаром, каторыя часта мелі брак ў грошах, было карысна выдаваць такія граматы. З другога боку дараваьне права было карысна і для гарадоў. Яны, дзякуючы граматам, вызваляліся ад часта нежаданага ўплыву на жыцьцё гораду ўрадовых прадстаўнікоў і іх уціску. Часта, на падставе грамат, гораду давалася ня толькі права суду, але і права самакіраваньня. Горад адгараджваўся ад вёскі, мяшчане выдзяляліся ад служылай шляхты і ад сялянства, гуртуючыся ў асобную соцыяльную клясу, у асобны стан. Гандляры разьбіваліся на гілды, ці на сотні, рамесьнікі на цэхі, — і горад пачынаў жыць добра вядомым нам жыцьцём заходняга гораду. Не дарма гэтае права называлася нямецкім.

Вольнае вясковае сялянства Полацкай Русі таксама ў гэты пэрыяд павінна было перажыць некаторыя перамены. Яшчэ і раней адчувала яно на сабе цяжкую руку капіталіста-земляўласьніка, пападаючы ў эканамічную ад яго залежнасьць. Гэтая залежнасьць з цячэньнем часу пасілялася, і вольны селянін траціў сваю волю. Потым, калі фармаваўся служылы стан, гаспадары давалі прадстаўніком яго, замест пэнсіі, зямлю, каторая была выраблена і заселена сялянамі. Селянін, у такім выпадку, ужо ня быў юрыдычным, а толькі фактычным уласьнікам свайго кавалачка зямлі, бо права юрыдычнай уласнасьці адыходзіла да служылага чалавека. На гэтага юрыдычнага гаспадара селянін ужо павінен быў рабіць асобныя аплаты і выпаўняць павіннасьці. Яны ня былі цяжкімі ў старажытныя часы. Юрыдычны ўласьнік баяўся, што вольны селянін пяройдзе на зямлю другога ўласьніка, ці на зямлю, незанятую зусім, ратуючыся ад цяжкасьці жыцьця. З першай палавіны ХV стагодзьдзя ўжо пачынаецца ўціск над вольным селянінам. Служылая кляса і праўдамі і няпраўдамі пачынае змагацца з правам селяніна на вольны выхад. Гэтае змаганьне прывяло да таго, што лік вольных сялян усё зьмяншаецца; селянін усё болыш і больш прывязваецца да зямлі, служылы шляхціч ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьцяў ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць развязвае шляхцічу рукі і пасіляе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыяд гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціча ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косьць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыяд прадстаўнікоў дзьвёх пародаў людзей: белай і чорнай косьці.


  1. Пабеларуску — бацькаўшчыны, дзядзіны.

    Рэд.

  2. Аб гэтых гадох ідзе яшчэ спрэчка.

    Рэд.

  3. Гэта трэба лічыць абмылкай, зусім пэўнай.

    Рэд.

  4. Гэтае пытаньне яшчэ як належыць не дасльеджана.

    Рэд.