Кастусь Каліноўскі (Перцаў, 1954)

Кастусь Каліноўскі (Да 90-годдзя з дня пакарання смерцю)
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Перцаў
1954 год
Крыніца: Літаратура і мастацтва. 1954. 20 сакавіка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да ліку слаўных імён, якімі заслужана ганарыцца беларускі народ, адносіцца імя сялянскага рэволюцыянера 60-х гадоў XIX стагоддзя Кастусь Каліноўскі. У час польскага паўстання 1863 года ён узначальваў сялянскія масы, якія змагаліся супраць памешчыцкага землеўладання, і быў выказнікам ідэй рэволюцыйнай дэмакратыі свайго часу. Усё сваё кароткае 26-гадовае жыццё ён прысвяціў барацьбе за задавальненне сялянскіх патрабаванняў — зямлі і волі, і загінуў у няроўнай барацьбе з царызмам і памешчыкамі, пакінуўшы яркую памяць аб сабе сярод беларускага народа.

Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 годзе ў сям’і шляхціча Гродзенскай губерні. У 1856 годзе ён паступіў на юрыдычны факультэт Пецербургскага універсітэта, які скончыў у 1860 годзе, атрымаўшы званне кандыдата праў. У Пецербургу Каліноўскі знаходзіўся сярод перадавой рускай моладзі і тут сфармаваліся яго погляды. Ён пазнаёміўся з ідэямі вялікіх рускіх рэволюцыйных дэмакратаў — Белінскага, Чэрнышэўскага, Дабралюбава і Герцэна. Ад іх ён пераняў глыбокае перакананне, што сяляне даб'юцца свабоды і зямлі не ад цара і не шляхам рэформы, а шляхам народнага паўстання. Яму прыходзілася сустракацца і з некаторымі членамі рускіх рэволюцыйных гурткоў таго часу (тайнага таварыства «Вялікарус», таварыства «Зямля і воля», гуртка «Маладая Расія»), а таксама і з дзеячамі польскага паўстання, якое ў той час рыхтавалася. Між іншым, ён сустракаўся і з сябрам Чэрнышэўскага — афіцэрам генеральнага штаба Серакоўскім.

Пасля сканчэння універсітэта Кастусь Каліноўскі пераехаў на радзіму — ў Беларусь — і стаў займацца рэволюцыйнай агітацыяй сярод сялян. У хуткім часе яму прышлося ратавацца ад праследаванняў паліцыі. Ён стаў выдаваць (з 1862 года) нелегальную газету «Мужыцкая праўда» на беларускай мове, у якой развіваў свае рэволюцыйна-дэмакратычныя погляды і выказваў свае адносіны да польскага паўстання. Услед за Герцэнам, Каліноўскі звязваў паспяховае вырашэнне польскага пытання з перамогай рэволюцыйна-дэмакратычнага руху і лічыў, што вызваленне Польшчы павінна быць звязана з задавальненнем сялянскіх патрабаванняў зямлі і волі. У гэтых адносінах ён рэзка разыходзіўся з польскімі нацыяналістамі (нават і з так званымі «чырвонымі»), якія хацелі надаць польскаму паўстанню галоўным чынам нацыянальны характар і абапіраліся пераважна на нацыяналістычна настроенае шляхецтва.

Яшчэ да пачатку ўзброенага паўстання ў Польшчы Кастусь Каліноўскі ўступіў у так званы Літоўскі правінцыяльны камітэт (чэрвень 1862 г.), які рыхтаваў паўстанне на Беларусі і ў Літве. Калі-ж у студзені 1863 года пачалося паўстанне супраць царскага ўрада ў Польшчы, Каліноўскі сустрэў яго спачувальна. Аднак ён пераацэньваў дэмакратычныя сілы польскага нацыянальна-вызваленчага руху і памылкова лічыў, што гэты рух пойдзе па шляху задавальнення патрабаванняў сялянскіх мас.

Але варшаўскае кіраўніцтва паўстаннем (Цэнтральны нацыянальны камітэт) не думала аб перадачы сялянам памешчыцкай зямлі і наогул баялася шырокага разгортвання сялянскага руху. Між тым, у Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Каліноўскага сялянскі рух у лютым — маі 1863 года набываў усё больш шырокія памеры. 8-га красавіка Энгельс пісаў Марксу, што «літоўскі рух (у склад літоўскіх губерняў уваходзіла тады і Беларусь. — В. П.) цяпер самы важны таму што... у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне» (К. Маркс і Ф. Энгельс. Творы, том 23, стар. 142).

У Варшаву пачалі паступаць даносы на Каліноўскага, у якіх указвалася, што «Літоўскі правінцыяльны камітэт не падпарадкуецца Варшаўскаму цэнтру, распальвае барацьбу паміж сялянамі і памешчыкамі і што на чале гэтага сялянскага руху стаіць «крайні чырвоны» Кастусь Каліноўскі. Пад уплывам гэтых даносаў варшаўскае кіраўніцтва распусціла Літоўскі правінцыяльны камітэт і накіравала Каліноўскага на работу ў Гродзенскую губерню.

Але і ў Гродзенскай губерні Каліноўскі разгарнуў кіпучую дзейнасць. Ён фарміраваў атрады паўстанцаў з сялян і заклікаў сялян не выконваць павіннасцей на карысць памешчыкаў і не ўносіць падаткаў у царскую казну. Сярод сялян распаўсюджвалася выдаваемая Каліноўскім «Мужыцкая праўда», якая нястомна заклікала сялян да ўзброенага паўстання.

Сялянскі рух у Беларусі пашыраўся і выходзіў за межы Гродзенскай губерні, прычым кіруючая роля ў ім канчаткова перайшла ў рукі Каліноўскага. У чэрвені 1863 года ў Вільні стварыўся падпольны рэволюцыйны ўрад пад назвай «Літоўска-Беларускі чырвоны жонд», у якім галоўная роля належала Каліноўскаму. Адзін жандарскі афіцэр у сваім даносе начальству пісаў, што з лета 1863 года Каліноўскі «ўзяў на сябе абавязкі галоўнага кіраўніка мяцежу ў краі, выдаючы ад імя польскага жонда адозвы і распараджэнні, даючы намінацыі (прызначэнні. — В.П.) начальнікам шаек» і г. д. Не лічачыся з варшаўскім кіраўніцтвам, Каліноўскі заклікаў сялян браць у свае рукі зямлю і волю, не выконваць патрабаванняў царскага ўрада і памешчыкаў і не спадзявацда на дапамогу з заграніцы (ў той час Англія і Францыя ў мэтах аслаблення рускага ўрада заігрывалі з польскімі паўстанцамі).

Аднак, нягледзячы на ўсю энергію паўстанцаў, сілы іх як у Беларусі, так і ў Полышчы сталі слабець. Сялянскае паўстанне ў Беларусі зазнала тую-ж долю, што і ўсе сялянскія паўстанні, якімі не кіраваў пролетарыят. У той час ні ў Беларусі, ні ў Польшчы, ні нават у Расіі пролетарыята, як магутнага, арганізавагага класа, яшчэ не існавала. Да таго-ж польскі рэволюцыйны ўрад не хацеў і не ўмеў абапірацца на сялян, не жадаў ператвараць нацыянальна-вызваленчы рух, накіраваны супраць царскага ўрада, у шырокае сялянскае паўстанне і па-ранейшаму разлічваў, галоўным чынам, на дапамогу шляхецкіх элементаў і на дыпламатычнае ўмяшальніцтва Англіі і Францыі. Гэтым ён падрыхтаваў сваю ўласную пагібель і разгром польскіх атрадаў паўстанцаў царскімі войскамі.

У выніку ўсяго гэтага і польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне і сялянскі рэволюцыйны рух у Беларусі і Літве былі задушаны. Многа смелых і стойкіх удзельнікаў сялянскага руху загінула ў баях або былі пакараны смерцю. На эшафоце загінулі блізкія сябры і супрацоўнікі Каліноўскага — Серакоўсві, Мацкевіч, Далеўскі, Зверждоўскі і іншыя. Нямногім удалося ўцячы за граніцу (ў тым ліку будучым генералам Парыжскай Комуны 1871 года — Дамброўскаму і Врублеўскаму).

Царскі ўрад бязлітасна распраўляўся з паўстанцамі. Многія вёскі ў Беларусі, жыхары якіх прымалі ўдзел у паўстанні або дапамагалі чым-небудзь паўстанцам, былі спалены, а маёмасць асоб, замешаных у паўстанні, канфісвавана. Асобныя атрады паўстанцаў дзейнічалі яшчэ на працягу 1864 года; але гэта былі толькі апошнія выбухі яўна асуджанага на пагібель рэволюцыйнага руху.

Хутка надыйшла чарга і для Каліноўскага. Ён доўгі час хаваўся на прыватных кватэрах, але аго выдаў — з мэтай змякчэння свайго лёсу — адзін з арыштаваных удзельнікаў паўстання (Парфіяновіч). Увесь квартал, дзе жыў Каліноўскі, быў акружаны паліцыяй. Каліноўскага арыштавалі і аддалі ваеннаму суду. На допытах ён трымаў сябе мужна, адкрыта прызнаў, што быў галоўным кіраўніком сялянскага паўстання ў Беларусі і Літве і нікога з сваіх памочнікаў не выдаў. Ён быў прыгавораны да пакарання смерцю і 10 (22) сакавіка 1864 года павешаны ў Вільні. Калі на эшафоце пры чытанні прыгавору яго назвалі «дваранін Канстанцін Каліноўскі», ён крыкнуў: «У нас няма дваран. У нас усе роўныя», — падкрэсліваючы гэтым сваю нянавісць да саслоўных прывілей.

Каліноўскі жыў і дзейнічаў як сялянскі рэволюцыянер, які засвоіў перадавыя ідэі рускіх рэволюцыйных дэмакратаў. Пазней беларускія буржуазныя нацыяналісты імкнуліся вытлумачыць барацьбу Каліноўскага супраць царскага ўрада як барацьбу супраць рускага народа і зрабіць з яго прыхільніка адрыву Беларусі ад Расіі. Але ў сапраўднасці, як відаць з паказанняў Каліноўскага Віленскай следчай камісіі, ён змагаўся толькі з царскім урадам, а не з рускім народам і верыў, што вызваленая ад самадзяржаўнага і памешчыцкага прыгнёту Расія дасць свабоду і беларускаму народу. Таму погляды Каліноўскага па нацыянальнаму пытанню былі сугучныя даўнім імкненням беларускага народа - уз'еднацца з вялікім рускім народам.

Вось чаму памяць аб Кастусю Каліноўскім, як аб бясстрашным змагары супраць царскага рэжыму і ўлады памешчыкаў над сялянамі, як аб непахісным рэволюцыянеры-дэмакраце, шануецца і захоўваецца ў беларускім народзе.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.