Кацярына (Шаўчэнка/Купала)/III
← II | Кацярына III Аўтар: Тарас Шаўчэнка Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html |
IV → |
Крычаць совы, спіць дуброва,
Зорачкі зіяюць;
Па-над шляхам чарадою
Начніцы гуляюць.
Людзі добрыя паснулі;
Што каго ўтаміла:
Каго — шчасце, каго — слёзы,
Ночка ўсіх пакрыла,
Ўсіх цямненькая пакрыла,
Як дзетачак маці;
Дзе ж Катрусю прыгарнула:
Ці ў лесе, ці ў хаце?
Ці на полі пад капою
Сына забаўляе,
Ці ў дуброве з-пад калоды
Ваўка выглядае?
Бадай жа вас, чорны бровы,
Нікому не меці,
Чым за вас бяду такую
Самахоць цярпеці!
А што йшчэ далей сустрэне?
Будзе ліха, будзе!
Сустрэнецца пясок жоўты
І чужыя людзі;
Сустрэнецца зіма, сцюжа…
А той — ці спаткае,
Ці пазнае Кацярыну,
Сына прывітае?
З ім забыла б чарнабрыва
Шляхі, пяскі, гора:
Ён, як маці, прывітае,
Як брат, загавора…
Будзем бачыць, а пакуль што
Адпачыну троху,
Ды тым часам распытаю
На Маскву дарогу.
Ой, далёкі шлях, браточкі!
Знаю яго, знаю!
Ажно сэрца ледзянее,
Як успамінаю.
І я калісь папамераў, —
Каб яго не мераць!..
Расказаў бы я пра гэта,
Але ці ж павераць?
«Хлусіць, — скажуць, — такі-гэткі!
(Ведама, не ў вочы),
А так толькі псуе мову
Ды людзей мароча».
Праўда ваша, праўда, людзі!
Нашто ж тое знаці,
Што слязамі перад вамі
Буду выліваці?
Нашто яно? У кожнага
Ці ж свайго не хваце?..
Ану яго!.. А тым часам
Крэсіва лепш дайце
Ды табакі, каб, як кажуць,
З гора не журыцца.
А то гаварыць аб ліху —
Бяда йшчэ прысніцца!
Няхай яе ліха возьме!
Лепей памяркую,
Дзе мая ўжо Кацярына
З Іванкам вандруе.
За Кіевам ды за Днепрам,
Па-над цёмным гаем,
Чумачэнькі ідуць шляхам,
Пугача спяваюць.
Ідзе шляхам маладзіца,
Неіначай з прошчы.
Чаго ж смутная такая,
Заплаканы вочы?
На плячах звісае клумак,
Латана апратка,
У руцэ кій, на другой жа —
Заснула дзіцятка.
Сустрэлася з чумакамі,
Дзіцё закрывае.
«Ці ў Маскоўшчыну шлях гэты?» —
Чумакоў пытае.
«У Маскоўшчыну? Гэты самы.
Далёка, нябога? »
«У Маскву аж! Майце літасць,
Дайце на дарогу!»
Бярэ грош і аж трасецца:
Цяжка яго браці!..
Дый нашто ёй?.. А дзіцятка?
Яна ж яго маці!..
Заплакала, пайшла шляхам,
У Броварах спачыла,
Ды сыночку за мядзяк той
Перніка купіла.
Доўга, доўга сіраціна
Ішла ды пытала;
Было й гэтак, што пад тынам
З сынам начавала…
Бач, нашто здаліся кары вачаняты:
Каб пад чужым тынам слёзы выліваць!
Вось жа пазважайце й кайцеся, дзяўчаты,
Каб не давялося маскаля шукаць,
Каб не давялося, як Кася шукае…
Тады не пытайце, за што людзі лаюць,
За што не пускаюць ў хату начаваць.
Не пытайце, чарнабрыўкі,
Бо людзі не знаюць;
Каго Бог караць захоча,
То й яны караюць…
Людзі гнуцца, нібы лозы,
Куды вецер вее;
Сіраціне сонца свеціць
(Свеціць, ды не грэе) —
Людзі сонца б заступілі,
Калі б мелі сілу,
Сіраце каб не свяціла
І слёз не сушыла.
А завошта, Божа мілы?
За што светам нудзіць?
Што яна людзям зрабіла,
Чаго хочуць людзі?
Каб плакала!.. Маё сэрца!
Не плач, Кацярына,
Не паказвай людзям слёзы,
Цярпі да загіну!
А каб твар не марнаваўся
З чорнымі брывамі, —
Да ўсход сонца ў цёмным лесе
Умыйся слязамі.
Умыешся — не пабачаць
І не засмяюцца;
А сэрцайка адпачыне,
Пакуль слёзы льюцца.
Вось жа як пагана, бачыце, дзяўчаты!
Жартуючы кінуў Катрусю маскаль.
Нядоля не бачыць, з кім ёй строіць жарты,
А людзі хоць бачаць, ды людзям не жаль.
«Няхай, — кажуць, — гіне лядача дзяўчына,
Калі ўжо не ўмела сябе шанаваць!»
Шануйцеся ж, любкі! У благую часіну
Каб не давялося маскаля шукаць!
Дзе ж Катруся блудзіць?
Пад тынамі начавала,
Раненька ўставала,
У Маскоўшчыну паспяшала;
Аж бух — зіма стала.
Свішча полем завіруха;
Ідзе Кацярына
У лапцях — цяжкое гора! —
Вецер рве хусціну.
Кацярына йдзе, дыбае;
Глядзіць — штось віднее…
Маскалікі йдуць, здаецца…
Ой жа! Сэрца млее…
Паглядзела, іх сустрэла:
«Ці няма, — пытае, —
Чарнявага майго Йвана?»
Тыя ж: «Мы не знаем».
І, як маскалі звычайна,
Смяюцца, жартуюць:
«Ай да баба! Ай да наши!
Кого не надуют!»
Паглядзела Кацярына:
«І вы, бачу, людзі!
Не плач, сынку, маё гора!
Што будзе, то й будзе.
Пайду далей — больш хадзіла.
А можа, й спаткаю;
Аддам цябе, мой галубе,
А згіну сама я».
Раве, стогне завіруха,
Коціць, верне полем;
Стаіць Кася сярод поля,
Дала слёзам волю.
Утамілася завея,
Там-сям пазяхае;
Яшчэ б плакала Катруся,
Ды слёз больш не мае.
Паўзіралася на дзіця:
Ўмытае слязою,
Чырванее, нібы кветка
Ўранку пад расою.
Ўсміхнулася Кацярына,
А ва ўсмешцы — мукі:
Каля сэрца скрабянула
Чорная гадзюка.
Вокал моўчкі паглядзела;
Бачыць — лес чарнее,
А пад лесам, край дарогі,
Як бы дом віднее.
«Хадзем, сыне! Змяркаецца…
Ў хату пусцяць, можа,
А не пусцяць, то і ў полі
Начаваці зможам.
Пад хатаю заначуем,
Сыне мой Іване!
Дзе ж ты будзеш начаваці,
Як мяне не стане?
З сабакамі, мой сыночку,
Дзялі сваё гора!
Сабакі хоць пакусаюць,
Ды не загавораць,
Не раскажуць, смеючыся…
З сабакамі жыці…
Бедна ж мая галовачка!
Ой, што мне рабіці?»
Сірата-сабака мае сваю долю,
І добрае слова ў свеце сірата;
Яго б'юць і лаюць, куюць у няволю,
І ніхто пра матку не стане пытаць.
А Янку спытаюць, зарання пацешаць,
Не дадуць да мовы дзіцяці дажыць.
На каго сабакі на вуліцы брэшуць?
Хто голы, галодны пад тынам сядзіць?
Абібок, гультай хто, як не байстручаты?!
Адна яго доля — чорны вачаняты,
З зайздрасці й тых людзі не даюць насіць.